Утаймавальнік магнітных мінаў

0

Такія сустрэчы ў журналіста лічацца ўдачай, бо звязаны з раскрыццём прафесій, якія калісьці былі засакрэчанымі для тых, хто не валодаў імі. А сустрэўся я выпадкова з жыхаром вёскі Новы Гуткоў Слуцкага района — пенсіянерам Уладзімірам Кузьмічом Кукліцкім. Не там, па месцу жыхарства, а ў аднапакаёвай кватэры ягонай дачкі на пятым паверсе дома па вуліцы Будаўнікоў, дзе ён, пасля смерці жонкі тры гады таму, зімуе.

У 1943 годзе яго прызвалі на тэрміновую службу на Балтыйскі флот, у горад Ліепая Латвійскай ССР, дзе месцілася ваенна-марская база. За год і тры месяцы скончыў дзве школы — электра-механічную і школу сувязі, па спецыяльнасці «электрык». Тра-піў па размеркаванню на трафейны карабель «Логер», які ў гады вайны выкарыстоўваўся немцамі як памагаты для іх падводных лодак — забяспечваў іх акумулятарамі. Пасля вайны яго прыстасавалі для размагнічвання нашых баявых і транспартных караблёў, каб яны ў плаванні не сталі ахвярамі магнітных донных мінаў, якімі самалёты «Люфтвафэ» і падлодкі густа нашпігавалі Балтыйскае мора паблізу берагоў СССР.

— Чым была небяспечна гэта марская пачвара?
— Тым, што варта было караблю паявіцца над месцам, дзе гэтая сталёвая штука, начыненая 200 кілаграмамі трацілу, ляжала на дне, як спрацоўваў электрычны ўзрывальнік. Ад выбуху міны (нават на глыбіні каля 100 метраў) і удару «спрасаванай» ім марской вады судна або расколвалася на паловы, або станавілася недзеяздольным і часта танула.

Реклама

— Як мне вядома з часоў службы на тым жа Балтфлоце, у моры пасля вайны засталося нямала і так званых гальванічных мінаў, са шклянымі «рожкамі» на шарападобным корпусе. Іх гадоў шэсць ці болей пасля вайны дзень пры дні тралілі спецыяльныя караблі, падсякаючы тросы.
— І я знаёмы з гэтымі штуковінамі, але яны былі не так небяспечнымі, як магнітныя, бо іх пасля ўсплыцця на паверхню вады тральшчыкі расстрэльвалі з гарматы і ў журнале выкананай работы пазначалі тое месца.

— Валодзя, а з чаго пачынаўся працэс размагнічвання карабля? Рассякрэць твой флоцкі занятак.
— Яшчэ ў гады вайны ў Англіі за золата, як нам казалі, на караблі было закуплена сем прыбораў «Пістоль», якія дакладна вызначалі узровень магнітнага поля кожнага карабля — ад носу да кармы. Адзін такі прыбор трапіў і на наш карабель, у трумах якога знаходзілася аж 250 акумулятараў вагой па 400 кілаграмаў кожны — для падачы пастаяннага току, так патрэбнага ў нашым занятку. Мне было вядома са школы ў Ліепаі, што магнітная міна спрацоўвае пры сілавым полі аб’екта на паверхні вады ў 100 мега-эрстах (адзінка вымярэння). На караблях пры абмеру прыбор зашкальваў нярэдка на 200−300 эрстах. Работа пачыналася з таго, што я браў той «Пістоль» і с афіцэрам узнімаўся на борт карабля, прызначанага для абследавання. Матросы замацоўвалі яго на стальным тросе, апускалі пад кіль судна і паволі праводзілі ад носу да кармы. Паказчыкі абмеру фіксаваліся на пульце, які быў у мяне пад рукамі. Да борта карабля падыходзіў наш «Логер», з яго падаваўся спецыяльны кабель, якім матросы апярэзвалі корпус судна, па кабелю падаваўся ад акумулятараў пастаянны ток высокага напружання, ён і знімаў магнітнае поле да 10−12 мега-эрстаў, з імі судну ўжо не страшнымі былі магнітныя міны.

— На доўгі час, ці аперацыя гэтая паўтаралася зноў?
— У залежнасці ад класу карабля. Для крэйсераў, эсмінцаў, падлодак, якія былі на ўзбраенні флоту, запасу трываласці хапала аж на тры месяцы, а для тральшчыкаў-статоннікаў, марскіх ахот-нікаў, тарпедных катэраў размагнічванне паўтаралася праз кожны месяц плавання. За шэсць гадоў службы мне даводзілася наведваць гэтыя караблі па некалькі разоў, мяне там ужо ведалі не толькі камандзіры, а і радавыя матросы.

— Ці былі на той час тваей службы выпадкі падрыву суднаў на магнітных мінах?
— Не было ні разу такога.

— А ляжачыя на дне мора міны па-ранейшаму і сёння небяспечныя — як і пяцьдзесят гадоў таму?
— Безумоўна. Корпус у іх з тоўстай сталі, паверх пакрыты воданепраніцаемым спецыяльным слоем. Так што, калі карабель не прайшоў размагнічвання, то яны могуць нарабіць бяды. Але, наколькі ведаю, ужо ў канцы маей службы ў СССР паявіліся на караблях прыборы, якія без лішніх пабочных клопатаў на сваім пераменным току маглі размагнічваць корпус.

— Акрамя цябе, з Новага Гуткова на флот прызываліся яшчэ хлопцы?
— Аж дзевяць чалавек, хоць вёска мела ўсяго 47 двароў. Прызываліся хлапцы, якія мелі адукацыю не меней, чым сярэднюю.
Мой сын Мікалай закончыў Севастопальскае ваенна-марское вучылішча і нёс службу на Ціхаакіянскім флоце, камандаваў атамнай падводнай лодкай і ў чыне капітана 1-га рангу выйшаў на пенсію, жыве з сям’ёй ва Уладзівастоку. Трапілі на флот мае землякі Серадзінскія — бацька Анатоль і сын Валера, — Іван Гуткоўскі, Мікалай Пархімовіч, Лёва Духноўскі, Слава Пархімовіч. У вёску пасля службы вярнуліся трое — я, Лёва Духноўскі і Іван Гуткоўскі, астатнія засталіся за межамі Беларусі.

— Як склаўся твой лёс пасля службы?
— Вярнуўшыся ў вёску, ажааніўся, завочна скончыў Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі, працаваў у сваім калгасе інжынерам, жонка — паляводам, даяркай. Дачка Таццяна жыве ў Любані, працуе майстрам у вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі. З дачкой Наташай я вось і зімую. А як пацяплее, вярнуся ў родны кут, там ўсё блізкае і дарагое, можна з суседзямі сустрэцца, у лес па грыбы схадзіць, на градцы пашчыраваць у ахвотку.

Гутарыў Міхась Тычына

Даведка «Кур'ера»
Бескантактныя донныя магнітныя міны упершыню былі прыменены пад час 2-ой Сусветнай вайны. Мелі дыяметр да 0,6 метра, дліну — да 6 метраў і маглі ўтры-мліваць ад 250 да 1000 кг выбуховага рэчыва. Найбольш эфектыўная глыбіня ўстаноўкі доннай міны не перавышала 70 метраў.
Такія міны аснашчаліся магнітнымі ці індукцыйнымі ўзрывацелямі, якія спрацоўвалі без кантакту з караблём пад уздзеяннем яго магнітнага поля.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии