Прафесійнасць самадзейнасці

0

Лучнікоўскія «Слуцкія паясы» аднаўляюцца
На сённяшні дзень ансамбль «Слуцкія паясы» Лучнікоўскага цэнтра культуры (Слуцкі раён) вядзе арганізацыйную работу па аднаўленню складу ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Акцэнт зроблены на ўдзел у калектывах ансамбля перш за ўсё мясцовых жыхароў вёскі Лучнікі.

Аб гэтым у размове з карэспандэнтам газеты «Кур'ер» паведаміў Васіль Шусцікаў, мастацкі кіраўнік «Слуцкіх паясоў».
«Мы — калектыў самадзейны. Але ж самадзейнасць — слова, якое не зусім дакладна адлюстроўвае высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў ансамблю», — выказаў упэўненасць наш суразмоўца.
Тут сабраліся ў гурт спевакі і танцоры-аматары, а працуюць з імі прафесіяналы: з кожнай групай — інструментальнай, танцавальнай, вакальнай — асобныя.
Ансамблем народных інструментаў кіруе Васіль Шусцікаў, вакальным ансамблем — Марына Ульская, танцавальнай групай — Алена Рубчэня.
Дзесьці трэць песеннага і інструментальнага рэпертуару — творы, складзеныя мастацкім кіраўніком, які сам піша музыку і словы.
Танцавальны рэпертуар «Слуцкіх паясоў» арганічна спалучаецца з вясёлымі песнямі - народнымі, сучаснымі, лірычнымі, гумарыстычнымі.
Калі меркаваць па геаграфіі выступленняў ансамбля, то на агульным небасхіле мастацкай самадзейнасці Міншчыны «Слуцкія паясы» — жаданы і ганаровы ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх фестываляў, аглядаў мастацкай самадзейнасці, святак.
«Ёсць яшчэ адзін неафіцыйны памочнік у артыстаў - Мікалай Васілевіч, кіраўнік сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву «Аграфірма «Лучнікі», — гаворыць Васіль Шусцікаў. — Любоў гэтага чалавека да матчынай песні праяўляецца ў пастаянным фундатарстве сваіх любімых выканаўцаў, за што яны бясконца ўдзячны Мікалаю Васілевічу».
Адзначым, што праўленне «Аграфірмы «Лучнікі» аматарам народнай творчасці са «Слуцкіх паясоў» праводзіць даплату за ўдзел у рэпетыцыях.

Реклама

Алесь Дастанка

Аб калектыве — афіцыйна
Ансамбль «Слуцкія паясы» створаны ў 1990 годзе. Мастацкі кіраўнік калектыву — Васіль Шусцікаў, балетмайстар — Алена Рубчэня, хормайстар — Марына Ульская.
Народны ансамбль выступаў у абласным свяце «Вясенні карагод» (Беразіно), на свяце народнай творчасці «Вясенні карагод» (Мінск), тэлеконкурсе «Грай, гармонік», абласным свяце «Пеўчае поле» (Мядзель), рэспубліканскім свяце паэзіі «Коласавы мясціны».
Ансамбль «Слуцкія паясы» з’яўляецца Лаўрэатам ІІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, узнагароджаны Дыпломамі І і ІІ ступені Мінскага навукова-метадычнага цэнтра, Дыпломам рэспубліканскага аргкамітэта па правядзенню свята «Коласавы мясціны», адзначаны Ганаровай граматай Саюза фалькларыстаў і іншымі ўзнагародамі.
Калектыў прымаў удзел у Міжнародным фестывалі фальклору ў Турцыі, у тэлеперадачы «Спявай, душа», тэлеконкурсе «Залатыя ключы», акцыі Рэспубліканскага радыё «Адпачываем разам з радыё», выступаў у Серпухаве, Смаленску (Расія) і з благачынным канцэртам у Германіі.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии