Памірае наша рэчка

0

Памірае яна ціха, тужліва. Не нясуць ручаінкі да яе некалі шырокіх берагоў свае воды: людзі бяздумна асушылі гэтыя крынічкі. Не ззяе сонейка ў пералівах вады. Яна, зацягнутая цінаю, зарослая чаротам, закіданая брудам, не мае моцы разарваць гэтыя аковы. Рэчка ўжо не бяжыць, яна стамілася…

Пачарнелі ад гора галоўкі гарлачыкаў. «Адалень-трава» ці па-другому русалчыны кветкі - сімвал прыгажосці ў славянскіх народаў - па народнаму павер’ю заўсёды спраўляліся з нячыстаю сілаю. А вось з людской нядбайнасцю справіцца не змаглі: зацягнуты іх галоўкі цінаю, засыпаны брудам.
Топкімі сталі берагі. На стаячай вадзе блікі саляркі, масла. А яшчэ на яе паверхні рваныя колы, бутэлькі, кулькі, ржавыя веласіпедныя рамы. Рэчка ўжо не мае моцы прыняць гэта ў сябе.
Памірае рэчка… Людзі прывыклі, што яна памірае. Грэх прызнацца, але іншым часам абыякавая думка закрадваецца ў галаву: «Ну, калі ты ўжо, небарака, загінеш?».
А яна, самотная, зацягнутая цінаю, заросшая чаротам, закіданая брудам, калі пойдзе дожджык, нібы робячы выклік, набярэцца моцы, разарве гэтыя аковы, павесялея і пабяжыць наперад па руслу.
А назва гэтае рэчкі - Случ.

Реклама

Антаніна Кныш, г. Слуцк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии