Не раскажа бяроза белая

0

У пакалення, дзяцінства якога супала з пачаткам 30-х гадоў мінулага веку і якое падрастала ў вёсцы, яркіх жыццёвых успамінаў засталася ня шмат. Для мяне асабіста — калі ўпершыню над вёскай праляцеў самалёт-кукурузнік У-2 з Урэцкага аэрадрому, а яшчэ шумны, з лязгам гусеніц, праезд па вуліцы танкеткі, што завітала з таго ж Урэчча, дзе ўжо ладзіўся вайскавы гарнізон.


Але болей уразлівым быў дзень ранняй вясной, калі ў нашу хату зайшла босая маладая жанчына ў доўгай, са зрэбнага шэрага палатна, сукенцы, без хусткі, з пасівелымі ад холада рукамі і нейкімі ўстрывожанымі вачыма. Нічога не кажучы, госця нагнулася над карытам, у якое наша маці высыпала з чыгуна вараную для свіней бульбу, стала хапаць гарачыя клубні і, не абіраючы іх, есці. Мяне і дваіх маіх братоў-падлеткаў дашкольнага ўзросту, што сядзелі на печы, таропкі «сняданак» госці не толькі здзівіў, але і напалохаў.
Маці клікала жанчыну Волькай і прасіла не есці з карыта, з чым яна пагадзілася. А затым з прагнасцю ела перададзены ей акраек жытняга хлеба са скрылікам сала. Але усё, што Волька з маці гаварыла, нам было незразумелым, бо яна, усміхаючыся, несла нейкую лухту. Калі Волька выйшла з хаты, мы злезлі з печы і кінуліся да вакна, каб паглядзець, як яна тупала босымі нагамі па падталым снезе. Яшчэ не раз басанож наведвалася яна ў нашу і суседнія хаты, каб чым-небудзь пажывіцца, і людзі не адмаўлялі, ведаючы пра яе хваробу і напаткаўшае гора.
Волька была дачкой вяскоўца Юліся Бараноўскага, якога ў 1931 годзе з жонкай і двума дарослымі сынамі раскулачылі і звезлі ў Слуцк на зборны пункт для адпраўкі на Котлас. Вольку, як псіхічна хворую, у спіс не ўключылі, пакінулі на апусцелай сядзібе. Дзяўчына спярша жыла ў хаце, а калі яе разабралі і вывезлі ў мястэчка Пагост, то начавала да зімы ў гумне, жабравала, толькі на зіму кудысьці знікала.
Той хутар за могілкамі на схіле гары запамятаўся і тым, што мы, вясковыя хлапчукі, летам хадзілі туды ў сад, каб пад яблынявымі, грушавымі дрэвамі назбіраць ападу, а то і натрэсці спелых яблык, слуцкіх бэраў, фунтовак.
Пасля вайны ад хутару не засталося і следу, усе пабудовы былі знесены, а зямля вакол узарана і ўвайшла ў калгасны абарот. Праўда, на месцы, дзе калісьці была хата Юліся, засталася адзінокая ярка-белая бяроза — апошняя сведка загубленага сялянскага падворка і яго насельнікаў. Ніхто з высланых хутаранцаў назад у Кутнеў не вярнуўся. А Вольку, хутчэй за ўсё, яшчэ да вайны ўлады справодзілі ў псіхбальніцу, і лёс яе загубіўся канчаткова.

Міхась Тычына

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии