Пісьмо ад сына

0

У прасторнай хаце было ціха, толькі рытмічна ходзікі адлічвалі хвіліны. Марыя ляжала на ложку з расплюшчанымі вачыма. Натруджанае за дзень цела ныла. Цяжка пад старасць жыць адной. Дні цякуць аднастайна, а доўгія ночы здаюцца цэлай вечнасцю. Недзе далёка ў Расіі жыве дачка. Як хочацца пабачыць яе, панянчыць унукаў! І хоць у кожнам пісьме дачка с зяцем запрашалі прыехаць да іх жыць або хоць у госці, яна ўсё не згаджалася. Трэба ехаць недзе за свет, ды гаспадарку няма на каго кінуць. І адпісвала старая, што пачакае крыху, што хутка сын павінен адслужыць і прыехаць.
Сын Іван… Успомнілася маці, як кожны вечар ён прыходзіў з работы ўвесь прапахлы збожжам і саляркай. У такія мінуты яна не зводзіла вачэй з сына, прагна углядалася ў яго твар, дарагі і знаёмы да самай маленькай рыскі. Далёкі ўспамін абудзіў перапоўненае тугою неспакойнае сэрца. Спаць яна не магла і ўсё думала, думала пра сына… Аж трашчыць ад думак галава — і ўсё пра яго. Цэлых тры гады чакала маці сына. Кожная вестачка ад яго ўваходзіла ў хату як святло, і хата быццам рабілася яшчэ больш прасторнай і вясёлай. Сёння таксама атрымала пісьмо і не ведала, як адказаць любаму салдату. Не хочацца верыць, што яшчэ доўга давядзецца ей жыць без Івана са сваімі думкамі-трывогамі. А як бы добра было, калі б цяпер ён жыў дома. Многія ўжо папрыходзілі з арміі, жэняцца. Жылі б яны ўдваіх пакуль, а там…
Сухія вусны жанчыны ледзь-ледзь разыходяцца ва ўсмешцы. Рояцца, змяняюцца думкі. Хоча яна выкарыстаць сваё мацярынскае права і - не можа. Есць штосьці такое, што мацней за матчыны пачуцці, жаданні, штосьці больш важнае.
Скрыпнуў ложак, Марыя скінула коўдру з сабе, паднялася. Уключыла люстэрку, села каля стала, нахілілася над пісьмом, шэптам пачала сабе чытаць: «А цяпер парайце, мама, як мне быць. Не магу адстаць ад таварышчаў. Ды ў самаго жаданне вялікае. Паедзем на новыя землі - цаліну. Толькі вось засумаваў вельмі па Вам, мама, ды і Вы прыязджаць просіце…»
Жанчына адклала ўбок ліст, дрыготкімі пальцамі выняла з канверта сынаву фотакартку. Глядзела доўга, быццам упершыню, пакуль не ўздрыгнулі бровы і не заслала вочы туманам.
Яна ўздыхнула, выцерла ражкамі хусткі вочы і падсунула да сябе пачатае яшчэ ўчора днём пісьмо сыну. Шурпатыя пальцы пачалі выводзіць словы — простыя, поўныя бязмернага мацярынскага пачуцця.
— Цяжка мне, — пісала маці, — змірыцца з тваім жаданнем, сынок. Старая я, хто ведае, колькі мне жыць засталося. Чакала я цябе, Іванка, чакала ўсю тваю службу. Але так, калі трэба, едзь, сыночак. Справа гэта вялікая, дзяржаўная…
Заснула жанчына пад самую раніцу. І сніўся ей добры, асвятлёны ўсмешкай твар сына. Бачыла яго на полі, сярод высокай каласістай сцяны пшаніцы, якая бясконца распасціралася ўдалячынь. А першыя ціхія праменні мітусіліся па сценах і ласкава асвятлялі сівыя скроні.
…Прайшло пяць гадоў. Іван вярнуўся дамоў з жонкаю, сынам і дачуркаю. Марыя панянчыла ўнукаў і пражыла яшчэ чатыры гады. Цяпер цаліннік на заслужаным адпачынку, мае шмат працоўных узнагарод. А гісторыю мне гэту паведаў яго сын Віктар, які працуе на магутным трактары.

Міхаіл Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии