Лепшы беларускі казачнік

0

У слуцкай гарадской бібліятэке 16 мая прайшлі Першыя Майскія Віткаўскія чытанні. Яны адбыліся менавіта ў той дзень, калі нарадзіўся пісьменнік Васіль Вітка. Паэт і празаік, драматург і перакладчык, настаўнік і публіцыст, крытык і сатырык, журналіст і выдавец — гэта ўсё пра нашага земляка Васіля Вітку, які лічыцца класікам беларускай дзіцячай літаратуры і адным з лепшых казачнікаў свету.


На чытанні сабраліся госці: хто ведаў яго і працаваў разам з ім, прадстаўнікі слуцкай грамадскасці і, канешна ж, дзеці. Наконт апошніх Васіль Вітка неяк сказаў, што быў шчаслівы чалавек, бо ўсё жыццё працаваў з імі.
Адметна, што мерапрыемства прайшло на беларускай мове, чысціню і гонар якой Вітка абараняў на працягу свайго жыцця.
Уладзімір Ліпскі, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», у прамове адзначыў, што гэта дзіцячае выданне не толькі было заснавана Васілём Віткам — яно фактычна з’яўлялася жыццёвай калыханкай пісьменніка. Сярод тых, хто гаварыў пра нашага вядомага земляка, былі супрацоўнікі бібліятэкі і вучні мясцовых школ, якія чыталі вершы паэта. Падзяліліся сваімі ўспамінамі і думкамі Тамара Тарасава, літаратуразнаўца, Мікола Маляўка і Уладзімір Мазго, лаўрэаты Літаратурнай прэміі імя В. Віткі. Цікавы экскурс ў гісторыю «Літаратурная Случчына: погляд праз гады» зрабіў Анатоль Жук, галоўны радактар газеты «Слуцкі край». Паводле яго падліку, з даўніх часоў і да нашых дзён можна назваць каля 200 імён дзеячоў літаратуры, якія ўнеслі свой разнастайны ўклад у развіццё гэтай справы на Случчыне. У хуткім часе павінна выйсці кніга аб іх.
Аб незабыўных сустрэчах з Васілём Віткам вёў аповед Мікалай Хілько, намеснік дырэктара САВШ № 3 горада Слуцка: «Аднойчы да вучняў сярэдняй школы № 8 завітаў дэсант пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Случчыне. Пасля сустрэчы яны ставілі аўтографы на сваіх кнігах. Цікава, што да Васіля Віткі выстраілася чарга. Сакрэт гэтага раскрыўся хутка. Вітка кожную кнігу падпісываў такімі словамі: „Лепшаму вучню школы…“. Жадаючых быть лепшым аказалася шмат». Гэты выпадак яскрава падцвярджае, што наш зямляк быў і таленавітым педагогам.
Ён марыў выдаць свой падручнік для дзяцей па беларускай мове, але не паспеў.
На сустрэчы гучала думка, што Васіль Вітка быў сапраўдным патрыётам сваей малай радзімы. Не выпадкова з-пад яго пяра выйшлі такія словы: «Случчына, ты — запаветная паэма мая, якую я пішу ўсё жыццё, збіраю па словах, па радках. Але вось паспрабаваў скласці іх разам — і бачу: паэма яшчэ не напісана. Мабыць, аднаму не па сіле напісаць яе, вартую дзівоснай прыгажосці і крынічнай чысціні роднай зямлі».
У ходзе чытанняў прагучалі прапановы назваць адну з вуліц Слуцка ці школу іменем Васіля Віткі. Выказваліся думкі аб усталяванні яму помніка. Усе яны заслугоўваюць падтрымкі.
Першыя Майскія Віткаўскія чытанні завяршыліся на аптымістычнай ноце. З гэтага года яны стануць у Слуцку традыцыйнымі.

Падрыхтаваў Сяргей Багдашыч

Реклама

З біяграфіі беларускага класіка дзіцячай літаратуры
Нарадзіўся Васіль Вітка (Цімох Васільевіч Крысько) 16 мая 1911 года ў вёске Еўлічы. Праз год абставіны склаліся так, што Цімох з сям’ёй апынуўся ў Сібіры, у горадзе Омску, дзе пражылі шэсць гадоў. Пасля рэвалюцыі маці з дзецьмі вярнулася ў родныя Еўлічы. Хутка пасля дэмабілізацыі прыехаў туды і бацька паэта. Пасля сямігодкі Цімох паступіў у слуцкую прафтэхнічную школу, якую скончыў у 1928 годзе.
Працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у завадской шматтыражцы, у рэдакцыі абласных, потым рэспубліканскіх газет.
У час Вялікай Айчыннай вайны — рэдактар масавых выданняў для акупаваных раёнаў Беларусі. Тады ён і ўзяў сабе псеўданім Васіль Вітка.
На працягу 1944−1947 гг. быў адказным сакратаром, потым намеснікам рэдактара часопіса «Беларусь».
З 1948 Васіль Вітка — намеснік рэдактара, потым галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» (1948−1957).
З дня стварэння дзіцячага часопіса «Вясёлка» быў яго галоўным рэдактарам (1957−1974).
Васіль Вітка выдаў болей 25 кніжак.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэ-міі БССР (1972). У 1978 годзе адзначаны Міжнародным ганаровым дыпломам імя Х. К. Андэрсена, прозвішча яго занесена ў ганаровы спіс лепшых казачнікаў свету. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Памёр Васіль Вітка 5 ліпеня 1996 года. Пахаваны ў Мінску.

Случчына

Ёсць на зямлі такі куток,
З якім навек я злучаны,
Адтуль ступіў свой першы крок —
Мая радзіма — Случчына.

Не зводзіліся ўсе вякі
На Случчыне паэты.
Вянкі іх песень — рушнікі,
Сурвэты — іх санеты.

Увекавечыў Слуцак нас
Сваімі паясамі.
А пра цяперашні наш час
Вы ведаеце самі.

Пачуўшы ад старых людзей,
На ўласны смак праверыў -
Няма нічога саладзей
Славутай слуцкай бэры.

А тыя, хто памаладзей,
Перадаюць унукам —
Няма нічога саладзей,
Чым слаўны слуцкі цукар.

Сябры, паверце земляку:
За век свой некароткі
Я ўпэўніўся, што случаку
Увесь наш край салодкі.

Над Случчынай салодкі звон,
Як рой наўкола маткі.
Люблю яшчэ з дзіцячых дзён
Салодкія загадкі.

Цікава аб вершы
Гэты верш у 1970 гады па просьбе Мікалая Хілько, тады настаўніка слуцкай СШ № 8, Васіль Вітка перапісаў на ліст паперы, які доўгі час вісеў на стэндзе ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры. Факт цікавы, бо адна справа — чытаць верш надрукаваны, і другая — напісаны рукою самога паэта.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии