Самасуды ваеннага часу

0

У першым томе кнігі «Памяць. Слуцкі раён» ёсць засведчаная ў архівах інфармацыя такога зместу: «У снежні 1943 года ў партызанскую брыгаду імя Чкалава прыбыло 676 мужчынаў прызыўнога ўзросту — для адпраўкі за лінію фронту». І ні слова, дзе, у якім месцы таго фронту, што напрыканцы года праходзіў паблізу вёскі Парычы, што на Гомельшчыне.

Я пазваніў у вёску Паўстынь знаёмаму былому партызану, які служыў у брыгадзе імя Панамарэнкі там жа, на Любаншчыне, дзе дыслацыравалася і брыгада імя Чкалава, і спытаў, што ён ведаў тады, у 43-м годзе, пра мабілізаваных для адпраўкі за лінію фронту. Ён адказаў, што ў іхняй брыгадзе такіх не мелася, а ў суседняй, імя Чкалава, былі маладыя хлапцы і мужчыны, якіх групамі адпраўлялі ноччу ў раён паблізу Парычаў, дзе ў балотах, якія восенню былі непраходнымі, пасля замаразкаў разведка высачыла месца ў лініі фронту, дзе можна было свабодна прайсці да сваіх. Пазней немцы пранюхалі гэты «калідор» і перакрылі яго. А колькі чалавек паспелі пера- правіць, невядома, можа дзе ў архівах і ёсць дадзеныя.

Хуткая расправа
У ліку тых прызваных быў і жыхар вёскі Мялешкі Слуцкага раёна Віктар Бялькевіч. Яго бацька Рыгор прасіў зайшоўшых у хату партызанаў не браць Віктара, бо яго жонка Ганна была на апошніх тыднях цяжарнасці першымі родамі. Яму адказалі: «Нічога, самі з ею ўправіцеся, а яму трэба паслужыць радзіме». І павялі за сабою. Праз дзён колькі Віктар вярнуўся і паведаў бацьку пачутае ад знаёмага партызана, што мабілізаваных адправяць праз Парыцкі «калідор» у лініі фронту да сваіх, на папаўненне парадзелых стралковых палкоў. Віктару, напэўна, не надта хацелася быць франтавіком, а ў партызанскім атрадзе ён не прэч быў застацца. Але такой перспектывы не прадбачылася — і ён уцёк дамоў, не думаючы, што яго залічаць у дэзерціры і могуць пакараць па законах ваеннага часу. Так і выйшла. Днём у хату зайшлі двое з тых, што бралі яго раней, і загадалі ісці за імі. Вывеўшы Віктара за вёску, расстралялі.
Жонка праз два тыдні пасля пахавання мужа нарадзіла сына. Вёска была ўзрушана такім самасудам, і ўсе мужчыны прызыўнога ўзросту (да 50 гадоў) сталі ноччу хавацца ў зямлянках і гумнах, бо ўжо ведалі, дзеля чаго людзей адпраўляюць ноччу ў няблізкую дарогу. У дачыненні да Віктара Бялькевіча прысуд быў зроблены па законах ваеннага часу. Але выканаўцам хацелася напомніць жыхарам вёскі прызыўнога ўзросту, што іх чакае, калі паўтораць учынак Бялькевіча.

Реклама

Бедная Антоля
У практыцы лясных салдатаў самасуды былі не рэдкасць — і не толькі да паліцаяў, вясковых старастаў, настаўнікаў, якія адкрывалі пачатковыя школы ў вёсках, але і да сваякоў, раскулачаных у 30-я гады сялянаў.
Восенню 1942 года ў тых жа Мялешках днём партызаны расстралялі роднага брата слуцкага паліцая Івана Сыцькі - Андрэя, чалавека сямейнага, немаладога. Сцягнулі з даху, калі ён перакрываў яго саломай. І тут жа, ля хаты, грымнуў стрэл. Гэта надала яго брату яшчэ большай лютасці і жорсткасці ў адносінах да нават ні ў чым не вінаватых людзей. Зло параджае новае зло — так і ў Пісанні засведчана дзве тысячы гадоў назад.
У вёсцы Боркі, што ў трох кіламетрах ад Мялешкаў, у хаце раскулачанага ў 1931 годзе Язэпа Малевіча вясной 1942 года стала жыць адзінокая незамужняя, гадоў за пяцьдзесят, жанчына Антоля. Вяскоўцы казалі: прыйшла яна з вёскі Дараганава, што каля Бабруйску, дзе да вайны жыла ў доме роднай сястры Вольгі, муж Андрэй якой быў сынам таго раскулачанага Язэпа Малевіча.
Жанчына нікуды далей дому не хадзіла, рэдка страчалася нават з суседзямі, летам шчыравала на градках, з якіх і жыла. Нехта з вяскоўцаў, мусіць, данёс партызанам на яе, як на «неблаганадзейную» (радня раскулачанага), і тыя восенню 1943 года забралі Антолю з сабою ў лагер. Яшчэ пры жыцці Васіля Іванавіча Давыдава, былога начальніка штаба партызанскай брыгады імя Чкалава, я пазваніў яму і спытаў, што яму вядома пра лёс той Антолі, бо яго жонка Марыя была з арыштаванай аднавяскоўкай. Ён адказаў, што асобы аддзел прыгаварыў яе да расстрэлу. За што — яму не гаварылі. Што ж, з такімі абвінавачаннямі ў 1937 годзе ішлі пад расстрэл сотні тысяч ні ў чым не вінаватых людзей.

Калі сыны былі на фронце…
Такі лёс напаткаў і 52-гадовага жыхара гэтай вёскі Аніську Сінькевіча, адзін сын якога, Алесь, быў ужо ў партызанах, другі, Іван, ваяваў недзе на фронце як баец Савецкай Арміі. Аніська пад восень павёў у неблізкую, за лесам, вёсачку дзесяцігадовага пляменніка, які ўсё лета пасвіў свіней на выгане.
У вёсцы Таліца іх затрымалі партызаны. Адзін з іх, нехта Пупкевіч, выслухаўшы старога, заявіў, што ён прыкідваецца сваяком хлопчыка, а сам прыйшоў у разведку. Адвёў таго ў лес і прыстрэліў. А хлопчык сам дабраўся дамоў, нічога не ведаючы, куды падзяваўся дзядзька.
Адшукаў труп праз месяц мясцовы ляснічы Рэут і закапаў, нават пабаяўся паведаміць родным пра месца гібелі няшчаснага — нават пасля вайны.

Замест эпілога
Гэтымі ўспамінамі пра самасуды над вяскоўцамі аўтар не меў намеру навесіць цень на народных мсціўцаў, большасць якіх мала што ведала пра справы атрадных ці брыгадных асабістаў, нярэдка з ліку даваенных энкэвэдыстаў, паводзілі сябе з людзьмі памяркоўна, бо кармі-ліся ад іх, атрымлівалі каштоўныя звесткі. Але нехта мудры ў свой час сказаў, што на вайне добры, сумленны чалавек становіцца яшчэ дабрэйшы да сваіх людзей, а злосны, нялюдны — яшчэ горшы. Траплялі такія і да партызанаў.

Міхась Залескі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии