Лёс стральцоў з Іграева

0

Лёс стральцоў з ІграеваГэту цікавую, на 274-х старонках, кнігу-даведнік пад назвай «Слуцкі Збройны Чын. 1920 год. У дакументах і ўспамінах «з бібліятэкі «Беларускі гістарычны агляд» падрыхтавала да друку Мінскае выдавецтва «Энцыклапедыст» яшчэ ў 2001 годзе. У ёй чытач, неабыякавы да нашага гістарычнага мінулага, адкрывае новыя імёны, факты пра падзеі Слуцкага Збройнага Чыну 1920 года. У кнігу-даведнік увайшлі дакументы з архіваў Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, прэсавыя паведамленні, успаміны ўдзельнікаў паўстання, матэрыялы з архіваў КДБ. Многія з іх надрукаваны ўпершыню, бо раней захоўваліся пад грыфам «сакрэтна».

Не без цікавасці прачытаў гэты зборнік. Самым нечаканым было тое, што на апошніх старонках кнігі пададзена некалькі паімённых спісаў жаўнераў, якія прымалі ўдзел у паўстанні. У прыватнасці, з 3-й роты 2-га Грозаўскага палка. У спісах значыцца 27 чалавек: унтэр-афіцэр Андрэй Самусевіч і 26 радавых, у іх ліку 16 ураджэнцаў слуцкай вёскі Іграева. Аб тым, як склаўся лёс кожнага з іх, хто ацалеў пасля жорсткіх баёў у лістападзе-снежні 1920 года, мне дапамог даведацца настаўнік-пенсіянер Алесь Андрэевіч Новік, які пражывае зараз у вёсцы Сярагі. Яго бацька, Андрэй Майсеевіч, быў як раз у ліку тых шаснаццаці, што пайшлі пад сцягі Збройнага Чыну, каб жыла Беларусь. Ён даслаў мне лісты з прыжыццёвымі споведамі яго бацькоў і землякоў і даў згоду выкарыстаць гэтыя факты ў друку, што і раблю.
Пасля таго, як у чэрвені 1920 года Чырвоная Армія выгнала палякаў з Беларусі і дайшла аж да Варшавы, на вызваленай тэрыторыі праходзіла мабілізацыя ў рады Чырвонай Арміі. Больш за 20 маладых хлапцоў з Іграева Слуцкі ваенкамат накіраваў для нясення службы ў Магілёў. А калі восенню таго году войскі пад камандаваннем Тухачэўскага пацярпелі паражэнне пад Варшавай, а палякі зноў акупіравалі частку Беларусі, 16 іграеўскіх ваеннаслужачых уцяклі з Магілёва.
Пасля падпісання Рыжскага дагавору Савецкай Расіі з Польшчай, Случчына зноў адыходзіла пад уладу бальшавікоў. Палякі адышлі за раку Морач, да Семежава і Цімкавічаў. У Слуцк разам з часцямі Чырвонай Арміі павінны былі вярнуцца і службоўцы ВЧК, якія ўжо растрэльвалі дэзертыраў на вызваленай ад палякаў тэрыторыі. Для іграеўскіх хлопцаў, што вярнуліся дамоў і, вядома ж, трапілі ў спісы ВЧК, выйсце было адно — уступіць у беларускае войска, што фарміравалася ў лістападзе 1920 года Слуцкай Радай, створанай для арганізацыі паўстання. Як сведчыць Алесь Андрэевіч, бацька яго пры жыцці ўспамінаў, з якімі палымянымі прамовамі перад паўстанцамі выступалі Барыс Савінкоў, Юрка Лістапад, Васіль Русак.
Лёс стральцоў з ІграеваКаля Семежава, Цімкавічаў, Вызны з месяц ішлі баі з часцямі Чырвонай Арміі, якая мела перавагу і ў людзях, і ва ўзбраенні. Таму паўстанцы мусілі перайсці на бок палякаў, былі інтэрніраваны і абязброены. Некаторыя засталіся ў Польшчы, хтосьці выехаў потым у Амерыку. А большасць, пасля таго, як Ленін і Троцкі ў 1921 годзе аб’явілі амністыю ўсім, хто ваяваў супраць бальшавікоў, вырашылі вярнуцца на Случчыну. Іх адразу, пасля пераходу мяжы, арыштавалі і накіравалі ў Бабруйскую крэпасць. Але праз месяц усіх выпусцілі, і людзі вярнуліся да сваіх сем’яў.

Маці Алеся Андрэевіча расказвала пры жыцці, што паўстанцы былі апранутыя хто ў чым. Некаторыя былі абутыя ў лапці. А бацька, нават калі працаваў старшынёй калгаса, то ў сямейных святочных застоллях, пад чарку, спяваў песню: «Ад веку мы спалі, ды нас разбудзілі …»
Сёння ў вёсцы Іграева налічваецца 87 двароў. Большая частка жыхароў - пенсіянеры, у апусцелых дамах пасяліліся дачнікі, пераважна з Салігорска.
Некалькі слоў з біяграфіі Алеся Андрэевіча Новіка. У гады акупацыі Случчыны ён пайшоў ў партызаны, быў залічаны ў брыгаду імя Чкалава. Вярнуўся дамоў летам 1944 года. Як настаўніку, яму далі бронь у ваенкамаце, накіравалі дырэктарам школы ў вёску Васілінкі. Потым шмат гадоў працаваў дырэктарам Паўстынскай і Сяражскай школаў. Яму і ягонай жонцы абоім за восемдзесят. Алесь Андрэевіч вызначаецца ясным розумам і нядрэннай памяццю на ўсё перажытае ім, бацькам і землякамі.

Реклама

Лёс не пашкадаваў стральцоў
Вось як склаўся лёс 16-ці іграеўскіх стральцоў:
1. Андрэй Майсеевіч Новік, бацька Алеся Андрэевіча, з 1924 года па 1928 год працаваў старшынём Ісернскага сельсавету, з 1929 па 1933 годы — старшынём мясцовага калгаса «Случ», стаў бацькам шасцярых дзяцей. У 1933 годзе быў арыштаваны органамі ГПУ і сасланы ў Казахстан, у горад Сяміпалацінск. Там быў прызваны на фронт і ў снежні 1942 года загінуў у баях ля горада Холм-Бярэзінскі на Смаленшчыне.
2. Павел Майсеевіч Новік, родны брат Андрэя, калгаснік, у 1937 годзе арыштаваны НКУС і расстраляны.
3. Купрэй Юстынавіч Новік, калгаснік, памёр у 1930 годзе.
4. Мацвей Ярашэня, калгаснік, арыштаваны НКУС у 1937 годзе і расстраляны.
5. Антось Чыж, калгаснік, арыштаваны ў 1937 годзе і расстраляны.
6. Дзмітрый Чыж, застаўся ў Польшчы, далей лёс невядомы.
7. Трафім Чыж, калгаснік, арыштаваны ў 1937 годзе і расстраляны.
8. Ілья Іванавіч Леановіч, калгаснік, памёр у 1946 годзе.
9. Ілья Іванавіч Самусевіч, калгаснік, арыштаваны ў 1937 годзе і расстраляны.
10. Сцяпан Леановіч, памёр у 1935 годзе.
11. Сава Скуцэня, калгаснік, высланы ў 1933 годзе ў Сяміпалацінск, дзе і памёр.
12. Сямён Гурленя, калгаснік, памёр у 1924 годзе.
13. Іван Тупік, калгаснік, памёр у 1975 годзе, ацалеў у 1937 годзе таму, што быў цяжка хворым.
14. Кузьма Леановіч, выехаў з Польшчы ў ЗША, адтуль даслаў ліст бацькам такога зместу: «Мы хацелі стварыць вольную Беларусь, а яна стала бальшавіцкай, але гэта лепей, чым нічога».
15. Васіль Тупік, застаўся ў Польшчы, далейшы лёс невядомы.
16. Іван Прышчэпка, калгаснік, быў высланы ў Казахстан у 1933 годзе, далейшы лёс невядомы.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии