Сярэбраны посах

0

Гістарычныя каштоўнасці нашага краю
У ліку каштоўнасцяў Слуцкага Троіцкага манастыра, на які разам з рукапісным Евангеллем Юрыя Алелькавіча і сярэбранай чашай-пацірам у свой час звярталі ўвагу даследчыкі, быў посах архімандрыта, падораны ў 1580 годзе князем Юрыем Юр’евічам. У 1920-я гады разам з Евангеллем і пацірам ён трапіў у Мінск у збор Дзяржаўнага музея і разам з імі прапаў у час Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля перамяшчэння асноўных манастырскіх каштоўнасцяў у ХІХ стагоддзі ў Мінск згаданыя вышэй Евангелле, посах і пацір, на якіх меліся падарункавыя надпісы, засталіся ў Слуцку. У 1889 годзе гэтыя прадметы экспанаваліся на Маскоўскай археалагічнай выставе. Пра Евангелле размова вялася ў мінулым выпуску «МІС», а сёння звернем увагу на сярэбраны посах, які быў дасканалым творам майстроў ювелірнай справы, а таксама ўяўляў сабою цікавую гістарычную рэліквію.

Реклама

Узор умельства
Хаця нам невядома дакладна, калі быў зроблены згаданы посах, можна думаць, што адбылося гэта незадоўга ад выгравіраванай на ім даце дарэння -1580 год. Гісторыя не захавала і імёнаў майстроў, але (ускосных сведчанняў таму дастаткова) з ўпэўненасцю можна гаварыць, што гэта была справа мясцовых умельцаў. У Слуцку здаўна апрацоўвалі металы як чорныя, так і каляровыя. У літаратурных крыніцах знойдзем упамінанні пра напрастольныя сярэбраныя крыжы, металічныя абклады кніг, упрыгожаныя шатамі і каронамі абразы, якія меліся ў слуцкіх храмах і манастырах. Быў у свой час наладжаны выраб царкоўнага посуду з волава і серабра. Дзейнічалі майстэрні, дзе адліваліся званы і гарматы. Па сілам мясцовым умельцам было зрабіць і такі посах.
Уручэнне царкоўнаму іерарху посаха ад свецкага ўладара з’явілася сведчаннем падтрымкі ім архімандрыта і яго справы. Што такія падарункі, азначаўшыя не толькі павагу але і духоўную падтрымку, былі распаўсюджаны, сведчыць яшчэ адзін аналагічны прыклад — у дар і благаслаўленне слуцкаму архімандрыту ў 1611 годзе ад патрыярха Іерусалімскага быў падораны драўляны кіпарысавы посах, абкладзены перламутрам і панцырам чарапахі.

З гісторыі посахаў

Правобразам посаха з’яўляецца звычайны драўляны кій, які здаўна служыць падарожнікам. Як дадатковай апорай карыстаюцца ім і людзі сталага ўзросту. У сувязі з гэтым можна прыгадаць вядомую загадку пра жыццё чалавека, у адказе на якую ўпамінаецца кій: «Хто раніцай трымаецца на чатырох апорах, днём на дзвюх, а ўвечары на трох?»
У традыцыйных грамадствах павагай і аўтарытэтам карысталіся людзі паважанага ўзросту, бо з’яўляліся носьбітамі жыццёвага вопыту. Яны ўзначальвалі абшчыну, ад чаго пайшла назва кіраўніка — старэйшына. Старэйшыны, як правіла, хадзілі з кіямі, якія сталі не толькі прыкметай старасці, але і атрымалі значэнне сімвала верхавенства, мудрасці, уладарніцтва. З часам для кіраўніка галоўным стаў не ўзрост, а досвед, а кій (посах) у якасьці прыкметы ўлады застаўся. У паданнях і казках знойдзем чароўныя посахі (напрыклад, посах Дзеда Мароза, якім ён мог ажывіць або замарозіць любога), ім нярэдка надавалася магічная сіла. З рускай гісторыі вядома пра цара Івана ІV, які сваім посахам не толькі сцябаў баяраў, а аднойчы адлупцаваў снаху, а свайму сыну, які кінуўся на абарону жонкі, моцна стукнуў па галаве. Удар аказаўся смяротным, і гэта трагічная падзея ўрэшце аказалася значнай для лёсу краіны — прывяла да сканчэння роду Рурыкавічаў на рускім прастоле, а апошняе ў сваю чаргу стала прычынай «рускай смуты».
У прадстаўнікоў свецкай улады посах трансфармаваўся ў скіпетр — невялікі дэкаратыўны кіёк, упрыгожаны геральдычнай дзяржаўнай сімволікай. Разам з дзяржавай і каронай ён стаў сімвалам улады каралёў і імператараў. У царкоўных іерархаў посахі засталіся ў выглядзе кія, на які можна абапірацца. Рабіліся яны з розных матэрыялаў, упрыгожваліся, асабліва ручка, каштоўнымі камянямі і металамі. Верх посаха ў католікаў атрымаў выгляд ручкі з аднаканцовым, скіраваным уніз закрутком. У праваслаўных посахі звычайна маюць двухканцовую ручку, якая можа мець выгляд скіраваных уверх сіметрычных дэкаратыўных закруткоў.

Сведчанні дакументаў
Дзе дзеўся слуцкі сярэбраны посах пасля 1941 года, невядома, таму зрабіць уяўленне аб ім цяпер можна толькі на падставе даўнейшых літаратурных крыніц і фотаздымкаў. На фотаздымку пачатку ХХ стагоддзя, які захоўваецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, бачым настаяцеля слуцкага манастыра на фоне разных царскіх варот прыдзела ў гонар святога мучаніка -дзіцяткі Гаўрыіла Слуцкага (Беластоцкага) з посахам князя Юрыя Алелькавіча ў правай руцэ. Здымак посаха разам са Слуцкім Евангеллем і пацірам прыводзіцца ў кнізе Ф. Серна-Салаўевіча «Древнерусский город Слуцк и его святыни». Добрыя здымкі зрабіў у 1904 годзе польскі мастак і даследчык Юзаф Смалінскі, яны цяпер захоўваюцца ў Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук. Па апісаннях і фотаздымках вядома, што гэта адліты з чыстага серабра посах (патрыца) даўжынёй 157,5 сантыметраў. Ён быў разборны, складаўся з чатырох частак, месцы злучэння іх вызначаліся сферападобнымі дэкаратыўнымі формамі. Завяршаўся прыгожай ручкай: пасярэдзіне стылізаваная кветачка, а бакавыя адгалінаванні закручваюцца ўверх у выглядзе дэкаратыўных галінак з галовамі фантастычных істот на канцы. Шырыня верхняй часткі (ручкі) — 19,5 сантыметраў. Уздоўж дзяржальні па спіралі быў зроблены надпіс славянскімі літарамі: «Юрій Юріевичъ Олелько Княжя Слуцкое (1580 г.) до светое Тройце-Архімандріи Слуцкое для вечное памети и богомолля благочестія светого».

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии