Безваротнае былое

0

Родны край! Ты заўсёды ў маім сэрцы. Няхай і далячынь ад цябе, але думкамі я з табой. Усё люба, усё дорага мне на зямлі маіх продкаў.
Успаміны дзяцінства вострыя і жывучыя. Я і да гэтага часу вельмі добра помню сядзібу дзеда Сямёна і бабы Аўдолі. Сюды, засмучаныя і ўзрадаваныя, пакрыўджаныя і суцешаныя, заўсёды вярталіся мае продкі. Ішлі пехатою — паслухмяна, даючы ім дарогу, рыпелі весніцы. Ехалі на кані - шырока расчыняліся вароты, запрашаючы ў двор, ці сані, ці плуг, ці воз дроў, ці воз сена. Дзед быў добрым майстрам па дрэву, шаўцом, амаль уся збруя ў калгасе зроблена яго рукамі. Звычайна перад Семухай (Тройцай) ужо ў суботу мылі і шаравалі падлогу, падмяталі падворкі. Покуць і вокны прыбіралі свежымі, адбеленымі ручнікамі і набожнікамі. Ложкі засцілаліся сваёй работы, з вясёлкавымі пералівамі, посцілкамі. Столь уквечвалі галінкамі клёну, ліпы, бярозы, а падлогу — сцябламі аеру. Веснічкі і ганак — таксама ў зялёнай аздобе. Уся гэтая ўкраса называецца «май».
Для нас, вясковых свавольнікаў, было найвялікшай радасцю дыбаць дамоў з поўнымі бярэмямі пахучага зялёнага вецця. Перад гэтым святам рабілі па некалькі рэйсаў у лясок і невялікую рачулку па зеляніну, якая набрала ўжо моцы. Кожны стараўся набраць сабе лепшага вецця — «маю».
У суботу яшчэ завідна мы ўпрыгожвалі хату. Прыходзілася мне дапамагаць у гэтай цікавай справе і бабулі. Гэтая юная і безклапотная зеляніна весела трымцела галінкамі, не ведаючы, мабыць, што красавацца і жыць ім тут давядзецца нядоўга — тыдзень пераліваючыся на сонцы.
… Помню, як на Тройцу ў дзедаву хату прыходзіла і прыязджала шматлікая радня.
… Бачу твары дзядзькаў, цётак, стрыечных братоў і сясцёр. Усе віншавалі дзеда, бабу і адзін аднаго. У полудзень садзіліся на габляваныя доўгія лаўкі за доўгі стол. Застолле пачыналася. І ніхто ў хаце не браў за сталом лыжкі, пакуль не возьме дзед Сямён і баба Аўдоля, пакуль не скажуць: «Ну, з Богам!». Мусіць, бабуля, мая маці і цётка Люба памаліліся перад трапезай, бо іншыя сыны і дочкі, зяці, нявесткі працавалі настаўнікамі, урачамі…
А нам, унукам, бабуля давала цукеркі, пранікі і гарбузікі. У нас была свая бяседа і гулянка ў двары і ў садзе. Але мы заўсёды чакалі, калі за сталом заспяваюць. Песні змяняліся: то вясёлыя, то жалобныя, то працяжныя. Іх спявалі ўсе. Звычайна запявалам быў дзядзька Адам. Ён іграў на мандаліне ці балалайцы. Песні вырываліся з хаты, плылі да лугоў, да поля і вярталіся назад, гучалі як акорд летняга дня і вечара.
Праз гады я чую яе, гэтую песню, і мне кожны раз здаецца, што гэта спявае сама зямля, сам сад. Праз гады бачу, як нястомна нагінаюцца і ўвіхаюцца да гэтай зямлі мае продкі. Мінула паўстагоддзя, а ўсё здаецца, што і сёння плыве і гучыць іх голас у хаце, у палявой цішыні, у садзе.
Ёсць свае карані ў кожнага з нас, і ўваходзяць яны ў глыбіню стагоддзяў. Не заўсёды лёгка іх адшукаць, дакапацца да іх. Не ва ўсіх продкі чым-небудзь вызначыліся, праславіліся. У большасці гэта былі звычайныя, простыя людзі, якія аралі, сеялі, жалі, даглядалі жывёлу, гадавалі дзяцей, паставілі на ногі, лячылі людзей і вучылі дзяцей. Жылі ціха, малапрыкметна. Так і паміралі. Тое, што трэба было перадаць дзецям, чаму навучыць, здаецца, перадалі і навучылі. А яны няхай перададуць, што палічаць патрэбным, сваім дзецям, навучаць, каб тыя таксама перадалі тое, навучылі іншых. Адно пакаленне людзей прыходзіць, пражывае свае гады, пратупвае адмераныя невядома кім кіламетры і адыходзіць. На змену нараджаецца новае пакаленне. І так бясконца і вечна.

Міхась Масюк

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии