Гісторыя са старонак дзённіка

0

Многія людзі жывуць з мэтаю нешта нажыць, каб пакінуць сваім нашчадкам. Не ведаю, аб чым думаў аўтар дзённікаў і ўспамінаў, калі старанна пісаў дзень за днём пра сваё жыццё, пра суседзяў, пра тых, з кім давялося ваяваць, працаваць і разам жыць. Але сёння гэтыя запісы разглядаем як гісторыю, якую мы не ведаем, пра якую нам ніхто не гаварыў. Аўтар гэтых запісаў Цімох Лазука нарадзіўся 3 сакавіка 1909 года ў вёсцы Языль Старадарожскага раёна, а пасля жыў у вёсцы Рабак Слуцкага раёна.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, партызан, ён быў тройчы паранены пад час баявых дзеянняў. Частку сваіх дзённікаў Цімох Лазука перадаў мне. Сёння «Кур'ер» друкуе дзённікавыя запісы, з якіх чытач даведаецца пра першыя дні вайны ў Слуцку, пра жыццё ў акупацыі і трагедыю Языля.

Реклама

Першы бой у заходняй граніцы
«25 чэрвеня 1941 года. К гэтаму дню немцы неаднаразова бамбілі Слуцк. Самалёты абстрэльвалі дарогу, па якой мы ехалі на шасці машынах у бок старой граніцы, на папаўненне ў артылерыйскую часць, не ведаючы яе месца знаходжання. Раптам машыны прыпыніліся. На дарозе гарэў аўтамабіль. Пакуль ладзілі аб’езд, да палаючай машыны падыйшоў салдат з санітарнай сумкай. Мы спыталі, ці далёка фронт. Санітар адказаў: „Драпаем ад самага Буга. Дзе фронт — ніхто не ведае“.
Перад вечарам нас прыпынілі каля Цімкавіч. Мой узвод заняў абарону справа ад дарогі. Міма нас праехалі дзве машыны з раненымі. У адной - пагранічнікі і лётчыкі. З сабою яны везлі захопленага ў палон нямецкага лётчыка, які быў пры ўзнагародах. Сярод нас ён выклікаў вялікую цікавасць. Бліжэй да ночы стаў чуцен гул нямецкіх машын і танкаў. Калі сцямнела, гул машын сціх. Я ведаў, што немцы ноччу наступаць не будуць.
У летніх прыцемках наш узвод пастроіўся. Камандзір узвода сказаў, што будзем займаць новую пазіцыю па другі бок дарогі. Але па дарозе мы пайшлі ў бок Слуцка. Хутка падыйшлі да машыны. „Лейтэнант, гэта ты? Хутчэй грузіся“, — пачулася з машыны. Я не паспеў залезці ў перапоўнены кузаў, як машына рванула, а я грымнуўся на дарогу. Стукнуўся аб дол моцна, што на нейкі час згубіў прытомнасць. Калі ачнуўся, машыны не было. Пайшоў у бок Слуцка. Па дарозе дагнаў некалькіх салдат, з якімі ўвайшлі ў вёску. На вуліцы стаяла ваенная машына з палявой кухней. Яны збіраліся ад’язджаць на Слуцк. Я прасіўся, каб мяне падвезлі, але камандзір, што пад’ехаў на кані, пад пагрозай расстрэлу загадаў нікога не браць. Напіўшыся з калодзежа вады, я пайшоў на дарогу».
Праз нядзелю салдат Цімох быў дома. Як запісана за 29 чэрвеня, яму вельмі хацелася дамоў да жонкі, з якой яшчэ так мала пажыў, а ваенныя дарогі, якія да гэтага давялося прайсці, так надакучылі. Немцы даўно яго абагналі, але ў роднай вёсцы іх яшчэ не было.

Як адбылася трагедыя вёскі Языль
У дзённіку гэтай трагедыі прысвечана многа старонак. З запісаў можна зразумець, што 6 жніўня 1941 года следам за адступаючай 121-ай дывізіяй ішлі немцы. Чырвонаармейцы былі галодныя, абарваныя. Забягалі ў хату, хапалі ўсё, што можна было есці. Нават бульбу з карыта клалі за пазуху. Дывізія прыйшла з боку Амговіч праз Рабак у напрамку Языля. Апошнімі ішлі салдаты, якія падганялі і не давалі заставацца ў дварах. Скора з боку Языля пачуліся стрэлы, а пасля два выбухі з гарматы. Гэта чырвонаармейцы стрэлілі па нямецкаму кулямёту, які не даваў увайсці ў Языль. Чырвонаармейцы знішчылі два кулямёты, дзве нямецкія аўтамашыны з боепрыпасамі і дзесяць гітлераўцаў.
З гэтых запісаў невядома, чаму немцы праз дзесяць дзён — 16 жніўня — жорстка абыйшліся з жыхарамі Языля. І я паехаў шукаць жывых сведак.
Марыя Сямёнаўна Палаўчэня, 78 гадоў:
— Я была яшчэ маладая і дурная. Бо разумныя не пойдуць глядзець, як расстрэльваюць людзей. А я гэта бачыла сваімі вачамі. Спачатку праз вёску адступалі нашы, а за імі ішлі немцы. Калі машыны выйшлі на балота, наляцеў нямецкі самалёт, скінуў бомбу і стаў абстрэльваць. Загінуў наш афіцэр. Ён быў прастрэлены ў жывот і хутка памёр. Андрэй Додкаў забраў яго дакументы. Там быў фотаздымак: двое дзяцей, жонка і ён сам. Яго закапалі ў вёсцы. За рэчкаю заставаўся ляжаць забіты немец. Антосік Верабейчыкаў у гэтага немца адсек палец з кальцом і прынёс да немцаў у камендатуру, што размяшчалася ў школе. «Вось што робяць рускія з немцамі». І перадаў гэты палец. Праз некалькі дзён немцы акружылі вёску, сталі выганяць жыхароў і паліць хаты. Расстралялі каля ста чалавек.
Калі расстрэльвалі языльцаў, Антосік быў тут. Яго немцы гладзілі. Але людскі праклён не прайшоў дарам. К вяртанню Чырвонай Арміі яго паралізавала, адняліся рукі і ногі. Я часта прыходзіла ў іх дом вучыцца чытаць па «Буквару». Антосік валяўся па долу як браўно. Скора ён памёр.

Першы год сумнага жыцця пад фрыцаўскім ботам
Пасля апісання расстрэлу жыхароў Языля ідзе аповед пра жыццё пад фрыцаўскім ботам. Позняй восенню 1941-га Цімох з суседам Міхаілам Целешам вырашылі паехаць у Паўлаўку за заробкам, які яны не атрымалі ад калгаса ў Паўлаўцы за капанне канаў да вайны.
«Вёска Паўлаўка сустрэла нас цішынёй. Каля кузніцы, дзе мы прыпыніліся, былі мужчыны. Сярод гэтых мужчын быў знаёмы кладаўшчык Заброцкі. Мы растлумачылі прычыну прыезду, запыталі, дзе можна знайсці былога старшыню калгаса. Заброцкі адвёў нас далей ад кузні і расказаў, што былога старшыню калгаса расстралялі.
У лесе стаяла адступаючая 121-ая дывізія. Кіраўніцтва дывізіі патрабавала ад старшыні прыгнаць у лес стада калгасных цёлак для кармлення салдат. Старшыня патрабаваў ад ваенных даць распіску з пячаткаю часці. Маўляў, як вернецца Савецкая ўлада, трэба будзе адчытацца, каму аддаў статак. Тыя яго расстралялі.
Амбары ў Паўлаўцы пустыя. Частку зерня забралі салдаты дывізіі, астатняе разабралі сяляне. Старшынёй абшчыны немцы прызначылі старога чалавека, які жыве ў вёсцы Хорашава побач з той хатай, дзе мы кватаравалі, калі капалі канавы. Старасты дома не было. Але яго жонка нас помніла і прасіла пачакаць — стараста вось-вось прыедзе. А гэтым часам расказвала адну навіну за другой.
„У лесе многа людзей са зброяй. Ноччу прыходзяць у вёску. Пагражаюць зброяй. Патрабуюць харчы. Неяк наш сусед пайшоў у лес нарыхтаваць на зіму смалякоў і наткнуўся на зямлянку. У зямлянцы былі людзі ваенныя. Яны доўга дапытвалі суседа, хто яго прыслаў у лес, і пад пагрозай наказалі, каб пра зямлянку нікому не гаварыў. Але той сказаў жонцы і сыну. Хутка аб гэтым ведала вёска. Ноччу прыйшлі тыя з лесу і расстралялі суседа, што не стрымаў абяцання маўчаць. Аб гэтым даведаліся немцы і ўчынілі аблаву. Траіх у лесе злавілі. Аднаму пашанцавала ўцячы, дваіх расстралялі“.
За такой гаворкай з’явіўся гаспадар. Ён выслухаў нас і напісаў запіску выдаць нам па тры пуды ячменю. Дадому ехалі з цяжкімі думкамі пра жыццё, якое стала так мала каштаваць. У Язылі ні за што загінуў родны брат, у Паўлаўцы свае расстралялі старшыню калгаса, у Хорашава — старога дзеда. А пасля немцы расстралялі нашых салдат. Ішоў першы год жыцця пад фрыцаўскім ботам».

Чытаў і разбіраў запісы Уладзімір Дамель

Усё жыццё Цімафей Аляксеевіч Лазука-Кананчук пісаў дзённікі, дзе ён адлюстраваў сваё жыццё і падзеі таго часу, у якім яму выпала жыць.
На здымках злева: старонка дзённіка аб пачатку вайны і стос сшыткаў з успамінамі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии