Абразы цудатворныя

0

Гісторыя каштоўнасці нашага краю
На працягу больш чатырох соцен гадоў слуцкімі іканапісцамі ствараліся абразы. Частка іх захавалася да нашага часу. Пра іншыя вядома з літаратурных крыніц. Некаторыя абразы лічыліся цудатворнымі.

У адносінах да культавых прадметаў, і ў першую чаргу да свяшчэнных выяў за сваю гісторыю царква выпрацавала адпаведныя правілы. Тут адвяргаюцца і ледзь не містычныя адносіны да іх, што нагадвае колішнія язычніцкія пакланенні фецішам і ідалам, асуджаецца і адмаўленне святасці іх, найбольш яскравым прыкладам чаго з’яўляецца перыяд іканаборства ў Візантыі, калі былі знішчаны тысячы абразоў.
Гісторыя прыводзіць прыклады існавання сапраўдных гістарычных і духоўных рэліквій. Для беларусаў, напрыклад, такой рэліквіяй і нацыянальнай святыняй з’яўляецца Крыж Ефрасінні Полацкай. Для жыхароў Случчыны некалі падобнымі святынямі былі цудатворныя абразы.

Реклама

Даўнейшыя звесткі
За даўнасцю гадоў звесткі пра мясцова шанаваныя на Случчыне цудатворныя абразы засталіся сціплыя. Адны з іх знойдзем у дзённікавых запісах свяціцеля Дзімітрыя, мітрапаліта Растоўскага, што адносяцца да часу яго прабывання ў Слуцку.
Тады ён, яшчэ кіеўскі іераманах, быў вядомы як аўтарытэтны багаслоў, філосаф і прапаведнік. Запрошаны слуцкім Праабражэнскім брацтвам, Дзімітрый знаходзіўся ў горадзе з 6 снежня 1677 года па 29 студзеня 1679 года. Як адзначае свяціцель, 22 верасня 1678 года разам з ігуменам мінскім ён быў у Старчыцах у цудатворнага абраза Маці Божай. А перад тым на паклон да гэтага абраза ён хадзіў 14 ліпеня. Ад Слуцка месца знаходзілася за чатыры мілі.
Там, у Старчыцах (цяпер вёска Акцябр Салігорскага раёна, непадалёку ад Чырвонай Слабады), размяшчаўся мужчынскі Петрапаўлаўскі манастыр, дзе ў драўлянай Раждзественскай царкве знаходзіўся згаданы абраз. Калі ў ХІХ стагоддзі на змену састарэламу храму ўзвялі новую Петрапаўлаўскую царкву, ён быў перанесены туды.
У 1817 годзе манастыр закрылі, царква стала прыходскай. Згодна з паданнем, абраз знайшоў селянін Леў Шапок ва ўрочышчы Старажышча, а мясцовыя жыхары вырашылі на тым месцы пабудаваць храм. Слуцкі архімандрыт Феафан Крахавецкі пры храме ў 1670 годзе заснаваў манастыр. Цудатворны абраз, які называўся Маці Божая «Старчыцкая», быў напісаны на палатне, яго ўпрыгожвала срэбная рыза. Меліся запісы ацаленняў, што адбыліся па малітвах да Багародзіцы.
Маюцца звесткі пра цудатворную ікону Багародзіцы, што знаходзілася ў слуцкай Замкавай царкве. З канца ХVІІ стагоддзя вядомы мясцова шанаваны абраз Багародзіцы, што знаходзіўся ў Свята-Іаанаўскай прыходскай царкве мястэчка Гавязна (у ХІХ стагоддзі - цэнтр воласці Слуцкага павета, недалёка ад Нясвіжа). Яшчэ адзін цудатворны абраз знаходзіўся ў Свята-Духаўскай царкве вёскі Падлессе, што непадалёку ад мястэчка Раманава (цяпер вёска Леніна).
Па свайму паходжанню адным з арыгінальных і цікавых з’яўляўся абраз з Успенскай царквы вёскі Забелы, што непадалёку ад Грэска. Вядомы ён як ікона Маці Божая «Забельская». Паходжанне яго таксама датуецца ХVІІ стагоддзем. У адрозненне ад іншых (абразы звычайна пісаліся на драўляных дошках, часам на металічных, з ХVІІІ стагоддзя часцей на палатне) ён быў напісаны на скуры вала. Згодна з паданнем, падчас падзяжу хатняй жывёлы аднаму забельскаму селяніну ў сне з’явілася Багародзіца. Яна загадала селяніну забіць адзінага свайго вала, а скуру аддаць слуцкаму мастаку, каб той намаляваў на ёй ікону. Пасля таго, як загад быў выкананы, падзёж жывёлы спыніўся, і больш такая навала не паўтаралася. Па апісанню, Маці Божая была намалявана ў рост з Дзіцем на левай руцэ, з левага боку размяшчаліся свяціцель Мікалай і Жыватворны Крыж, з правага — святыя Іаакім, Ганна, Елізавета і апосталы. На абразе з часам з’явіліся металічныя прывескі, пры ім захоўваліся кастылі, якія пакідалі вылечаныя хворыя ў знак ацалення.

Лёс абразоў
Слуцк быў тым цэнтрам, дзе развіццё іканапіснага мастацтва прывяло да фарміравання рэгіянальнай мастацкай школы. Зробленыя ў ХІХ стагоддзі апісанні мясцовых храмаў згадваюць шматлікія старадаўнія абразы. Па падліках спецыялістаў, у Беларусі кожнае стагоддзе па замове цэркваў, касцёлаў і вернікаў стваралася прыблізна 15 тысяч абразоў. Аднак для наступных стагоддзяў з іх ліку захоўваўся толькі кожны чацвёрты. Да нашага часу з усёй колькасці створаных за папярэднія стагоддзі на Беларусіі абразоў захавалася толькі 8 працэнтаў.
Прычыны таму маглі быць розныя — ад натуральнага старэння твора да знішчэння падчас войнаў і пажараў. Напрыклад, згаданы цудатворны абраз са слуцкай Замкавай царквы мог прапасці яшчэ ў ХVІІІ або ў ХІХ стагоддзях падчас аднаго з пажараў. Галоўная прычына апошняга перыяду — знішчэнне царкоўнай маёмасці пасля рэвалюцыі атэістамі.
Не захаваліся да нашага часу не толькі звесткі пра тое, што стала з шанаванымі цудатворнымі абразамі, але не стала і храмаў, дзе яны знаходзіліся. Аднак, калі прыняць да ўвагі, што вернікі па магчымасці імкнуліся захаваць царкоўныя святыні, і ў першую чаргу самыя шанаваныя, то можна спадзявацца, што арыгіналы твораў альбо спіскі з іх недзе засталіся. Каб у гэтым упэўніцца, трэба правесці адпаведныя вышукі і даследаванні. Сёння, напрыклад, спробы адшукаць сляды іконы Маці Божай «Забельскай» праводзіць айцец Аляксандр, настаяцель храма Ражджаства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Грэск.
Многія творы траплялі за межы нашага краю. Для нас цікавы і наступны факт. З даўнейшых часоў і цяпер шырока вядомы цудатворны абраз Маці Божай «Баркалабаўскай». Ён знаходзіцца ў Троіцкім храме горада Быхава. Сваю назву атрымаў ад мястэчка Баркалабава, што ў 8 кіламетрах ад Быхава, дзе з 1623 года па 1924 год дзейнічаў Свята-Вазнясенскі жаночы манастыр. У 1659 годзе, падчас вайны Масковіі з Рэччу Паспалітай, рускі князь Пажарскі, вяртаючыся на радзіму з Літвы, падарыў гэту ікону абіцелі.
Праславіўся абраз падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Карыстаўся шырокай папулярнасцю не толькі ў праваслаўных, але і ў католікаў, і ўніятаў. Часам яго стварэння даследчыкі лічаць мяжу ХVІ-ХVІІ стагоддзяў. Асаблівасці выканання (гэта значыць — прыналежнасць да пэўнай мастацкай школы) сведчаць, што месцам яго стварэння можа быць Слуцк або Случчына. І гэта даволі праўдападобна на тое, што ікона магла быць створана слуцкімі іканапісцамі.
Нагадаем, што адзін са старэйшых абразоў у зборы Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску, датуемых канцом ХV стагоддзя, — Маці Божая Адзігітрыя адносіцца да тога ж іканаграфічнага тыпу, што і Баркалабаўская. Калі ж апошнюю параўнаць з яшчэ адным музейным абразом — святой Параскевай (сярэдзіна ХVІ стагоддзя), — які таксама мае паходжанне са Случчыны, то ў манеры выявы іх твараў заўважым агульнае. Гэта таксама можа сведчыць аб прыналежнасці да адной мастацкай школы.
На сённяшні дзень з усіх рэгіянальных беларускіх мастацкіх школ Слуцкая з’яўляецца найменш даследаванай. Вывучэнне яе гісторыі і адкрыццё новых твораў, магчыма, падорыць нам новыя сустрэчы з гістарычнымі каштоўнасцямі нашага краю.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии