Як бацьку зрабілі ворагам народа

0

Бацька Вітко Ілья Іванавіч, акрамя таго, што займаўся сельскай гаспадаркай, шыў боты і лічыўся добрым шаўцом. Бацька многа працаваў, выпіваў рэдка, п’яніцам не быў, а калі і выпіваў, дыў добры і вясёлы, многа расказваў пра сваё жыццё. Не помню, каб ён мяне калі-небудзь лупцаваў. А я, напэўна, заслугоўваў. Яго радавала, калі хтосьці хадзіў у прыгожых ботах і гаварыў, што іх сшыў Ілья Іванавіч.

Ён не даваў мне нічога рабіць, не хацеў, каб я быў шаўцом. Калі бацька працаваў у шавецкай арцелі праз дарогу ад нашай хаты, то часта канфліктаваў з дырэктарам арцелі.
Дырэктар аднойчы падагнаў гадзіннік наперад на некалькі мінут і абвінаваціў бацьку, што той спазніўся на работу. Бацьку судзілі, у сям'і было многа перажыванняў. Але пасля суда ён вярнуўся дадому. Яго судзілі ўмоўна за спазненне, утрымаўшы з зарплаты нейкую суму.
Помню, як у трыццаць сёмым годзе ноччу нас усіх разбудзілі мужчыны ў ваеннай форме, зрабілі вобыск ў доме, перавярнулі пасцелі і параскідалі нейкія паперы, а бацьку забралі з сабой і павезлі. Гэта была трагедыя для сям'і, перажыванне і слёзы.
У школе, дзе я вучыўся, я неаднойчы чуў, як услед мне шыпелі: сын ворага народа. Я любіў свайго бацьку і адчуваў, што ён не мог быць ворагам, аднак тыя перажыванні і пачуццё несправядлівасці захаваліся да сённяшняга дня.
Як пасля расказваў бацька, пры арышце, калі яго вялі канваіры, то адзін з іх усё падштурхоўваў яго да абочыны дарогі, каб спіхнуць у прыдарожную канаву і застрэліць, як пры ўцёках. Разумеючы гэта, бацька з усіх сіл стараўся ўтрымацца на дарозе. Ён прабыў у турме некалькі месяцаў па даносу чалавека з другой вуліцы ў Грэску. Бацька запатрабаваў сустрэчу з тым чалавекам і сумеў даказаць, што ён не вінаваты. Следчы не стаў фабрыкаваць ілжывае абвінавачанне.
Калі бацька вярнуўся дамоў, была наладжана бяседа, на якую запрасілі радню і суседзяў. Бацька расказваў, што з ім там абыходзіліся добра, што яго жонка не можа прыгатаваць такі смачны абед, як у турме, ва ўсю хваліў савецкую ўладу. Запомніўся яшчэ і такі выпадак: аднойчы даносчык прыйшоў да нас у дом прасіць прабачэння і прынёс гарэлку, а бацька не стаў з ім піць і гаварыць.
Пасля вайны сем'і нашы і размаўлялі, і заходзілі адзін да аднаго ў хату, дзеці нават сябравалі.

Реклама

Уладзімір Вітко

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии