Перамогі юных мастакоў Случчыны

0

Паспяховым удзелам у міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх конкурсах адзначылася дзейнасць Слуцкай дзіцячай мастацкай школы ў мінулым годзе, на які прышлося і святкаванне 30-годдзя з часу заснавання ўстановы.

Спецыяльны прыз і медаль прыйшлі ў Слуцк з 8-га Міжнароднага конкурсу выяўленчага мастацтва дзяцей і моладзі, які ладзіўся ў польскім горадзе Чэнстахова і меў назву «Дзіцё і сабака». Іх атрымала вучаніца 2-га класа ДМШ Таццяна Давідовіч. Дыпломамі ўдзельнікаў выставы адзначаны таксама Ганна Купрык, Вольга Курдзюк, Карына Кляшчук і Аляксей Канівец — выхаванцы Гунефы Мацюшэнкавай і Алены Мяцельскай.
Школа прымае ўдзел ў праекце, які ініцыявала грамадская экалагічная арганізацыя «Беларускі зялёны крыж», і да якога далучыліся Міністэрствы асветы, культуры, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Гэта штогадовы міжнародны конкурс дзіцячай творчасці «На сваёй зямлі». 28 сакавіка ў Мінску ў Палацы Рэспублікі адбылося ўшанаванне беларускіх удзельнікаў, сярод якіх выхаванцы Гунефы Мацюшэнкавай. Ганна Бярозка і Міхаіл Дайлідаў адзначаны Дыпломамі 1-й ступені і залатымі медалямі. Дыпломы 2-й ступені і сярэбраныя медалі атрымалі Караліна Савіч, Аляксандр Міхалковіч, Таццяна Мацко, Ксенія Максюта і Ірына Коршак. У Анастасіі Барачэня і Сяргея Марыніча — Дыпломы 3-й ступені і бронзавыя медалі. Ганна Курык атрымала дыплом удзельніка выстаўкі.
Цікавымі сталі і ўдзелы ў рэспубліканскіх конкурсах. У аб’яўленым Дэпартаментам грамадскай інфармацыі ААН конкурсе, прысвечаным Міжнароднаму году бульбы, адным з намінантаў стаў вучань 2-га класа ДМШ Ян Пятроўскі, а яго аднакласнік Сяргей Пальчык стаў фіналістам праведзенага канцэрнам «Белрыба» Рэспубліканскага конкурсу «Прыгоды вясёлага пірата».

Ігар Ціткоўскі

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии