Віншавальная паштоўка

0

Мой горад Салігорск рыхтуецца сустрэць пяцідзесяцігадовы юбілей. З гэтай нагоды атрымаў віншавальную паштоўку ад кіраўніцтва «Беларуськалія», падпісаную генеральным дырэктарам Андрэем Башура. Разгарнуў, прачытаў - нейкая струна ўспамінаў зазвінела ў душы.

«…За опыт Ваш, за Ваши знания — хвала, почет и честь». Гэтыя словы падзякі атрымалі многія. Аднак асабістая памяць падняла з дна забыцця шмат падзей станаўлення «Беларуськалія», да якіх меў непасрэднае дачыненне.
Першы раз у Салігорск прыехаў на пуск трэцяга калійнага камбіната ў асобе інжынера — наладчыка шахтных пад’ёмных машын. Працоўны ўздым у той час быў такім, што, бывала, суткамі не вярталіся з работы дамоў. Часам даводзілася вырашаць задачы з мноствам невядомых прычын адмоўнай работы машын. Вопытных спецыялістаў не было, а з мяне наладчык быў пачынаючы.
Першая такая загадка з’явілася вельмі скора. Як толькі навесілі канат скіпавой машыны, сталі яго абкатваць, па ім пабегла хваля адной састаўляючай прадкі. Канат новы, толькі з Валгаградскага завода, даўжынёй больш за 800 метраў - і адразу яго загналі ў брак. Чаму так здарылася? Пакуль прыйшоў з завода новы канат, прычыну адшукалі. Сёння слесары — наглядчыкі пад’ёмаў пра яе ведаюць і не дапусцяць псавання канатаў. А тады гэта была складаная задача, у вырашэнні якой была частка маіх доследаў і ведаў.
Пры наладачных работах скіпавой машыны на другім ствале вызначылася, што яе тармазы не адпавядаюць праектнаму заданню. Калі пра гэта сказаў галоўнаму механіку, той пасмяяўся. Але дабіўся дазволу з Масквы паслаць мяне ў доследна — праектны інстытут у горад Нова-Краматорск. Назад вярнуўся з пісьмом на дазвол правесці рэканструкцыю машыны. Гэтая рацпрапанова прынесла мне грошы на «Жыгулі» і павагу, як інжынеру — наладчыку.
Сушыльнае аддзяленне стрымлівала выкананне планаў. Разам з галоўным механікам рудаўпраўлення Аляксандрам Зіканавым правялі рэканструкцыю сістэмы дымаўдалення ў гэтым аддзяленні. Работа там значна палепшылася. Каб падтрымаць сушыльнае аддзяленне ў такім стане, дырэктар рудаўпраўлення Яўген Жэўжык залічыў мяне ў сушылку слесарам пятага разраду. На працягу многіх гадоў я абслугоўваў дымасосы і венцілятары, атрымліваў паралельна асноўнаму акладу яшчэ добры заробак слесара.
Удзел у будаўніцтве чацвёртага калійнага прымаў з першай пад’ёмнай машыны. З чатырох вентылятараў галоўнага праветрывання шахт два запусціць было даручана мне, а два другія — наладчыкам «Дальвостокзолото». Сваю работу я выканаў без асаблівых цяжкасцей. Прыезджым наладчыкам не пашанцавала: адзін вентылятар запусціць і здаць у эксплуатацыю яны не здолелі. Дырэкцыя «Беларуськалія» даручыла гэта зрабіць мне. Чаму грукае падшыпнік на крайняй апоры, высвятлілася пасля поўнай разборкі гэтага вузла. Прычына была ў няправільным выкананні пасадачнай шыйкі пад падшыпнік. Вал зрабілі на заводзе ў горадзе Нова-Краматорск у год пяцігодкі якасці. Прыйшлося абтачыць шыйку вала пад падшыпнік на месцы эксплуатацыі, для чаго спатрэбілася распрацаваць спецыяльнае прыстасаванне.
Гэтыя асобныя эпізоды з майго працоўнага жыцця інжынера — наладчыка прыпомніліся, калі прачытаў віншавальную паштоўку. Колькі было такіх наладчыкаў, рабочых, інжынераў, што прыўносілі сваёю працаю нешта карыснае! Сення ўжо новыя людзі рашаюць новыя задачы. Прачытаў паштоўку і заганарыўся. «В высоких наградах предприятия, его сегодняшних достижениях есть частица и Вашего достойного труда», — гэта і пра маю працу, пра каторую з гадамі я стаў забываць. Дзякуй, што не забылі.

Реклама

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии