Патроенае шчасце

0

Так адзываюцца пра нараджэнне ў сваёй сям'і адразу траіх дзяцей муж і жонка Януковічы.
— Кажуць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах. Мы свой шлюб заключылі на зямлі, калі разам вучыліся ў Салігорскім горна-хімічным тэхнікуме, — расказвае шчаслівая маладая мама Ірына Уладзіміраўна. — Стаць у адзін дзень шматдзетнай мамай — гэта рэдкі выпадак і вялікае шчасце.
— Мы пажаніліся восем гадоў таму. Як многія маладажоны, хацелі разам паглядзець белы свет. Адсутнасць сваёй кватэры таксама адкладвала нараджэнне дзяцей. А калі рашылі, што прыйшла такая пара, — лёс наканаваў нам адразу траіх дзетак: дзвюх дачушак і сыночка, — дадае шчаслівы бацька Ігар Януковіч.
Пра бацькоў трэба сказаць асобна: пасля тэхнікума абодва скончылі Маскоўскі горны інстытут. Бацька працуе камандзірам аддзялення ў Салігорскім аддзеле Міністэрства па надзвычайным сітуацыям, а мама — спецыяліст па абагачэнню калійных выкапняў на Першым калійным камбінаце.
— Калі стала вядома, што народзіцца тройня, жонка трошкі плакала. Але я адчуваў сябе шчаслівым і падбадзёрваў Ірыну. Лічу, то былі слёзы шчасця і радасці, — гаворыць Ігар. — Цяпер у нас многа клопатаў. Але нам дапамагаюць дзве бабулі, прыходзіць часам нянька ад сацыяльнай дапамогі, бясплатна выдзяляюць дзіцячае харчаванне, а таксама нам далі дзве дзіцячыя краваткі, манежык. Ёсць спадзяванні, што вырашыцца кватэрная праблема: заключылі дагавор з домабудаўнічым камбінатам на куплю трохпакаёвай кватэры. Частку грошай абяцае выдзеліць жонцы «Беларуськалій». Паднатужымся, кватэру неяк выкупім. Пакуль жывём у цёшчы. Дзетак на Святую Тройцу пахрысцілі, дачушак назвалі Лізаветай і Кацярынай, а сына — Максімам.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии