Як случчанін стаў Францыскам Скарынай

0

Рэжысёр Слуцкага Палаца моладзі Валерый Гурыновіч стаў адной з галоўных асоб свята беларускай пісьменнасці, якое адбылося ў Барысаве 7 верасня.

Ён увасобіўся ў беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыну, і дзякуючы касцюму старажытнага шляхціча, знешнему падабенству і акторскаму майстэрству, людзі ўспрымалі яго як гістарычнага персанажа, які на машыне часу перанёсся ў сённяшні дзень.
«За пяцьдзесят гадоў на сцэне я ніколі не адчуваў такога захаплення і задавальнення ад сваёй прафесіі, як на плошчы ў Барысаве. Сотні людзей падыходзілі да мяне і прасілі сфатаграфавацца з імі. Калі б я з кожнага жадаючага зрабіць са мной фотаздымак браў грошы, напэўна, я б азалаціўся, але ж не даў мне Бог удатнасці купецкай, — пажартаваў у размове з карэспандэнтам „Кур'ера“ Валерый Гурыновіч. — Першымі павіталіся са мной як з Францыскам Скарынай дзяўчаты з Полацка. Я толькі пераапрануўся ў касцюм нашага славутага першадрукара і асветніка і выйшаў з Барысаўскага Палаца культуры, як неўзабаве стаў цэнтрам увагі жыхароў і гасцей горада. У кавярні да мяне падыйшлі мясцовыя спадары, якія выбачаліся за тое, што не валодаюць беларускай мовай».
Разам з рэжысёрам Гурыновічам на свята беларускага пісьменства прыехалі Вольга Шуманіна, Алена Амбражэвіч і Жанна Сенюк, артысткі Палаца моладзі. Калектыў падрыхтаваў для гледачоў тэатральную імпрэзу пра жыццё Францыска Скарыны.
На пляцоўках Барысава выступілі яшчэ два калектывы Слуцкага Палаца культуры — народны ансамбль танца «Кордэс» і ансамбль цыганскай песні «Эльпіс».
У горадзе майстроў арганізавалі выставу-продаж твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва салігорскія педкаледж, цэнтр дзіцячай творчасці, САШ № 9 з мастацкім ухілам, майстры Раіса Раманеня і Нікалай Пратасеня, Слуцкі прафесійна-тэхнічны каледж перапрацоўчай прамысловасці.
Як адзначалі ў размове з нашым фотакарэспандэнтам барысаўчане, саламяныя вырабы і кераміка салігорскіх умельцаў карысталіся попытам па прычыне сваёй арыгінальнасці і невысокага кошту.
Наступны дзень беларускага пісьменства пройдзе ў наступным годзе на Гарадзеншчыне ў Смаргоні.

Реклама

Аддзел навін

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии