Ставімся да пытанняў веры фальклорна

0

Не без цікавасці прачытаў у нумары «Кур’ера» ад 28 лютага міні-апытанне аб іконах у доме, у якім закранута тое, што дзесяцігоддзямі не публікавалася афіцыйнымі СМІ.
Іконы, як на рубяжы ХХ стагоддзя засведчыў святы праваслаўнай царквы Іаан Кранштацкі, «вастрэбаваны нашай прыродай, якая не можа абыйсціся без вобразу. Нельга нешта ўспомніць аб адсутнічаючым, неўвабразіўшы яго». Іаан лічыў, што іконы — адказ царквы на настойлівую патрэбу прыроды людзіны.
У адказах нашых сучаснікаў на апытанне, на мой роздум, праглядваецца духоўная абмежаванасць (праўда, не ва ўсіх), што насаджалася грамадству атэістамі. Малады чалавек прызнаецца, што не мае ў доме іконы, маўляў, колькі не маліся — нічога не вымаліш, толькі час згубіш. Быццам тыя, што моляцца перад імі дома ці ў царкве, вымальваюць для сябе нешта матэрыяльнае, нейкія ільготы ад Усявышняга.
Калісьці мая бабуля трымала на покуці, у святым кутку, іконы Мікалая Цудатворцы, побач — Маці Боскай. Абедзьве ў рамках пад шклом. А ў сенцах на сцяне — ікона з адлюстраваннем Страшнага Суда. Бабуля напамінала мне, хлапчуку-першакласніку, што такая кара чакае кожнага, хто не шануе сваіх бацькоў, крадзе, ашуквае людзей. Яна трымалася боскіх запаведзяў, наведваючы нават зімой праваслаўную царкву ў горадзе, за 15 км ад вёскі.
Варта напомніць, як восенню 1941 года, калі немцы падступілі да Масквы, з ведама Сталіна быў наладжаны вакол сталіцы хросны ход з іконай Казанскай Божай Маці.
Не меней здзівіў адказ маладой жанчыны, якая прызналася, што іконаў дома ў яе некалькі, а хто на іх адлюстраваны, яна не ведае. Лічу, варта было б у сваёй бабулі спытаць, якая, мабыць, і падарыла іх.
«Малітва — дыханне духоўнае, молячыся, мы дыхаем Духам Святым», — так пісаў той жа Іаан Кранштацкі. Але сённяшнія нашы рэаліі такія, што большасць беларусаў па-ранейшаму, як пры Саветах, ставяцца да пытанняў веры, у лепшым выпадку, «фальклорна» — адзначаюць з шыкоўным застоллем Каляды, Вялікдзень, Іспас і некаторыя іншыя прастольныя святы. І калі пералічыць парафіянаў у суадносінах з жыхарамі раёну, то працэнт першых атрымаецца занадта скупым, недзе паўтары адсоткі. А вось на Вадохрышча, 19 студзеня, людзі займалі чэргі ля праваслаўных храмаў з          7 гадзін раніцы. Многія з іх не лічылі патрэбным зайсці ў царкву на багаслужэнне. Ім проста ў свой час унушылі, што вада, адсюль узятая, доўга не псуецца, нават сцаляе.
У гэтым і тоіцца сакрэт двудушша беларускага характару, яго стаўленне да веры, іконаў. У сваёй бальшыні людзі па-ранейшаму абыякавы да веры, Бога, але не без жадання атрымаць задарма той жа гаючай вады (а з ёй і здароўя). Яны забываюць, што малітва — вада жывая, якою душа наталяе сваю смагу. У гэтым пераконваешся, калі наведваеш царкву ў нядзелю раніцай. У прасторнай зале храма пяцьдзесят-шэсцьдзесят жанчын і не болей дзесяці-дванаццаці мужчын. Затое аўтобусы, што ідуць зранку да гарадскога рынку, бітком набітыя людзьмі. Цяжка паверыць, што ў іх сэрцах у такія часіны ёсць духоўная смага, настоенная на шчырай веры.

Міхась Залескі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии