Шэдэўры з дрэва

0

Гістарычныя каштоўнасці нашага краю
Сведчанні пра будаваныя ў даўнейшыя часы драўляныя слуцкія храмы можна знайсці ў архіўных крыніцах. Архітэктурныя асаблівасці некаторых храмаў дазваляюць паставіць іх у чараду выдатнейшых помнікаў дойлідства нашай краіны.

Апісанні слуцкіх храмаў у гістарычных крыніцах часам даволі сціплыя, напрыклад, пра некаторыя прыводзяцца толькі іх назвы. Таму заслугоўвае ўвагу любы больш-менш падрабязны запіс. Напрыклад, жыхар нашага горада пачатку ХVІІІ стагоддзя на старонцы рукапіснай кнігі занатаваў уражанне аб узведзеным на Замкавай горцы Успенскім саборы, адзначыўшы, што храм атрымаў цудоўны выгляд. Канкрэтнага ўяўлення на падставе такой характарыстыкі зрабіць немагчыма, але, калі прыняць да ўвагі, што іншых звестак не сустракаецца, то, безумоўна, яна заслугоўвае ўвагі, бо сведчыць пра неардынарнае аблічча галоўнай гарадской царквы.

Реклама

З гісторыі сабора
Гісторыя Слуцкага Успенскага сабора прасочваецца з ХV стагоддзя. Стаяў ён на паўднёвым баку Замкавай горкі. Адной з яго шануемых святынь быў цудатворны абраз Маці Божай. Каля правага кліраса тут быў пахаваны адзін з апошніх слуцкіх князёў Алелькавічаў - Юрый Юр’евіч (1559−1586). Драўляны храм не раз цярпеў ад пажараў і адбудоўваўся. Так здарылася і ў 1702 годзе, калі ў навальніцу ад маланкі загарэўся яго вышэйшы сярэдні купал. Будынак прышлося аднаўляць. Цытаваны вышэй аўтар, які аставіў запіс аб аднаўленні храма пасля пажару, дадае, што ў 1706 годзе ён быў амаль завершаны, у 1709 годзе заставалася толькі завяршыць капліцу над пахаваннем князя Юрыя Алелькавіча.
Цікавую інфармацыю аб Замкавай царкве даюць складзеныя на пачатку ХVІІІ стагоддзя нямецкімі картографамі планы Слуцка. Адзін зроблены Якубам Фойгтам у 1704 годзе і цяпер захоўваецца ў Пецярбургскай бібліятэцы Акадэміі навук. Другі, датуемы пачаткам ХVІІІ стагоддзя, знаходзіцца ў Саксонскай зямельнай бібліятэцы ў Дрэздэне. Нямецкае паходжанне планаў тлумачыцца тым, што Случчына, якая юрыдычна захоўвала форму ўдзельнага княства, напрыканцы ХVІІ стагоддзя ў выніку дынастычных сувязяў аказалася ўласнасцю жыхароў Германіі. Пасля смерці Людвікі-Караліны Радзівіл (1667−1695) да 1742 года краем кіраваў яе муж - нямецкі князь Карл Філіп Нойбургскі. Таму зразумела, чаму многія тагачасныя дакументы са Слуцка зроблены на нямецкай мове і іх можна адшукаць у нямецкіх архівах.
На планах на паўднёва-ўсходнім баку Верхняга замка паказаны выцягнуты ў даўжыню будынак. З усходу ён мае алтарны выступ, з супрацьлеглага — уваходны тамбур, а па кутах — фланкіруючы ўваход і апсіду, да яго далучаюцца чатыры прамавугольныя ў плане прыбудовы. Заўважым і іншыя прыбудовы, што сведчыць аб даволі складанай архітэктуры сабора. На абодвух планах выявы сабора ў дэталях адрозніваюцца, верагодна з-за таго, што адлюстроўваюць розныя этапы будаўніцтва.
Для грунтоўнай размовы пра выгляд сабора згаданых матэрыялаў таксама недастаткова. Нечаканую падказку ў гэтай справе могуць даць складзеныя рускімі картографамі планы Слуцка ХVІІІ - пачатку ХІХ стагоддзяў. Хаця Успенскага сабора на Замкавай горцы тады ўжо не было, тут заўважым амаль аналагічны сабору план езуіцкага касцёла ў Новым горадзе: такі ж прамавугольны ў плане аб’ём, да зрэзаных кутоў якога далучаюцца квадратныя прыбудовы — капліцы. Відавочна падабенства планаў праваслаўнага і каталіцкага храмаў, якія дарэчы і з’явіліся амаль адначасова, а гэта дае падставу выказаць меркаванне, што магло быць у іх падабенства і знешняе.

Езуіцкія касцёлы
У параўнанні з іншымі гарадамі, у Слуцку езуіты з’явіліся позна, напрыканцы ХVІІ стагоддзя. Езуіцкая місія, якая ў складзе трох манахаў пачала дзейнасць з 1693 года, у 1704 годзе была ператворана ў рэзідэнцыю, і ў Старым горадзе пачалося будаўніцтва драўлянага кляштара з касцёлам Святога Духа. Польскі даследчык Ежы Пашэнда датай узвядзення гэтага касцёла прыводзіць прыблізна 1720 год. Другі езуіцкі кляштарны комплекс з’явіўся ў Новым горадзе ў 1710 годзе, дзе на працягу 1710−1715 гадоў узводзіўся драўляны Троіцкі касцёл. Як бачым, з’яўленне Успенскага сабора і езуіцкіх касцёлаў раздзяляе невялікі прамежак часу, але праваслаўны храм быў узведзены раней.
Як вядома, езуітам дазвалялася адступаць ад некаторых патрабаванняў, абавязковых для манахаў іншых ордэнаў. Іх кляштары мелі больш адкрыты характар, фасадам храмы выходзілі на гарадскі пляц, не заўсёды прытрымліваючыся арыентацыі па восі ўсход-захад. Можна думаць, што ў сваёй дзейнасці ў Слуцку, асноўную масу жыхароў якога складалі не католікі, езуіты імкнуліся выкарыстоўваць формы, больш прывычныя месцічам. У гэтым можна бачыць прычыну пайменавання ў гонар святой Тройцы кляштара ў Новым горадзе — на ўзор старажытнага слуцкага праваслаўнага Троіцкага манастыра. Па той жа прычыне маглі яны і сваім слуцкім храмам прыдаць выгляд, падобны на ўжо існаваўшыя мясцовыя храмы, і ўзорам у першую чаргу мог паслужыць Успенскі сабор.
Даследчыкі адзначаюць, што слуцкія езуіцкія касцёлы мелі агульныя рысы: іх галоўны аб’ём (адзін у плане квадратны, другі - прамавугольны) завяршаўся магутным купалам, а да чатырох зрэзаных кутоў прымыкалі купальныя капліцы, што ўрэшце стварала кампазіцыю цэнтрычнага пяцікупальнага храма. У 1978 годзе Пашэнда апублікаваў працу, у якой прывёў адшуканыя ім план і разрэз слуцкага Троіцкага касцёла, зрабіў рэканструкцыю яго выгляду. Адзначаючы ўплыў праваслаўнага дойлідства на архітэктуру беларускіх драўляных цэнтрычных касцёлаў, даследчык гісторыі драўлянай архітэктуры Сяргей Сяргачоў адносна слуцкіх касцёлаў звяртае ўвагу на сувязь іх з архітэктурай мураваных беларускіх цэркваў ХVІ стагоддзя абарончага тыпу. Аднак узнікае пытанне: з якой нагоды ўзводзімыя ў Слуцку езуіцкія касцёлы за ўзор для падражання бралі праваслаўныя храмы ХVІ стагоддзя, якія, дарэчы, знаходзяцца далёка ад Слуцка? Мы можам зрабіць выснову, што хутчэй за ўсё за ўзор быў ўзяты слуцкі Успенскі сабор, які незадоўга перад тым быў завершаны. Наўрад ці каталіцкія храмы сталі дакладнай копіяй праваслаўнага, але падабенства агульнага выгляду магло быць.

Значэнне помнікаў
Такім чынам, можна не толькі выказаць меркаванне, але і сцвярджаць, што ўзведзены на пачатку ХVІІІ стагоддзя ў Слуцку Успенскі сабор атрымаў выгляд, нечым падобны беларускім мураваным цэрквам абарончага тыпу. Магчыма, гэта была інтэрпрэтацыя ў дрэве храма ў Супраслі (мястэчка каля Беластока ў Польшчы) або Сынкавічах (Гродзенская вобласць).
Хаця пытанне — што прымусіла дойлідаў звярнуцца да ўвасаблення менавіта такога тыпу храма — застаецца адкрытым. Дарэчы, у гісторыі беларускага дойлідства існаванне драўляных храмаў такога тыпу — з’ява ўнікальная, якая ставіць разглядаемыя слуцкія помнікі ў шэраг арыгінальных з’яў беларускай архітэктуры. Гісторык архітэктуры Тамара Габрусь у працы, прысвечанай асаблівасцям архітэктуры слуцкага езуіцкага Троіцкага касцёла, назвала яго «Цуд з дрэва». Па аналогіі з яе выказваннем, а таксама ўлічваючы дадзеную жыхаром Слуцка ХVІІІ стагоддзя характарыстыку сабора, якая і стала падставай дляразмовы, мы таксама можам назваць узведзены ў 1709 годзе на тэрыторыі Слуцкага Верхняга замка Успенскі сабор «Цудам з дрэва».
На жаль, прастаяў Успенскі сабор нядоўга. Пажар 1745 года стаў прычынай яго знікнення. Не захаваліся і касцёлы: Троіцкі быў знішчаны пажарам у 1804 годзе, Святадухаўскага не стала ў 1840.
З’яўленне гэтых храмаў прыходзіцца на цікавы перыяд гісторыі нашага краю, самі ж яны прадстаўляюць сабою цудоўныя, але, нажаль, страчаныя узоры беларускага драўлянага дойлідства.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии