Слуцкія камяні-следавікі

0

Камяні-следавікі вядомы амаль ва ўсім свеце. На тэрыторыі Беларусі іх налічваецца каля 100. Яны часцей знаходзяцца ў балоцістых мясцінах, на скрыжаванні дарог, побач з крыніцамі, калодзежамі, ручаямі. У народзе маюць назву «Божы Слядок» або «Святы камень», «След Божай маці», «След святога Мікалая» і іншыя. Здаўна такім камяням звычайна пакланяліся, яны лічыліся святымі, а людзі прыносілі да іх свае няхітрасныя вырабы, каб пазбавіцца ад розных хвароб, ставілі побач крыж, абгорнуты ручнікамі. Над некаторымі будавалі нават капліцы. Сёння мы прапануем чытачам расказ пра тры камяні-следавікі, якія звязаны са Случчынай. Цікава, што аб іх гавораць самі мясцовыя жыхары.

Святы камень у вёсцы Маяк
Калісьці, даўным-даўно, ішоў Бог па Зямлі. Дайшоў ён да нашага краю, стаміўся. Вырашыў адпачыць і паглядзець, як тут людзі жывуць. Ляжаў у лагчыне, што пад Стары гасцінец (месца ля вёскі), на полі камень. Вялікі камень. Старэйшыя гаварылі, што і крыж там стаяў даўней. І гавораць, быццам на гэтым камені Бог і адпачываў, абапёршыся локцем на яго. У ім нават дзірачка, як локцю абапёрціся, засталася. Камень называлі Святым.
Людзі хадзілі пакланяцца гэтай святыні і памаліцца каля яе. І дапамагала, асабліва дзецям. Калі ў каго перапуг ці праклён, то прыходзілі і клалі на камень у каго што было: каласок, бараначак, хлеб, сыр абсушаны. І маліліся, верачы ў святасць незвычайнага каменя.
А ён і сапраўды незвычайны гэты камень. Незвычайны па сваёй моцы: калі будавалі дарогу, то паспрабавалі яго разбіць. Але гэта не ўдалося, адбілі толькі адну пласцінку, як дошчачку. Незвычайны па працягласці свайго жыцця, бо яму ўжо 1000 гадоў! Так лічаць навукоўцы, якія зберагаюць памяць аб падобных святынях і лічаць іх гістарычнымі помнікамі.
У чэрвені 2004 года прыязджалі да нас у вёску навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук. Яны распытвалі пра гэты камень у старэйшых жыхароў. Абмяралі яго, вымяралі памеры кожнай дзірачкі, занатоўвалі…
Шкада, што зараз пра святасць гэтага каменя мала хто ведае. Даўно забыліся пра існаванне крыжа каля Святога каменя. Нават сам камень зрушылі з прывычнага месца. Цімох Санько трактарам прывалок пад сваю хату.
Гавораць, што ўдалося потым-такі разбіць камень на тры часткі. Адна з іх і ляжыць у канцы вёскі Маяк. Хто ведае, якія таямніцы зберагае ў сабе гэты старэчы, парослы мохам, камень. Даўней жа гэты мох беражліва саскрэбвалі, гатуючы з яго напоі ад усялякіх напасцяў.
Цяпер, стаміўшыся, камень сіратліва адпачывае ў канцы сяла. Калі-нікалі да яго прыходзяць дзеці, каб пагуляць на ім. І магчыма, самі таго не знаюць, што набіраюцца тут розуму і моцы…
Ніна Зяневіч

Реклама

След на Сарагоўскім камені пакінулі чалавек, сабака і кот
Ён ляжыць у некалькіх дзесятках метраў ад дарогі Волашава — Сорагі і мае на паверхні тры адбітка. У народзе лічыцца, што гэта сляды чалавека, сабакі і ката.
Прыкметна, што адначасова тры слядкі. Звычайна у такіх камянёў - адзін — два, а тут адразу тры. Цікава і тое, што кот і сабака лічацца першымі сябрамі чалавека.
Сам валун складанай формы і мае вышыню паўметра і дыяметр каля паўтара метра. Побач з каменем пастаўлены два металічныя крыжы.
Каля нашага каменя ў гады майго дзяцінства стаяў адзін крыж, а на самом камні ляжалі манеты. Мы, вучні, ідучы са школы, часта заглядвалі туды. Не, не каб памаліцца, — каб паглядзець на медзякі і «прачытаць слядкі».
Але аднойчы начальства калгаса, тады III Інтэрнацыянала, загадала мясцоваму трактарысту знесці камень, што ён і зрабіў. Тое кіраўніцтва маўляла, што тапталі людзі да яго сцежку, ды, наогул, столькі зямлі гублялася — аж два квадратных метра. Праз нейкі час трактарыста не стала, бо скончыў ён сваё жыццё самагубствам. Людзі казалі, што гэта божа кара, за здзек над астаўленымі Богам слядамі.
Па ўспамінах старых людзей, да нашага каменя-слядка людзі хадзілі з пакон вякоў на Вялікдзень, Юр’я, Дзевятнік, Сёмуху, іншыя святы, і неслі хлеб, грошы, гародніну, садавіну. Хадзілі маліцца ў засуху і прасілі ў Бога дажджу.
Калі хто захварэе, маліліся ў слядавіка і прасілі Бога аб скарэйшым выздараўленні. Гаварылі, што вада пасля дажджу ў следавіку дапамагае ад галаўнога болю, хвароб вачэй, ліхаманкі. Лячылі ля каменя нават хатнюю жывёлу…
Зараз вёска Сорагі, што ляжыць на мяжы Слуцкага і Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці, даволі вялікая і мае статус цэнтра сельсавета.
Але, на маю думку, калі месца знаходжання следавіка змянілі, ён згубіў сваю духоўную значымасць.
Веруючыя людзі як і раней ходзяць да яго, іншы раз проста для душы — рассеяць смутак, набрацца сілы, проста дакрануцца да старажытнасці. Ходзяць і гавораць, што нешта не так у туташніх мясцінах. Бягуць адсюль сем’ямі, шукаюць працу на чужой старане, многа памірае ў маладым узросце. Ды і іншых менш значных праблем хапае. У чым тут справа, можна гаварыць доўга.
Але ж людзі ўпэўнены, не трэба было сцягваць следавік. Хочаце — верце, хочаце — не.

Міхась Тарасевіч

Безыменны камень трапіў у Слуцк
Ён ляжаў у 2000 годзе ў Слуцку яшчэ амаль цэлы сярод плітаў у цэху рытуальных паслуг. Прыгожы, вялізны, ружовага колеру, на якім, як кажуць, адбілася ступня Багародзіцы.
Звычайна такім камяням пакланяюцца.
А хлопцы, былыя афганцы, недзе знайшлі яго, каб паставіць помнік сваім таварышам, што не вярнуліся з Афганістана. Але адбылося так, што ні водны майстар каменячос не ўзяўся апрацоўваць яго. Маўлялі, што рукі могуць адсохнуць.
Так і прыйшлося былым салдатам-інтэрнацыяналістам шукаць другі, больш зручны камень.
А той, што сцягнулі са свайго месца і прывезлі ў Слуцк, яшчэ доўга знаходзіўся каля цэха рытуальных паслуг, што ў былым 10 ваенным гарадку.
Мясцовыя краязнаўцы прапаноўвалі перанесці яго да краязнаўчага музея — там яму самае прыдатнае месца.
Але, магчыма, тады не хапіла сродкаў ці яшчэ чаго, і далейшы лёс каменя згубіўся.
Відаць, адзін Бог ведае, дзе ён цяпер.

Што кажа навука аб следавіках
У навуковым асяроддзі ёсць некалькі пунктаў гледжання наконт каменеў-следавікоў.
Адны лічаць, што слядамі з’яўляюцца ўчасткі валуна з матэрыяла іншага саставу. Таму яны адрозніваюцца сваім колерам і структурай. Гэтыя ўчасткі чужародны асноўнай масе горнай пароды і па іншаму паддаюцца выветрыванню. Вецер і вада выточваюць паступова на камені сляды.
Іншыя мяркуюць, што культ камянёў - гэта спадчына язычніцкіх часоў. Людзі і сёння прыносяць да святых камянёў грошы, ежу, кветкі… Яны вераць, што гэтыя валуны вылечваюць ад хвароб і прыносяць шчасце.
У фальклорных замалёўках большасці вернікаў паданні прадстаўлены як клішэ, якія не аналізуюцца і не разгортваюцца ў звязны тэкст (проста — «там быў Бог»).
Увогуле, у гісторыях аб шаноўным месцы пераважаюць «пейзажныя» апісанні свята або апавяданні аб тым, дзеля чаго туды хадзілі, напрыклад, аб лячэбных практыках. «Божы след» (камень-следавік) з’яўляецца для мясцовых жыхароў часткай ландшафту, які надае асобы сэнс гэтаму ландшафту, уздымаючы яго прэстыж. Таму яны так балюча адносяцца да яго апаганьвання.
Верагодна, функцыю міфа, сцвярджаючага ў вачах носьбітаў традыцыйнай культуры святасць шануемага месца, выконваюць і расказы аб яго апаганшчыках з наступным іх пакараннем.
Але большасць навукоўцаў вельмі асцярожна ставіцца да такіх выказванняў. Больш таго, яны лічаць камяні-следавікі ўнікальнымі помнікамі гісторыі, культуры, духоўнасці. Адносіны да такіх рэчэў павінны быць, на іх думку, беражлівымі, нават усхваляванымі.

Уладзімір Іваноў

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии