Вялікая крыўда

0

Амаль усе ў горадзе іх звалі бежанцамі. Маладой жанчыне было гадоў пад трыццаць, хоць яна выглядала крыху старэй. Хлопчыку было каля пяці гадоў, і быў ён надзвычайна смелы, кемлівы і шустры, як уюн.

Жанчыну з дзіцем ў хату пусціў бяздзетны Алесь Розаў з жонкаю Лізай. У іх быў вялікі драўляны дом на ўскрайку горада, дабротны ўхожаны сад, агарод, у васьмі вуллях вяліся пчолы.
Жанчына дапамагала па гаспадарцы заботлівым дабрадушным гаспадарам. Але нядоўга пажыла жанчына: зваліла хвароба і хутка яна памерла. Бяздзетныя гаспадары ласкаю і клопатамі акружылі маленькага Сашу.
Хутка да Алеся прыйшлі з дзіцячага дома, каб забраць сірату. Алесева жонка Ліза нядобра паглядзела і балюча выпусціла з грудзей: «Не аддам, не аддадзім!» Неўзабаве Саша пабег у першы клас і няўпэўненай ручкай вывеў на сшытку сваё прозвішча: «Розаў». Алесь і Ліза, разглядаючы Сашаў сшытак, праслязіліся ад прыемнай радасці.
Хутка мінаў час, год за годам. Саша старана вучыўся, займаўся спортам, музыкай, стаў прыгожым хлопцам, скончыў на выдатна дзесяцігодку. А ў Алеся і Лізы прыбавілася больш маршчын, сівізны.
«Паеду, тата, у ваеннае вучылішча», — сказаў аднойчы Саша, вярнуўшыся з ваенкамата. Ад гэтага ласкавага слова «тата» Алесь не стрымаў слёз.
Цяпер падпалкоўнік Аляксандр Розаў служыць на граніцы і штогод прыязджае да старэнькіх бацькоў на пабыўку разам са сваёй жонкай урачом Марынай, сынам Алесем і дачкою Таней.
Неяк з выпадку прыезду сына, нявесткі і ўнукаў старыя склікалі ў хату сваякоў, суседзяў. Заставілі сталы міскамі з садавінай, гароднінай, мёдам і медавухай. Такія вечары старыя Алесь і Ліза ласкава называлі «мядовіцы».
Першым тост пачаў брат Алеся Сяргей, слесар-механік: «Выпьем за нашага афіцэра, які пільна вартуе нашу граніцу, аберагае ўсіх нас». «І за нашага тату, за нашу маці», — удакладніў пагранічнік.
Пасля вячэры, Сяргей, падхапіўшы Сашу пад руку, вывеў яго ў сад, селі на лаўку… Алесь здалёку пачуў, як гаварыў яго брат: «Вы малайцы, што старога Розава навяшчаеце. А мой родны сын гады ў рады да роднага бацькі прыязджае…
Люта бліснуў вачыма Алесь на брата, хуценька пабег у хату, і ўпаўшы на ложак, горка заплакаў. Гэта заўважыў Саша і тармасіў за плечы бацьку, а ён глыбей і глыбей шыўся ў пуховую падушку. Нарэшце прыўзнял заплаканы твар, гледзячы вінаватымі вачыма то на сына, то на нявестку, то на ўнукаў, то на прыціхлых гасцей, сказаў: „Нішто так казаць было? Нашто? Няўжо я вораг яму — брату Сяргею?“ А падпалкоўнік Аляксандр Розаў туліў да грудзлей сівую бацькаву галаву, і ў самаго на вачах былі слёзы, паціху гаварыў» «Я ўсё ведаю, родны тата, даўно ведаю, мой тата!»
А брат Сяргей паціху пакрочыў да дзвярэй.

Реклама

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии