За жывым «шчытом» ішлі немцы

0

Той халоднай, ветранай снежаньскай раніцай 1943 года жыхары вёскі Бярозаўка, што ў двух кіламетрах ад «варшаўкі», убачыўшы на дарозе ад суседняй вёскі Мялешкі натоўп людзей (жанчын, старых дзядзькаў, падлеткаў), за якімі ішлі немцы з аўтаматамі, падумалі, што іх гоняць для адпраўкі ў Германію і сталі хавацца хто дзе змог. А калі вылезлі са сваіх схронаў, то ўбачылі той натоўп на падыходзе да шашы, ля якой у вёсцы Вясея мясціўся нямецкі гарнізон.
А ўсё пачалося з таго, што ў Мялешках напярэдадні стала на начлег нейкая нямецкая вайсковая часць. Партызаны праведалі аб гэтым і ноччу метраў за дзвесці ці трыста ад вёскі паставілі міну. Раніцай начлежнікі, пешыя і верхавыя, выйшлі з вёскі. І міна ўзарвалася пад двума коннымі, салдатаў і коней забіла на месцы. У адказ немец з ручнога МГ-34 даў доўгую чаргу, па вёсцы ад запальваючых куляў загарэўся саламяны дах крайняй хаты, тушыць яе ніхто не смеў, бо немцы вярнуліся ў вёску і сталі выганяць людзей на вуліцу пад дуламі аўтаматаў і карабінаў. «Шнэль, шнэль, матка!» — няслося ад двара да двара. Немцы думалі, што на той дарозе да шашы, а гэта чатыры кіламетры, ёсць яшчэ партызанскія міны, і рашылі выкарыстаць мірных людзей у якасці жывога «шчыта». І пагналі іх перад сабою, загадаўшы ісці шчыльнай калонай па праезжай каляі. Можна здагадацца, што думалі вяскоўцы ў тыя часіны, як сціскаліся ад жаху іх сэрцы. Але бяда людзей адмінула, акупанты дазволілі ім вяртацца назад.
З тых дарослых «мінёраў» у жывых сёння бадай нікога не засталося — мінула столькі гадоў. А вось 71-гадовы Павел Антонавіч Карповіч, жыхар Мялешкаў, прыпамінае:
— Пачуўшы крыкі немцаў на вуліцы, калі яны сталі выганяць з хатаў людзей, маці хапіла мяне за руку, і мы схаваліся ў зямлянцы, — яна была выкапана яшчэ ўлетку ў агародзе. Немец зайшоў у пустую хату і хутка выйшаў. Пазней маці казала мне, ужо даросламу хлапчуку, што міну тую на дарозе паставіў партызан — славак Юрка, прзвішча яго ніхто і не ведаў тады.
Я таксама не раз бачыў таго Юрку ў сваёй вёсцы: ён з двума сябрамі па зброі ўцёк са Слуцка, дзе знаходзілася славацкая вайсковая часць. Яны прыехалі ў вёску са зброяй на падводзе, і партызаны іх прынялі ў свае рады. У тую снежаньскую ноч ніхто з іх не падказаў Юрку, што ставіць міну паблізу вёскі небяспечна, бо былі выпадкі, калі пасля такіх выбухаў пад мінамі немцы ў адказ растрэльвалі мужчынаў з бліжэйшых вёсак. Падобныя трагедыі былі не рэдкасць у той жорсткай тылавой вайне.

Міхась Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии