Кіскі Тамары Маславай

0

Адну яна трымае ў сваёй кватэры, а семярых бяздомных катоў і кошак рознай масці даглядае ля свайго пад’езду ў доме № 11 па вуліцы Парыжскай Камуны. Тамара Дзмітрыеўна іх не збірала — яны самі згуртаваліся з навакольных «хрушчовак» тут, вакол дабразычлівай пенсіянеркі, што выходзіць раніцай і пад вечар да іх у яркім, чорным з аранжавымі расфарбоўкамі, халаце, каб накарміць сваіх гадаванцаў. Купляе ў магазіне за свае грошы з небагатай пенсіі каўбасу-крывянку, нарэзвае яе дробнымі долькамі ў пластмасавую даўгаватую кармушку — каб кожны з катоў мог даступіцца. А яшчэ — вітамінную падкормку ў цэлафанавых пакеціках. Кожны раз выносіць і малако, налівае ў пласцікавую талерачку.
Да яе першым прыбягае самы малады з гэтага гурту коцік, у якога на спінцы чырванеюць раны ад пакусу ці то бадзячых сабак, што заглядваюць у гэты двор, ці мо ад насілля падлеткаў. Ад шчодрага кармлення коцік хутка пайшоў у рост, ды і раны сталі загойвацца — усё ж вітаміны ідуць на карысць як лекі.
Нярэдка да гэтай «сямёркі» пад вечар падыходзіць дваровая сучка Сабіна. Яна не канфліктуе з катамі, заглядвае ў твар бабулі Тамары — і тая падкідвае ёй свежай крывянкі.
На пытанне, дзе ж начуюць яе гадаванцы, Тамара Дзмітрыеўна адказала:
— У падвале дому, на трубах вадзянога ацяплення. Каты адпужваюць там не толькі мышэй, а і пацукоў. У нейкай меры яны сталі санітарамі.
Спрадвеку ў вёсках у кожным доме трымалі ката, дзеці з калыскі льнулі да яго, каб пагладзіць па цёплай шэрстцы, патрымаць на каленях. А зімой, калі дзецям добра спіцца на печы пад завыванне ў коміне начной мяцеліцы, прыемна слухаць у сябе пад бокам ціхае мурлыканне коціка, што прытуліўся побач.
У гарадах сёння мала хто з маладых сем’яў трымае ў кварэры ката — ён патрабуе не толькі выдаткаў на корм, выгулу ў двор, а і звычайнай ласкі, якой нярэдка ў дарослых не хапае і для сваіх дзяцей. Сябруюць з катамі адзінокія пенсіянеры і пенсіянеркі, вядома, не ўсе.

Міхась Залескі

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии