Пяруны білі часта па вёсцы Сярагі

0

Вёска Сярагі Слуцкага раёна ў саракавыя-пяцідзесятыя гады мінулага веку перажыла некалькі трагедый, якія наслала на яе неба.

Як успамінае жыхар горада, ветэран вайны Георгій Гусак, які вырас у той вёсцы, дзень 29 ліпеня 1943 года для яго маці Васы і чатырнаццацігадовай сястры Марыі, калі яны ў полі, паблізу вёскі, жалі сярпамі жыта, стаў апошнім у жыцці. Па палудню з усходу насунулася цёмна-сіняя, клубістая хмара, пачуліся частыя раскаты грому. Георгій, яму было шаснаццаць гадоў, паблізу складаў снапы ў «бабкі». Нечакана страшэнны па грымоце ўдар маланкі адкінуў яго ўбок, на зямлю. Калі ўстаў, то ўбачыў, што маці і сястра ляжаць счарнелыя і мёртвыя ад удару маланкі, якую нашы продкі называлі Перуном. Бацька Георгія, Рыгор Платонавіч, калгаснік, пражыў удаўцом сорак гадоў, вырасціў асірацелых, без маці, дзяцей. Памёр ён у 1983 годзе ў такі ж дзень, як жонка, — 29 ліпеня, па палудню.
Праз адзінаццаць гадоў, ужо ў жніўні 1954 года, у час моцнай навальніцы з усходу загінула ў адначассе пяць вяскоўцаў: дваюрадны брат Георгія Сяргей Бабінскі (яму было гадоў васемнаццаць), студэнты мінскіх вучылішчаў Міша Чуйка і Сяргей Шклярэўскі, вучань сёмага класа Іван Кулікоўскі і пяцідзесяцігадовы калгаснік, былы франтавік Грыгорый Шклярэўскі. Яны ўпяцярох хаваліся ад дажджу пад дахам канюшні. Пажылая жанчына Кацярына Пракаповіч, якая стаяла непадалёку і стала сведкай страшнай трагедыі, памерла адразу ад сардэчнага прыступу.
Усіх шасцярых хавалі ў адзін дзень. Праводзіць нябожчыкаў прыйшлі ўсе жыхары гэтай шматлюднай вёскі і нават людзі з суседніх вёсак, з горада.
Па ўспамінах Георгія Гусака, быў выпадак, калі ў час навальніцы шаравая маланка, памерам з гарбуз, «праплыла» над дахамі трох ці чатырох хатаў і ўзарвалася на ліпе, распаласаваўшы ёй ствол. Пазней у хату адной калгасніцы праз адчыненыя дзверы ўляцела другая шаравая маланка памерам з дзіцячы мячык, агарнула стаяўшую ў жаху жанчыну і вылецела праз адчыненае вакно, не прычыніўшы далей нікому шкоды.
Дарэчы, у той дзень, калі загінула пяць вяскоўцаў, ад чарговага ўдару маланкі загарэлася калгаснае гумно са збожжам і ўсё згарэла датла.
Пасля таго, як у вёсцы паставілі ў розных месцах, бліжэй да грамадскіх пабудоў, грамаадводы, трагічных выпадкаў пападання маланак у людзей не здаралася. І тым не менш факт гібелі ў адзін дзень ад маланкі пяцярых чалавек наводзіць на думку, што на месцы вёскі была ў тыя гады анамальная, прыцягальная для нябёсаў зона.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии