Засведчыць месцы храмаў

0

Замежныя турысты Слуцк наведваюць не часта. Звычайна гэта госці з гарадоў-пабрацімаў Падмаскоўя і Украіны. Іх вядуць у цэнтры горада да помніка Святой Сафіі Слуцкай, у капліцу Святой Варвары, што стаіць на беразе Случы, да бронзавага салдата-аўтаматчыка на гранітным трохмятровым пастаменце.

Па жаданню могуць правесці ў Краязнаўчы музей. Калі ж хтосьці з гасцей спытае, а дзе ж цэрквы, касцёлы, горад жа старажытны, раўня Полацку, экскурсавод спасылаецца на паследствы мінулай вайны, што ў 1941 і 1944 гадах прайшлася по гораду (дарэчы, ад узнікшых у час баёў пажараў згарэла толькі адна царква драўляная — М. Т.), на разгул атэізму з падачы бальшавіцкай улады ў 20−30-я гады.

Реклама

Перад вайной у горадзе дзейнічалі толькі дзве праваслаўныя царквы — Свята-Міхайлаўская на Востраве і Варварынская на старых могілках. Толькі пасля «пацяплення», з прыходам да ўлады Гарбачова і распаду СССР, пачалося духоўнае Адраджэнне. На ўсходняй ускраіне горада на сродкі вернікаў быў узведзены касцёл Святога Антонія з кляштарным комплексам. А ў былым вайсковым гарадку па вуліцы Максіма Багдановіча ў закінутым салдацкім клубе заснавана і асвечана Свята-Касма-Даміянаўская царква. Па вуліцы Якуба Коласа вернікі евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў узвялі свой храм. А год таму ў былым 1-м гарадку па вуліцы Віленскай вайскоўцы чыгуначнага батальёна, які дыслацыраваўся там, узвялі драўляную царкву імя Аляксандра Неўскага.
Але трэба ўлічыць, што з XIV да пачатку ХХ стагоддзяў у Слуцку ў розныя часы было пабудавана на сродкі вернікаў 28 храмаў, манастыроў праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай і іудзейскай канфесій.

Даследчык А. К. Снітка ў 1909 годзе пісаў: «Слуцк са сваімі драўлянымі царквамі - гэта сапраўдны музей». А ў ім на той час было 13 цэркваў і сабораў, манастыр, тры пратэстанцкія храмы са званіцамі, чатыры сінагогі і шэсць малітоўных дамоў для вернікаў-іудзеяў.
Адкуль такія звесткі - спытаецца чытач. Іх адзінаццаць гадоў таму занатаваў у сваёй кнізе «Помнікі архітэктуры Слуцка» вядомы ў горадзе даследчык гістарычнай спадчыны, выкладчык дзіцячай мастацкай школы Ігар Адамавіч Ціткоўскі. Падумалася неяк: каб не ён — хто б яшчэ ўзяўся за крапатлівую працу па збору друкаваных сведчанняў гісторыі горада ў бібліятэках і архівах Мінска, Слуцка, Санкт-Пецярбурга? Кніжка выйшла накладам у 1000 экзэмпляраў і вартая перавыдання.

Страчанага ўжо не вернеш. Сёння для ўсіх, хто неабыякавы да нашай архітэктурнай спадчыны, застаецца адно — засведчыць памятнымі знакамі месцы колішніх храмаў. Першую спробу здзейсніць гэта зрабілі ў 1994 годзе паломнікі з Мінска, якія прынеслі на тэрыторыю былога ваеннага гарадка па вуліцы Віленскай драўляны, вышынёй паўтара метры, крыж з прымацаванай на ім драўлянай дошчачкай і напісанымі на ёй словамі: «В память поломничества в Слуцк ко дню рождения праведной Софии Слуцкой». І гэта ўсё аб колішняй, бадай, самай галоўнай у горадзе праваслаўнай святыні, мужчынскі манастыр які быў заснаваны ў пачатку ХІІІ стагоддзя і лічыўся самым старэйшым у Беларусі. Тут у самы раз узвесці невялікую каплічку з іконамі, з пералікам на яе сценах усіх храмавых будынкаў - Свята-Троіцкага сабора, цэркваў Благавешчання, Увядзення ў храм Багародзіцы, Святога Іаана Багаслова, Благавешчання Святой Дзевы Марыі, таго ж мужчынскага манастыра. А заадно дадаць, што ў Свята-Троіцкім саборы да 1932 году, калі ўжо ўвесь гэты комплекс быў закрыты бальшавікамі, захоўваліся мошчы Святой Сафіі Слуцкай, перанесеныя пазней у Мінскі Свята-Духавы сабор.

Не адно стагоддзе вотчынай слуцкіх князёў Алелькаў, Радзівілаў была Замкавая гара, дзе стаіць Дом Культуры. Гару паэтапна ўвенчвалі драўляныя цэрквы і саборы, у прыватнасці Свята-Успенскі. Але яны часта гарэлі, таму ў 1889 годзе тут узвялі мураваны Свята-Мікалаеўскі сабор, які ў 1934 годзе ўзарвалі, на падмурку сталі будаваць Дом Культуры. Вось тут, паблізу яго, варта паставіць крыж Ефрасінні Полацкай з плітой, на якой пазначыць усю «радаслоўную» гэтага месца.
Калісьці побач са старым будынкам гімназіі месціўся Кальвінскі збор з драўляным храмам, заснаваным у 1617 годзе Янушам Радзівілам. Пазней, пасля пажару, на гэтым месцы ўзвялі мураваны будынак са званіцай. У вайну храм разбурылі, а званіцу ацалелую знеслі ў 50-я гады.
А насупраць, праз вуліцу, дзе зараз чырванее масіўны корпус гарадской кацельні, у пачатку XIV стагоддзя быў заснаваны Кляштар Слуцкіх іезуітаў з касцёлам Святой Троіцы, купал якой уздымаўся на вышыню 37 метраў! У храме было 11 алтароў, арган, а вакол яго дзейнічалі аптэка, бібліятэка, пякарня, кузня — свайго роду гарадок. Пасля скасавання ордэна іезуітаў у 1773 годзе яго будынкі перайшлі ў веданне камісіі народнай адукацыі. Пазней комплекс згарэў, а касцёл узарвалі ў пачатку 20-х гадоў мінулага веку.

А цяпер заглянем на вуліцу Чырвонаармейскую, у яе пачатак з боку Замкавай гары. Тут шэры, нічым не прыкметны прыземісты корпус Слуцкай маслабазы, нічым не выдае свайго гістарычнага мінулага. А гэта — рэшткі ўзведзенага ў 1890 годзе мураванага будынка Бернардзінскага касцёлу Святога Антонія. Пазней, калі Бернардзінскі кляштар скасавалі, храм асвяцілі пад праваслаўную царкву. Некалькі гадоў ён выкарыстоўваўся як палкавая царква, потым будынак вярнулі католікам. А ў 1925 годзе бальшавікі закрылі храм і размясцілі там павятовы ваенкамат.
Не мінавала тая навала і драўлянай Варварынскай царквы, што была ўзведзена ў 1795 годзе на гарадскіх могілках, з купалам і трымя цыбуляпадобнымі галоўкамі. Аднойчы ноччу, у 1961 годзе, яна згарэла да тла. Вернікі, што наведвалі храм, не выключалі падпалу.

У спіс ушанавання былых храмаў можна было б уключыць і месца на рагу вуліц Сацыялістычнай і Леніна, побач з Маладзёвым цэнтрам. Тут у перыяд з XV стагоддзя і да рэвалюцыі 1917-га стаялі цэрквы Уваскрасення Хрыстовага, Нараджэння Багародзіцы. А непадалёку адсюль з 1419-га да 1852-га гадоў дзейнічаў і Фарны касцёл са шпіталем пад апекай брацтва Святой Ганны. Пасля пажару, які знішчыў храм, вернікі ўзвялі драўляную капліцу, яе ў 20-я гады бальшавікі знеслі.
Усе названыя тры храмы, дакладней месцы іх былой «прапіскі», можна ўшанаваць адным мемарыяльным каменем з дошкамі і адпаведнымі датамі.

Хто мог бы ўзяць на сябе клопат па ўшанаванню месцаў колішніх святыняў? Чытач, напэўна, скажа — у першую чаргу, святары і прыхаджане існуючых у горадзе храмаў. Ды і аддзелу культуры райвыканкаму было б у самы раз падключыцца да гэтай так патрэбнай усім нам справы. І кіраўнікам прадпрыемстваў, на тэрыторыі якіх калісьці стаялі храмы.
А пачынаць варта было б з ушанавання месцаў галоўнага кляштару — Свята-Троіцкага, а за ім — і Замкавай гары. Каб збылася старая народная прымаўка: «Свята месца пустым не бывае».

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии