Слуцкае Евангелле

0

Гістарычныя каштоўнасці нашага краю
Рукапіснае Слуцкае Евангелле, якое яшчэ называюць Евангеллем Юрыя Алелькавіча, з’яўляецца нацыянальнай праваслаўнай святыняй. У апошнія часы інфармацыю пра яго можна сустрэць у розных крыніцах. Звязана гэта перш за ўсё з нечаканым вяртаннем кнігі, бо яна лічылася страчанай у часы Вялікай Айчыннай вайны. Згаданая падзея дае падставу для спадзяванняў, што будуць знойдзены і вернуты на сваю гістарычную радзіму і іншыя нашы страчаныя каштоўнасці.

Для краіны, якая становіцца на шлях нацыянальнага адраджэння, даследаванне і папулярызацыя свайго мінулага, шанаванне і вяртанне да жыцця гістарычных святынь, — з’ява звычайная. Для Случчыны ж падзеі, звязаныя з вяртаннем Слуцкага Евангелля, знамянальныя. Яны яшчэ раз нагадалі пра значнасць слуцкай мінуўшчыны і яе культуры ў гісторыі краіны.

Реклама

Дыялог з апанентам
Чалавек недасведчаны можа задаць пытанне: «А якое значэнне мае гэта старажытная рукапісная кніга, цяпер жа з евангельскімі тэкстамі можна пазнаёміцца без перашкод?». І ён, здаецца, мае рацыю: Біблія, часткай якой з’яўляецца евангелле, выходзіць на мовах шматлікіх народаў, гэта адна з самых выдаваемых кніг у свеце. У Беларусі, напрыклад, па благаслаўленню мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Уладыкі Філарэта ажыццёўлена выданне чатырох кананічных евангелляў з паралельнымі тэкстамі на грэчаскай, царкоўна-славянскай, рускай і беларускай мовах. Нагадаем, што евангеллі ад Марка, Матфея, Лукі і Іаана могуць выдавацца па-асобку, а калі прыводзяцца разам, то гэта — чацвераевангелле. Менавіта такой з’яўляецца і Слуцкае Евангелле.
У размове з уяўляемым апанентам адзначым, што ў адрозненні ад выдадзеных друкарскім спосабам кніг рукапіс з’яўляецца творам унікальным. Такія рэчы маюць музейную і калекцыйную каштоўнасць. Старадаўнія кнігі аздабляліся мастакамі і ювелірамі, таму яны яшчэ маюць і каштоўнасць мастацкую. Навуковае ж значэнне такіх твораў увогуле не выклікае сумненняў. Але галоўнае — гэта каштоўнасць духоўная. Нават атэісты, якія вялі барацьбу з рэлігіяй, разумелі значэнне Слуцкага Евангелля, нездарма яно захоўвалася ў спецыяльным сейфе разам з Крыжом Ефрасінні Полацкай і разам з ім знікла ў 1941 годзе.

Твор Алелькавіча
Рукапісныя кнігі ў Слуцку пачалі ствараць з ХV стагоддзя. Такая майстэрня мелася ў Троіцкім манастыры і працавалі там манахі. Заказчыкамі кніг выступалі царкоўныя іерархі або свецкія магнаты. Слуцкае Евангелле — адзіны вядомы нам прыклад, калі твор выйшаў з пад пяра прадстаўніка прывеліяванага саслоўя. Тое, што стваральнікам кнігі з’яўляецца слуцкі князь Юрый Юр’евіч Алелька, мы ведаем дзякуючы прыпісцы, якую зрабіў спавядальнік князя святар Малафей: «Юрый Юр’евіч Алелька года Божага 1580 сам сваёю рукой ўласнаю перапісаў».
Працу сваю князь Юрый не афішыраваў, наадварот, пачаў яе таемна. Але святар Малафей згадвае, што ён бываў у князя і не толькі чуў, але і бачыў гэту працу. Задумка ў князя была ўнікальнай — ён вырашыў напісаць Евангелле золатам. Аднак, кніга пачынаецца золатам, а далей пісана простым чарнілам. Як дадае святар, тое ўчынілася не ад сквапнасці, а каб праца завяршылася хутчэй, бо пісьмо золатам ішло больш марудна. А прычына спяшацца, як піша святар, была — да князя набліжалася хвароба, а хваляванне за ахопленую неспакоем краіну ўвогуле скарацілі яго жыццё.
Евангелле Юрыя Алелькавіча стала своеасаблівым завяшчаннем князя. Было зроблена яно для Троіцкага манастыра і падорана разам з настаяцельскім посахам і срэбным пацірам — «для вечнай памяці і багамолля благачэсція святога». Сваім учынкам ён засведчыў вернасць веры сваіх продкаў і старадаўнім праваслаўным традыцыям. У гэтай сувязі заслугоўвае ўвагу вяртанне князя да стылю напісання — устава — шрыфта, характэрнага для рукапісаў ХІ-ХІІ стагоддзяў, бо ў разглядаемыя часы быў распаўсюджаны паўустаў - стыль больш лёгкі ў напісанні, але пазбаўлены той ўрачыстасці. Напісаныя князем літары стваралі ўражанне адціснутых друкарскім спосабам.
Разам з князем над кнігай працавалі і іншыя майстры. Мастакі намалявалі прыгожыя застаўкі, з якіх пачынаюцца кожнае евангелле і асобныя яго главы, а таксама пачатковыя літары. Як пісаў у сваёй кнізе пра слуцкія старажытнасці ў ХІХ стагоддзі Ф. Серна-Салаўевіч — гэтыя малюнкі - верх мастацкай дасканаласці. Пераплётчыкі зрабілі пераплёт з дошак, абкладзеных малінавым аксамітам. Ювеліры выканалі металічны абклад. Завершана кніга была ў 1582 годзе.

Лёс кнігі
Да канца 1860-х гадоў Троіцкі манастыр перавялі ў Мінск. Манастыр жа на Трайчанах застаўся — у сваю чаргу сюды прыбыў з Грозава Іаана-Багаслоўскі. Але назапашаныя ў Слуцку каштоўнасці - бібліятэка, абразы і іншае былі вывезены ў Мінск. Толькі ўкладныя запісы, зробленыя ад імя князя Юрыя на Евангеллі яго работы, падораных ім посаху і чашы, сталі прычынай, каб гэтыя рэліквіі засталіся. Але абклад з Евангелля быў зняты і з тых часоў яно ўпамінаецца ў простым, агорнутым аксамітам пераплёце.
Манастыр пасля ўсталявання Савецкай улады закрылі, каштоўныя рэчы з яго, у тым ліку Евангелле, трапілі ў Слуцкі краязнаўчы музей. Спецыялісты з Мінска адзначылі мастацкую і гістарычную каштоўнасць Евангелля, посаха і паціра, выняслі рашэнне, каб яны былі перададзены ў Мінск у Беларускі дзяржаўны музей. У сувязі з мяркуемым перамяшчэннем сталіцы з Мінска ў Магілёў, туды ў 1929 годзе быў пераведзены і Дзяржаўны музей. І хаця пераносу сталіцы не адбылося, музейны фонд знаходзіўся ў Магілёве да вайны. Па загаду партыйных кіраўнікоў самыя каштоўныя рэчы захоўваліся ў асобным сейфе, які з часам апынуўся ў будынку гаркама партыі. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны з Магілёва музейныя фонды эвакуіравалі ў Расію. Тады сляды многіх твораў, у тым ліку Крыжа Ефрасінні Полацкай і Слуцкага Евангелля, згубіліся.
Знайшлося Слуцкае Евангелле нечакана ў 2003 годзе, пад час правядзення Епархіяльных чытанняў, Уладыкам Філарэтам было прадстаўлена шырокаму колу яго ўдзельнікаў.
Цяпер Слуцкае Евангелле з’яўляецца ўласнасцю Беларускага экзархата, знаходзіцца ў хатняй царкве ў гонар Сабора беларускіх святых пры Мінскім Епархіяльным Упраўленні. Для вывучэння і атрыбутацыі яно была прадастаўлена ў карыстанне навукоўцам. Намаганнямі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук зроблена электроннае выданне кнігі і ў такім выглядзе яна можа быць прадастаўлена ўсім жадаючым. Несумненна, што з такім электронным варыянтам у хуткім часе можна будзе пазнаёміцца і ў Слуцкай бібліятэцы.
А што сама святыня не вяртаецца ў Слуцк, шкадаваць не прыходзіцца, тым больш, што Уладыка Філарэт, які мае тытул мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, з’яўляецца гістарычным спадкаемцам архімандрытаў Слуцкага Троіцкага манастыра, у карыстанне якім некалі і завяшчаў свой падарунак князь Юрый Алелька.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии