Вяртанне блуднага сына

0

На стук у дзверы з двара Вольга Сідараўна падумала, што гэта сусед прыйшоў пазычыць грошай на бутэльку «чарніла» у аўтакраме, якая заехала ў вёску. І спярша не адчыняла, спадзяючыся, што няпрошаны візіцёр адыйдзе.

Але стуканне паўтарылася, яна выйшла ў сенцы і пачула за дзвярамі сіплы, старэчы, але чымсьці блізкі і знаёмы голас: «Вольга, адчыні, гэта я, Грышка, твой брат». У яе ёкнула ў сэрцы ад нечаканасці: сорак з лішнім гадоў яны з братам не бачыліся. Ён нават пісьма перастаў дасылаць і адказваць на яе лісты, і яна ўжо думала, што ён адыйшоў у іншы свет.
Адчыніла дзверы і ўбачыла схуднелага, прыгнутага кручком у плячах, са зрэзаным маршчынамі тварам брата Грышку, які ўсім сваім абліччам нагадваў чалавека, што вярнуўся з канцлагера. Абняліся, яна пачула згорклы пах даўно нямытай бялізны, поту — і Вольга зразумела, што да яе завітаў недагледжаны жанчынай пенсіянер, якому на выгляд было ўжо за семдзесят. Накрыла стол, наліла ў шкляначкі гарэлкі, нарэзала сала, агуркоў, спякла яечню. І не здзівілася, убачыўшы, як брат з апетытам уплятае ўсё, што было на стале.
І ўспомніла якім ён быў любімчыкам у маці - тая болей лашчыла яго ў дзяцінстве, чым яе, хоць Вольга была толькі на два гады маладзейшай. Маці пасля вайны, калі на працадні грошай не давалі ў калгасе, на выручаныя ад продажу летам клубніц рублі, купіла Грышку новы касцюм, і ён фарсеў у ім на вясковых вечарынках. А потым яго прызвалі ў армію, і Грышка на Браншчыне трапіў у танкавую часць, там застаўся на звыштэрміновую службу, ажаніўся, узяў жанчыну разведзеную, з малым дзіцём гадкоў з два, яна была крыху старэйшай за Грышку. Прыехалі разам да бацькоў, тыя накрылі стол, запрасілі радню, блізкіх, суседзяў, павіншавалі маладзёнаў са шлюбам. А калі госці разыйшліся, маці паклікала сына ў сенцы і сказала з дакорам:
— Няўжо, сынок, ты не знайшоў там дзяўчыны? Нашто табе было звязвацца з разведзенай ды і не вельмі ўдалай з твару, як мне здаецца, жанчынай? Ай-яй-яй!
Грышку гэта не спадабалася, ён стрымана адказаў:
— Мама, мы любім адзін аднаго, а хлопчык ад першага мужа будзе нам за сына, а там і сваіх прыдбаем.
У адказ маці паківала галавой з нейкай тугой у вачах і павярнулася, каб ісці ў хату. Грышка хацеў ведаць, што думае пра яго выбар спадарожніцы жыцця бацька, Сідар Трафімавіч Турновіч. Той адказаў, што калі кахаеце адзін аднаго, то жывіце на здароўе.
І тым не менш Грышка ў сэрцы затаіў крыўду на маці, і яна, крыўда тая, тлела ў яго грудзях доўга. Дараваць, як наказвае царква, ён не навучыўся ад бацькоў, якія рэдка ўспаміналі Бога і сына — трымалі ў няведанні. Яго запаветаў аб дараванні.
Год за годам мінавалі, а сын не праведваў бацькоў, зрэдку пісаў, дасылаў фатакарткі, а потым і перастаў, што прычыняла абоім боль у душах.
Пасля выхаду замуж у горадзе дачкі Волькі бацькі засталіся ў хаце адны. 70-гадовы юбілей Сідара Трафімавіча рашылі адзначыць — так пажадала дачка. І Грышку даслалі запрашэнне.
Закалолі вяпрука, жонка з дачкой нарабілі каўбас «пальцам пханых», патрашанкі, нават кіндзюк напіхалі лепшымі спіннымі выразкамі і прыправамі, каб парадаваць сына і нявестку. Бацька, напэўна, не чытаў Евангелле ад Лукі, дзе напісана прытча пра вяртанне блуднага сына, які пакінуў бацькоўскі дом і шмат гадоў бадзяўся па свету, п’янстваваў, у той час як другі сын стаў багатым чалавекам. А для бацькі той блудны ўсё роўна быў родным, і ён накрыў сталы з віном і закускамі, запрасіў гасцей, што выклікала крыўду і непаразуменне ў таго, багатага сына. Бацька дараваў блуднаму яго грахі, абняў і запрасіў на застолле.
А вось Грышка на запрашэнне не прыехаў, нават віншавальнай паштоўкі не даслаў. Самае балючае адчужэнне сына маці, Аўдолля Мацьвееўна, перажыла тады, калі на 83-м годзе жыцця памёр муж, былы франтавік, калгаснік-палявод.
Дачка дала Грышку тэлеграму, указала дзень пахавання. А ён не прыехаў, нават спачувальнага пісьма не даслаў - быццам і не было бацькі на белым свеце! Гэта абурала ўсіх вяскоўцаў, якія праводзілі Сідара Трафімавіча ў апошні шлях да могілкаў.
Чатыры гады яшчэ яго жонка жыла ўдавой, абрабляла летам з дачкой градкі, нават на зіму не хацела жыць у горадзе ў даччынай кватэры з усімі выгодамі. А калі завяршылася і яе нялёгкае зямное жыццё, Грышка з ранейшым адчужэннем і абыякавасцю, замешаных на крыўдзе шматгадовай даўнасці, не палічыў патрэбным прыехаць і развітацца з нябожчыцай-маці.
…І вось праз сорак гадоў вярнуўся, апраўдваўся перад сястрой за свае ўчынкі, у што Волька не верыла. І калі Грышка пасля застолля рашыў прайсці па вуліцы, то рэдкія сустрэчныя бабулі не пазнавалі яго, перапытвалі адна у адной: «Хто гэта такі дахадны завітаў да нас?». Толькі адна з іх, якой было за восемдзесят гадоў, падказала: «Дык гэта ж Грышка Сідараў, той, што на пахаванне бацькоў не прыязджаў». А для большасці вяскоўцаў сярэдняга ўзросту ён быў чужым, невядомым.
Вярнуўшыся ў хату, ён паведаў сястры, што пасля смерці жонкі, якая адыйшла ў іншы свет на шасцідзесятым годзе жыцця і паспела даць завяшчанне на кватэру сыну (сваіх дзяцей з Грышкам у іх не было), ён пасля таго, як пасынак ажаніўся і іх двухпакаёўка ў «хрушчоўцы» стала цеснай, чужой для яго, Грышка сыйшоў з таго гораду.
Стаў бадзяцца па вёсках, начаваць на вакзалах, пакуль яму не дала прытулак састарэлая адзінокая пенсіянерка на Чарнігаўшчыне. Гэта яна падказала адступніку наведацца ў родную вёску.
На прапанову сястры Волькі застацца тут, абжыць бацькаву хату, Грышка катэгарычна адмовіўся. Маўляў, тут я хутка сканаю ад тугі, бо ўсе людзі мне незнаёмыя і чужыя. І праз два дні пакінуў вёску. А праз гадоў тры ад яго сужыцялькі прыйшла вестка, што Грышка памёр і пахаваны ёю на вясковых могілках.

Реклама

Міхась Залескі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии