Ці будуць вяселлі ў Малінаўцы

0

Даўно выношваў задумку наведацца ў гэтую вёску, куды мяне часта запрашаў знаёмы дачнік, жыхар Слуцка, пенсіянер Міхаіл Мікалаевіч Казак. Былы салігорскі шахцёр, з дзяцінства яе любіць. Любоўю не толькі ўспамінамі - дзелавой, «заквашанай» нялёгкай працай на зямлі.

Прыгарадным аўтобусам даехаў да вёскі за нейкіх дваццаць хвілінаў. І хоць ішоў нудны дождж з рання, Міхаіл Мікалаевіч чакаў мяне на прыпынку з веласіпедам і прызнаўся, што ўжо паспеў з’ездзіць у не блізкі лес — пашукаць грыбоў. Мокры ўвесь, але вясёлы, бадзёры!
Яго дачны дом з вялікімі вокнамі, з трыма даволі ўтульнымі пакоямі, кухняй, з сялянскай печчу, стаіць пад густым шатром высокага, галіністага дуба мо ў тры абхваты, якому не меней двух соцен гадоў. Надзейная ахова ад бураў і маланак, у што верылі тутэйшыя жыхары.
У дворыку над уваходам у дом зялёны дах-паднавес з вінаградных лозаў, на іх звісаюць зялёныя гронкі, чакаецца нядрэнны збор. Летась Міхаіл Мікалаевіч са спелых гронак націснуў некалькі дзесяткаў літраў нядрэннага чырвонага віна, не горшага за магазіннае. Парадавала і тое, што з высачэнных трох ліпаў, узбоч дому з вуліцы, ён назбіраў ліпавага цвету, водар яго патыхнуў у твар чымсьці мядовым.
Сялянская апантанасць Міхаіла Мікалаевіча, якому ўжо семдзесят тры гады, праглядваецца на ўсёй сядзібе пад сорак сотак. На васьмі - зелянеюць радкі ўходжанай бульбы, на чатырох — даспявае азімая пшаніца. Нідзе не ўбачыш і каліўца пустазелля — ўсё дагледжана ўручную. Другі год вырошчвае кавуны, летась саспелі не горш, чым астраханскія і памерам былі роўныя ім! І сёлета лапушацца ў агародзе ўзыходы гэтых кавуноў. Па краю сядзібы шчыльна тусуюцца маліннікі, кусты парэчкі. Колішні гаспадар пакінуў штук шэсць пладаносных яблыняў, ігруш, нават грэцкага арэху. З колішняй бацькавай сядзібы ў недалёкай вёсцы Невязцы, дзе хата струхнела па старасці, Міхаіл Мікалаевіч прывёз і высадзіў тут саджанцы бэры слуцкай, некалькі яблынек, слівовых і абрыкосавых дрэўцаў. А яшчэ сорак шэсць грэцкіх арэхаў закапаў сёлетняй вясной — далі добрыя ўзыходы толькі адзінаццаць, але і гэта карысць — можна будзе лішнія прадаць.
Там, у Невязцах, ён у агародзе высадзіў 350 каліў капусты, дванаццаць радкоў цыбулі, шэсць — морквы, кожны метраў па дзесяць у даўжыню. Ездзіць туды з Малінаўкі на веласіпедзе ці матаролеры — у залежнасці ад надвор’я. Там у яго таксама добры збор ягад. Сабраў і здаў у Слуцк на нарыхтоўчы пункт каля ста кілаграмаў маліны, парэчкі, смародзіны. Усё ж выручка нейкая, пры яго не шыкоўнай пенсіі, нядрэнны давесак.
На маё пытанне, навошта яму у яго гады разрывацца на два «франты», хапіла б і аднаго, Міхаіл Мікалаевіч па-сялянску трапна адказаў:
— Зямля не павінна пуставаць. Тут у вёсцы ёсць агароды пры пустых хатах заросшыя быльняком — не даходзяць рукі ў людзей.
Памочнікаў у яго ні тут, ні ў горадзе няма. Жонка даўно памерла, дзве дачкі, замужнія, жывуць ва Украіне. Калі ў страшным 1937 годзе па даносу нейкага стукача ў Слуцкай турме расстралялі яго маці, а бацьку ўслед выслалі на Калыму, асірацела аж шасцёра дзяцей. Мішку тады было няпоўных два гадкі, ён з бацькам сустрэўся толькі ў гады вайны, зведаў горкі смак сірочага нялёгкага хлеба.
… Успомніўшы вядомы фільм «Свадьба в Малиновке», мне захацелася даведацца, ці спраўляюць вяселлі ў гэтай Малінаўцы, вёсцы на 36 двароў, дзе пражывае 27 пенсіянераў і дзесятка тры дарослых сяльчанаў. Міхаіл Мікалаевіч параіў зайсці да суседкі, 78-гадовай Антаніны Адамаўны Валетка.
— Вяселлі спраўляюць дзеці, унукі, але ў горадзе, у рэстаранах, кафэ, бо збіраецца вялікае застолле радні і гасцей. Клуба ж у вёсцы няма. Калі я выходзіла замуж пасля вайны, то на вяселлі нашым з мужам іграла на гармоніку жанчына з Чыжоўкі. І калі мы аддавалі замуж дачок Раісу і Галю, жанілі сына Валеру, то таксама дома спраўлялі. А цяпер маладых тут і няма, у гарады падаліся.
І ўсё ж ёсць надзея, што і Малінаўка не падзеліць лёс выміраючых вёсак. Летась на сродкі сельгаскааператыву «Знамя» на ўездзе ў вёску ад шашы Слуцкая ПМК-225 узвяла 12 катэджаў, разлічаных на маладых падсяленцаў, таму жыллё з гарадскімі выгодамі - з ваннай, санвузлом, чатырма жылымі пакоямі, кухняй, ацяпленнем з падагрэвам вады ад катла на цвёрдым паліве. Вада ў дом падаецца з прабуранай паблізу скважыны. Узводзілі жыллё будаўнікі наспех, таму пры засяленні ўладальнікі яго выявілі шмат недаробкаў і пагрэшнасцяў, на выпраўленне якіх праўленне гаспадаркі выдзяліла па 500 тысяч рублёў. У крайнім, непадалёку ад сядзібы Міхаіла Казака, катэджы жыве маладая сям’я — Валерый і Анжэла Монінцы, з двума дачушкамі, старэйшая ўжо ў другі клас пойдзе. Прыехалі з Украіны, з Івана-Франкоўскай вобласці, там пасля скасавання калгасаў не стала работы. Тут гаспадар працуе пастухом над дойным статкам у 215 галоў на цэнтральнай сядзібе. Вахта — кругласутачная, на пашы, суткі там, суткі дома. Едзіць на вахту на сваім легкавіку, сем кіламетраў. Жонка пакуль без работы. У доме два тэлевізары, магнітафон, на покуці ў зале — ікона Божай Маці. Адчуваецца, яны задаволены сваім выбарам.
У астатніх катэджах палавіна падсяленцаў - з мясцовых жыхароў маладога і сярэдняга ўзросту. Таму ёсць надзея, што будуць вяселлі ў Малінаўцы!

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии