А ці быў той самалёт

0

Прачытаўшы інфармацыю ў «Кур'еры» аб самай першай ахфяры Вялікай Айчыннай вайны ў Слуцку, надрукаванай у нумары за 3 ліпеня са слоў невядомага чытача Валерыя, я ўсё ж пазваніў жыхарцы горада, настаўніцы-пенсіянерцы Любові Аронаўне Бродкінай, якая перад вайной закончыла дзесяты клас 1-ай сярэдняй школы, і спытаў, ці чытала яна гэты нумар газеты і як ацэньвае тую інфармацыю.

«Я ж выпісваю «Кур'ер», — адказала Любоў Аронаўна. — Прачытаўшы заметку пра першую ахвяру вайны, падумала — штосці тут не так. Дзень 21 чэрвеня памятаю сонечным і ціхім, ні адзін самалёт не пралятаў над горадам. Пад вечар з сябрамі-аднакласнікамі пайшла ў гарадскі парк на танцы, там была пляцоўка, іграла музыка. Моладзі сабралася шмат, і калі б днём самалёт абстраляў людзей на вяселлі і забіў маладога хлопца, то вестка тая не ўтаілася б.
Пра пачатак вайны назаўтра, 22 чысла, я даведалася ад сяброўкі, якая пачула па радыё выступленне Молатава. Потым мы гуртам пайшлі ў сваю школу — выносіць у двор парты, таму як дырэктар сказаў, што ў будынку размесціцца шпіталь. Вечарам у нашым доме, а знаходзіўся ён на месцы, дзе зараз стаіць драўляны будынак былого ваенкамата па вуліцы Багдановіча, сабраліся мае сябры-аднакласнікі, каб адзначыць заканчэнне школы. Сядзелі да дванаццаці гадзін ночы. Пасля я пайшла праводзіць іх і пачула ў небе гул самалёта, недзе з боку вакзала сігануў у гару прамень пражэктара. А калі зайшла ў дом, то пачула ў тым напрамку моцны выбух. Назаўтра стала вядома ўсяму гораду, што паблізу нафтабазы, а размяшчалася яна за рынкам, направа ад шашы, калі ісці да вакзала, нямецкі самалёт скінуў бомбу, якая трапіла ў індывідуальны жылы дом і забіла вучня дзевятага ці дзесятага класа СШ№ 10.
Яшчэ адна даведка: самалёт Люфтвафэ «рама» быў франтавым разведчыкам, з дальнасцю палёту да цэлі не болей 200 кіламетраў. А Слуцк ад граніцы знаходзіўся тады на адлегласці звыш 300 кіламетраў - для «рамы» недасягальны. Вермахт не мог нічым раскрыць свой план «Барбароса» перад пачаткам вайны, усё трымалася ў сакрэце.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии