«Ноч Слуцкіх паясоў» у музеі прайшла з аншлагам

0

Незвычайная падзея адбылася ў Слуцку 24 мая: мерапрыемства пад таямнічай назвай «Ноч Слуцкіх паясоў», якое арганізаваў мясцовы краязнаўчы музей, за адзін вечар наведала болей 600 жыхароў і гасцей горада. Такога аншлага на выставе не помняць нават старэйшыя супрацоўнікі музея.

«Хай і часова, але на Слуцкую зямлю вярнуліся Слуцкія паясы, — адзначыла Наталья Серык, дырэктар краязнаўчага музея, на адкрыцці выставы. —  З музея старажытнабеларускай культуры АН Беларусі і Мінскага абласнога краязнаўчага музея мы прывезлі два залататканых поўных Слуцкіх пояса і некалькі іх фрагментаў. Наведвальнікі змогуць убачыць на іх і меткі, якімі пазначаліся вырабы слуцкай мануфактуры, у прыватнасці імя славутага майстра Яна Маджарскага».
Даждлівае надвор’е не змагло стрымаць жадаючых пабачыць рэліквіі. Колькасць людзей падчас цудоўнага канцэрта на прыступках музея толькі павялічвалася. У першыя хвіліны пасля адкрыцця экспазіцыі да невялікай залы, дзе знаходзіліся паясы, выстраілася чарга. Але супрацоўнікі хутка знайшлі выхад і прапанавалі прысутным разнастайныя цікавыя экскурсіі па другім залам музея.
Наведвальнікі маглі атрымаць кваліфікаваны каментар з гісторыі Слуцкіх паясоў. Многіх цікавіў іх сённяшні кошт. Наконт апошняга адказаў Барыс Лазука, дырэктар музея старажытнабеларускай культуры АН Беларусі: «Аб гэтым можна гаварыць адносна. Усё залежыць ад часу выраба пояса, тэхналогіі, якая выкарыстоўвалася, і захаванасці рарытэта. У нас захоўваецца яшчэ адзін пояс. Ён чыста шаўковы. Гэта падарунак аднаго з наведвальнікаў нашага музея, нашчадка славутага роду Тіханавецкіх-Агінскіх. Князь Аджэй Тіханавецкі, які сёння жыве ў Лондане, за ўласныя грошы набыў яго на аўкцыёне „Крысці“ і перадаў нашаму музею. Вакольнымі шляхамі я спрабаваў удакладніць, колькі ён каштаваў - аказалася, што прыкладна чвэрць мільёна даляраў ЗША. А той, які вы бачыце сёння ў зале, ацэньваецца значна даражэй, бо ён залататканы. Сам матэрыял (залатая нітка) і праца з ім былі больш каштоўнымі».
Случчане хацелі ведаць і колькасць поўных Слуцкіх паясоў, якія цяпер захоўваюцца ў Беларусі.
Па падліках Барыса Лазукі, сёння ў Беларусі чатыры поўных слуцкіх паясы: два ў музеі старажытнабеларускай культуры АН Беларусі, па аднаму ў Дзяржаўным музеі гісторыі і культуры Беларусі і Мінскім абласным краязнаўчым музеі (Маладзечна). Па яго словах, на гэтым фоне сітуацыя выглядае несправядлівасцю, калі сотні паясоў трапілі ў Маскву і Пецярбург падчас Вялікай Айчыннай вайны, але так і не вярнуліся на радзіму. Дзесяткі выдатных узораў налічваецца ў Польшчы і Украіне. Як вядома, валодае імі і Літва.
Апошнія наведвальнікі выставы пакінулі сцены музея ўжо пасля 12 гадзін ночы: кампанія, якая вярталася з рэстарана, завяршыла вечар цікавай экскурсіяй, далучыўшыся да высокай мастацкай культуры Беларусі.
Супрацоўнікі музея падчас мерапрыемства правялі анкетаванне наведвальнікаў - амаль усе яны назвалі выставу як падзею з вялікай літары і аднадушна выказалі пажаданне, каб хаця б адзін арыгінальны Слуцкі пояс вярнуўся на радзіму — і не часова, а назаўсёды.
Слуцкія паясы выклікаюць надзвычайнае, амаль што няўлоўнае ітаму асабліва трымклівае пачуццё, бо з’яўленне іх — гэта здзейсненная мара пра творчы ўсплеск, які адбываецца ў мастацкай культуры кожнага народа аднойчы ў некалькі стагоддзяў… І натхняе ствараць ізноў.

Реклама

Сяргей Багдашыч

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии