На начлег з коньмі

0

Той вясной, у красавіку, калгасную зямлю ў нашай вёсцы на агульным сходзе сяльчан падзялілі пораўну — па тры з паловай гектары ворнай на двор і столькі ж сенажаці.

Не выдзялілі толькі жонцы даваеннага старшыні сельсавету, які ў пачатку вайны быў прызваны ў войска і падаўся з адступаючымі часцямі на ўсход. Сваякі раскулачаных сем’яў, успаміналі яго актыўны ўдзел у стварэнні калгаса. Падзялілі і коней, што засталіся пасля таго, як яшчэ зімой немцы забралі самых лепшых, каля дваццаці галоў. Адзін конь павінен быў абслугоўваць два падворкі - па чарзе.
Як толькі ў сярэдзіне мая пацяплела і на выпасах, балотцах-ішмаках вакол вёскі пайшла ў рост трава, бацька мой неяк надвячоркам сказаў: «Пойдзеш сёння на начлег, апрані кажух, бо ночы яшчэ халодныя». Патрэба ў начным выпасе дыктавалася тым, што кармоў для коней з зімоўкі не засталося, а днём яны павінны былі ўжо цягнуць плугі, бораны да вечара. Нам па жэраб’ю дасталася старая, чорнай масці, кабыла. Пад вечар нас, начлежнікаў, а гэта былі хлапчукі 14−15 гадоў, ды яшчэ два пажылыя мужчыны, набралася на вуліцы чалавек дзесяць.
Паехалі вярхамі да суседняй, за два кіламетры, вёсачкі Таліца і на забалочаным лужку стрыножылі коней вяровачнымі путамі, а самі атабарыліся на сухім грудку. Расклалі касцёрчык, падсмажылі на ражончыках сала і з апетытам павячэралі. Прыслухваліся да пошчакаў салауёў, што даляталі з недалёкага бярэзніку, і хараводаў лягушак, якія вялі начную пераклічку даволі дружным «кра-кра-кра». Прылёгшы вакол дагарэўшага касцярка, у якім яшчэ чырванела вуголле, я пазіраў на неба ў густым россыпу зорак і чакаў чамусьці, што вось-вось адтуль даляціць гудзенне нашага савецкага самалёта, шум рухавікоў якога мы, хлапчукі, добра адрознівалі з першых дзён вайны ад падвываючага гулу нямецкіх самалётаў, болей моцнага, чым у нашых. Але неба маўчала — занадта далёка тады, у 1942-м годзе, была ад Случчыны лінія фронту, не меней шасцісот кіламетраў.
Праверыўшы, ці не разыйшліся далёка ад пашы нашы коні, я заснуў, паклаўшы галаву ў шапцы-аблавушцы на купіну. Недзе за поўнач мяне разбудзіў суседскі хлапец Лёдзя Балвановіч: «Міша, прачніся, я чую: самалёт ляціць, можа, і наш». Сон як рукой зняло. З зорнага халоднага неба даносілася затоенае вышынёй гудзенне «гу-гу-гу» з падвываннем — знаёмы «почырк» бамбардыроўшчыка «Хе-111», які меў дальнасць палёту пад дзве тысячы кіламетраў. Такія самалёты 24 чэрвеня 1941 года, а іх было 18, бамбілі Слуцк. Гэты ляцеў на ўсход да фронту.
Ніколі не забуду, як аднойчы восенню мы сярод ночы пачулі тупанне капытамі і трывожнае іржанне коней. Я разбудзіў дзядзьку Мацвея Валатковіча, і ён, падумаўшы, ціха сказаў: «Пачулі воўкаў паблізу — раскладвайце касцёр, і пойдзем туды». Мы убачылі, што коні сыйшліся ў круг галовамі па яго цэнтру, каб, як зазначыў дзяцька Мацвей, заднімі нагамі даць адпор драпежнікам. Хлопцы-начлежнікі таксама ўжо спалі, пылаў ад сухастою касцёр. Мы ўзялі па галавешцы і пайшлі да табуна, размахваючы імі. З боку недалёкага бярэзніку ў начной цемры праглядваліся дзве пары зелянаватых агеньчыкаў - воўчых вачэй.
І ўжо сон не браў. Ваўкі адыйшлі. На досвітку нас парадаваў сваёй няхітрай мелодыяй «др-др-др» балотны драч, а яшчэ — тужлівыя ўзгалоскі кнігавак, што ўзляталі над балотам, кувыркаліся над ім і садзіліся. Зоркі на небе патухлі, над лесам з заходняга боку толькі вісеў серп маладога месяца. А на ўсходзе ужо ружавеў вогненны шар сонца.
Распутаўшы коней, мы трушком паехалі да вёскі, там сіўкаў і буланых ужо чакалі аратыя, каб ехаць у поле, дзе зямля чакала плуга.
У той год начлежныя ночы выпадалі мне не адзін раз, даводзілася быць і пад дажджом, прыкрыўшыся плашчом, і сузіраць цэлую ноч у фазе поўні ярка-жоўты шар месяца на небе. Тыя начлежкі з коньмі былі і ўрокамі працалюбства, незнаёмымі сённяшнім вясковым хлапчукам, якія бачаць пару-другую коней хіба каля жывёлагадоўчых фермаў ці ў бацькавым агародзе на пасадцы бульбы. А поле вакол вёскі ўжо не адзін дзесятак гадоў - вотчына калгасных механізатараў на сталёвых конях.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии