Жыццё і ўрокі Ванькі-бабіна

0

На трэці дзень пасля Тройцы, калі Хведара Балоцьку, як «неблаганадзейнага», выслалі на тры гады за межы прыгранічнай Случчыны, яго жонка Волька напісала пісьмо сваёй маці ў не блізкую вёску, каб тая забрала на лета яе сына Ваньку. «Будзе ён у Вас спраўны пастушок, нічога, што сем гадкоў мае, дома ўжо адпасваў чаргу, ганяў на выган свінню. Мне з траіма дзецьмі адной упраўляцца цяжка, ды яшчэ падвярнула на рабоце нагу, ледзьве хаджу», — пісала дачка.

Бабіна «ласка»
Дзядуля Зміцер, бабулін муж, прыехаў да дачкі праз тыдзень у драбінках, засланых плеценым палукашам, з ашмоткам духмянага сена. Волька пакарміла яго, апранула Ваньку ў новую кашульку, палатняныя штанікі, на галаву надзела кепачку — і яны з дзядулям адправіліся ў дарогу.
Хлопчыка здзівіла тое, што дзядуля, пакуль яны трэсліся ў возе па ўхабістым прасёлку мо з тры гадзіны, ні разу не загаварыў з ім, толькі смаліў сваю тытунёвую самакрутку. Толькі пры ўездзе ў яго вёску, дзядуля загадаў унуку злесці, пераняць ля дарогі рабую свінню з чарадой парасят і гнаць яе ў двор, што Ванька і зрабіў.
Бабуля Ліза асаблівай пяшчоты да яго не праявіла, хутка наліла ў драўляную міску варанай кіслай капусты, адрэзала скібку хлеба і заўважыла: «Хлеба адкусвай адзін раз, а капусты — тры лыжкі ў рот». Дзе было ведаць Ваньку, што на працадзень у мінулым годзе выдалі толькі па паўкілаграма жыта, перамешанага з гірсам, і хлеб у доме спажывалі ашчадна.
Перакусіўшы, ён па бабулінай падказцы пагнаў тую рабую свінню пасвіць на выган, што зелянеў абсягам за сядзібамі. Там ён сустрэў такіх жа, як сам, пастушкоў, яны хутка знайшлі агульную мову, расклалі пад бярозай касцёрчык, нехта дастаў з торбачкі хлеб, скрылікі сала, падсажылі яго на ражончыках і з апетытам з’елі. Тым часам свіння бабуліна паспела зайсці ў бульбяны калгасны палетак і ўспароць некалькі кустоў, аб чым стала вядома брыгадзіру, а ён данёс бабулі. І яна па вяртанні Ванькі з пашы накруціла яму да болю вуха — за недагляд. Ён заплакаў ад крыўды, дзядуля не заступіўся за яго, прамаўчаў.

Реклама

Спраўны батрачок
Калі паспелі на градках клубніцы, Ванька з бабуляй пад пякучым сонцам з раніцы да вечара збіраў ягады, назаўтра на досвітку іх у трох вялізных кашах бабуля на запрэжаным возе павезла ў Слуцк на базар. Яна вярнулася дамоў з торбачкай пятнаццацікапеечных манетак. Зрэдку прывазіла ўнуку булку ці кулёк цукерак-падушачак. І ён быў рады, бо дома іх не бачыў.
А паколькі ў хаце стаялі ўздоўж сцяны два невялікія ложкі з куфарам паміж імі, то спаць Ваньку давялося на вузкім палку паміж печчу і ложкам на старых лахманках, накрываўся сатканай на кроснах пасцілкай. Дапякалі ноччу блохі, па-вясковаму «скочкі», іх у хаце развялося нямала. Акрамя штодзённага выхаду на выган у ролі пастушка, у абавязку Ванькі было прыносіць з вечара з дрывотні два ці тры бярэмя дроў, а са склепа ў двары — два поўныя кашы бульбы, са студні - драўлянае вядро вады, якое нёс аберуч перад сабою.
Так дзень за днём у хлопчыка накаплялася туга па дому, дзе маці ласкала яго, хоць была з ранку да позняга вечара на сваім агародзе і на калгаснай рабоце. А тут, у гасцях, Ванька за ўсё лета не пачуў ад бабулі ці дзядулі ласкавага слоўца, на яго глядзелі як на спраўнага батрачка, які зайздросціў суседскім хлапчукам, яго равеснікам, што часта гулялі на вуліцы ў клёка ці схованкі.

Сустрэча з маці
Надыйшла восень, і Ванька пайшоў у другі клас школы — пачаткоўкі, што знаходзілася ў трох кіламетрах ад вёскі. Калі пахаладала і зрэдку раніцай трава ўзбоч дарогі была белай ад інею, дзеці надзявалі чаравікі, а ў Ванькі іх не было, і ён хадзіў басанож. Яму было вельмі крыўдна, што дарослыя, на якіх ён працаваў цэлае лета, не купілі яму абутку.
З дня на дзень хлопчык чакаў прыезду за ім маці.
І яна прыехала, калі на вуліцы ўжо жаўцелі апалыя кляновыя лісты. Ванька якраз пад вечар прынёс са склепа кош бульбы і толькі пераступіў парог хаты, як убачыў ля стала сваю дарагую маму. Кінуўся да яе з плачам, прыпаў тварам да каленаў і адчуў на галаве дотык яе цёплых рук і словы суцяшэння. Яна здагадалася, як нялёгка даўся гэты летні «лагер» сыну, але змаўчала. Назаўтра яны дабраліся дамоў.
А ў бабулінай вёсцы, пасля іх а’дезду, засталася за хлопчыкам мянушка «Ванька — бабін». Праз два гады маці зноў мусіла адправіць яго да бабулі на пражыц-цё — аж на цэлых два з паловай гады, бо сама захварэла на рэўматызм ног і ўправіцца з дзвума дзяўчынкамі-школьніцамі адной, без мужа, пракарміцца, было не пад сілу.

Вяртанне дадому
Жыццё Ванькі зноў пайшло па ўжо знаёмаму раскладу: цэлае лета пастушок ці падпасак з дарослымі, калі прыходзіла чарга, ішоў на выган з рабой свіннёй, далей клубнічныя градкі, тая ж кіслая капуста на стале з лустай хлеба ці халоднымі дранікамі, зрэдку ячневая каша ці вараная бульба з селядцом.
А ў школе ён лічыўся выдатнікам. За два гады перад вайной яго ўключылі ў групу лепшых выпускнікоў для трохдзённай паездкі на экскурсію ў Мінск, дзе ён убачыў вялікі горад, з трамваямі, легавымі машынамі, дзе кармілі дзяцей у сталовых стравамі, якіх Ванька ніколі ў жыцці не зведваў. А яшчэ яго радавала маладая прыгожая жанчына з райкома камсамола, што суправаджала групу, ад якой ён чуў не раз ласкавыя і шчырыя словы. Калі ён, па вяртанню з Мінска, злез з цягніка ля вёскі Паўстынь і прыйшоў у бабулін дом, то пачуў ад яе загад: «Хутчэй еш і гані свінню на пашу». І болей — ні слоўца пра тое, дзе пабываў, што бачыў, ад чаго Ванька заліўся горкімі пякучымі слязьмі і доўга не мог стрымаць іх — так было крыўдна пасля ўсяго новага, светлага, што перажыў за тры дні. Прыгнаўшы з пашы свінню ў двор, ён сказаў толькі дзядулю, што болей не хоча жыць з імі і пойдзе дамоў. І адправіўся пяшком у няблізкую сваю вёску. Маці зразумела яго з паўслова. А калі назаўтра бабуля завітала да іх ў хату, каб забраць унука, хлопчык рашуча заявіў: «Не пайду!».
Тыя тры дні свабоды, сагрэтыя цяплом чужой жанчыны, якая праявіла да Ванькі ласку, зрабілі пераварот у яго душы — ён болей не хацеў быць хлопчыкам-батраком.

Замест эпілога
… Пра свае нешкольныя ўрокі ў доме бабулі ў тыя нялёгкія 30-я гады Ванька-бабін, ужо стаўшы васемнаццацігадовым юнаком, паведаў мне перад тым, як пакінуць сваю вёску па позве палявога ваенкамата ў ліпені 1944 года, калі ішоў масавы прызыў мужчын у дзеючую армію.
Пад добрую чарку самагону ён не без гумару распавядаў, як бабуля і дзядуля муштравалі з яго паслухмянага батрака-калгасніка — яны і самі былі парабкамі той сістэмы.
З фронту ён даслаў пару пісьмаў, а загінуў 2 мая 1945 года пад Берлінам. Дзе пахаваны — бацькі так і не даведаліся да самай смерці.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии