Пра мінуўшчыну ў сучаснасці альбо Што можа зацікавіць турыста ў нашым рэгіёне

0

Пра мінуўшчыну ў сучаснасці альбо Што можа зацікавіць турыста ў нашым рэгіёнеАднаўленне знакамітых архітэктурных і гістарычных ансамбляў у нашай краіне ідзе поруч з пашырэннем і папулярызацыяй турызму, як віду актыўнага адпачынку. У дзяржаўны бюджэт штогод закладваюцца сродкі на кансервацыю, рэстаўрацыю і аднаўленне самых розных аб’ектаў. Захаванню гістарычнага ландшафту спрыяюць шэраговыя помнікі, якія, хаця і не з’яўляюцца «зоркамі першай велічыні», надаюць асяроддзю сапраўдны водар мінуўшчыны. Аднак менавіта такія помнікі і абаронены ў найменшай ступені.

Падчас падрыхтоўкі да «Дажынак-2005» у Слуцку ў належны стан прыводзіўся фасад помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя «Слуцкая паштовая станцыя». На сцяне цэнтральнага корпуса пад змытымі слаямі тынковак адкрыўся надпіс-указацель з назвамі суседніх станцый і адлегласць да іх. У адлегласці чатырнаццаць з паловай вёрст на ўсход, паміж Вясеяй і Кучына, размяшчалася станцыя ў Амухавічах (цяпер — Амговічы). Назва гэтай станцыі выводзілася ад бліжэйшага населенага пункта. Цяпер бліжэй да яе вёска Чырвонае Сяло, таму і станцыю адносяць да яе.

Спрэчкі з-за старыны
Выдадзены да 70-годдзя Мінскай вобласці прыгожа ілюстраваны альбом-даведнік «Сердце Беларуси — Минщина», прысвечаны гісторыі, культуры і традыцыям, прапануе своеасаблівае падарожжа па Міншчыне. Увага чытачоў звяртаецца на адметнасці раённых цэнтраў і іх наваколляў, якія зацікавяць турыста.
У раздзеле пра Слуцкі раён разам з самім горадам апісваюцца помнікі і славутасці некалькіх вёсак. Чырвонаму Сялу прысвечаны наступныя радкі: «Тут уцалела адна з паштовых станцый ХІХ стагоддзя. Яна складаецца з трох будынкаў, злучаных у адзіны комплекс: уласна станцыйнае цаглянае памяшканне і сіметрычна растаўленыя па баках ад яго карэтная і сарай для сена, якія зложаны з бярвенняў. Апошнія злучаны са станцыяй мураванымі сценкамі з брамамі і знадворку атынкаваны. Цяпер гэтыя пабудовы выкарыстоўваюцца для жылля і гаспадарчых патрэб».
Некалі аналагічны характар меў і слуцкі станцыйны комплекс: акрамя галоўнага корпуса, мураванымі былі толькі галоўныя фасады бакавых флігеляў, іншыя сценкі пабудоў былі драўлянымі.
У адрозненне ад слуцкага, станцыйны комплекс у Чырвоным Сяле, як бачым, з сярэдзіны ХІХ і да пачатку ХХІ стагоддзя заховаўся ў пачатковым выглядзе. Аднак, як аказалася, аўтары выдадзенай у 2007 годзе кнігі (а яе канцэпцыя і фотаздымкі належаць вялікаму аматару падарожжаў і фотамайстру Сяргею Плыткевічу) спазніліся пахваліцца славутасцю Чырвонага Сяла. Пакуль кніга рыхтавалася да друку, станцыйнага комплекса фактычна не стала. Той, хто сёння едзе ў бок Старых Дарог, на павароце за Вясеяй ужо не ўбачыць згаданага помніка. Замест яго красуецца «папраўлены» і падноўлены цэнтральны корпус, які атрымаў выгляд, далёкі ад першапачатковага, бакавых жа пабудоў і злучаўшых іх сценак з брамамі не стала. У дадзеным выпадку мы маем прыклад «традыцыйных» адносін да помнікаў нашай мінуўшчыны, калі нейкі чыноўнік на свой лад вырашае лёс помніка. З падобнымі прыкладамі апошні раз мы сутыкнуліся, калі рыхтаваліся да «Дажынак». На жаль, грамадскага рэзанансу тыя падзеі не атрымалі, у адрозненне, напрыклад, ад Гродна, калі работы па змяненні выгляду гістарычнага квартала горада ўсхвалявалі многіх. Дзякуючы грамадскай ініцыятыве, да разгляду праблем рэстаўрацыі ў гэтым старажытным горадзе, акрамя мясцовай улады, былі далучаны шматлікія іншыя спецыялісты, а самі падзеі атрымалі рэзананс па ўсёй краіне. І грамадскасць адстаяла сваё права вырашаць лёс гістарычнай спадчыны нараўне з чыноўнікамі.
Пра мінуўшчыну ў сучаснасці альбо Што можа зацікавіць турыста ў нашым рэгіёнеУ выпадку з Чырвоным Сялом бачым, што нядбайныя адносіны да старадаўніх пабудоў працягваюць сустракацца, і прыклад гэты не адзінкавы. У рэдакцыю «Інфа-Кур'ера» ад чытача Міхаіла Валасюка прыйшла вестка пра разбурэнне ва Урэччы воданапорнай вежы — помніка прамысловай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. Аўтар таксама цікавіцца, ці панясе вінаваты ў яго разбурэнні пакаранне і якія прымаюцца меры, каб прадухіліць падобныя выпадкі.
Магчыма, хто скажа, што не такая ўжо і вялікая страта — воданапорная вежа. Аднак для Урэчча гэта была пабудова знакавая, у свой час яна засведчыла далучэнне пасялення да шырокага свету ў выніку пракладкі праз яго чыгункі. Менавіта чыгуначная станцыя разам з вежай ва Урэччы на доўгі час сталі і своеасаблівымі сімваламі места.

Реклама

Вартыя пераймання прыклады
Гістарычная спадчына, адна з галоўных частак якой — помнікі архітэктуры, з’яўляецца каштоўным скарбам, які аставілі нам продкі. І гэта становіцца зразумелым усё большай і большай колькасці людзей. Таму многія праекты па яе захаванню і адраджэнню, якія нядаўна яшчэ здаваліся амаль фантастычнымі, на нашых вачах становяцца з’явай рэальнай. У Магілёве, напрыклад, пачаліся работы па аднаўленню знішчанага ў 1950-я гады будынка ратушы, якая праз нейкі час стане сімвалам горада.
Колькі гадоў таму адноўлена ратуша ў Мінску, прымае першапачатковы выгляд шэраг іншых помнікаў сталіцы. У гэтай чарадзе ўнікальным з’яўляецца праект узнаўлення на сваім гістарычным месцы старажытнага Менскага гарадзішча з землянымі валамі і драўлянай сцяной. У Віцебску першапачатковы выгляд атрымала Дабравешчанская царква ХІІ стагоддзя, амаль поўнасцю зруйнаваная ў 1961 годзе, там жа адбудоўваюцца знішчаныя атэіс-тамі ў 1930-я гады помнікі ХVІІІ стагоддзя — Успенскі сабор і Васкрасенская царква.
Падобныя прыклады можна працягваць. Але чаму б добрыя прыклады не пераняць і ў Слуцку? І ці варты Слуцк, каб і ў ім адрадзіліся яго колішнія пабудовы? І якія з іх маюць на гэта права?

Магчымыя варыянты
Хацелася б на прапанаваныя пытанні адказаць станоўча. А ў пералік пабудоў, вартых аднаўлення, павінны ўвайсці тыя, якія і адлюстроўваюць галоўныя моманты гісторыі Слуцка і могуць быць запатрабаваныя сучаснасцю. Калі ж дбаць аб з’яўленні цікавых турыстычных маршрутаў па Случчыне, якія могуць быць уключанымі і ў маршруты агульнарэспубліканскага значэння, то можна звярнуць увагу на аднаўленне і рэстаўрацыю ўжо згаданых паштовых станцый, бо менавіта яны ў першую чаргу стасуюцца з тэмай падарожжаў. Другую групу павінны стварыць храмы. Гэта Троіцкі манастыр з яго мураванай царквой, гісторыя якога цесна пераплецена з гісторыяй горада. Варты ўвагі корпус кальвінскага збора, які складаў адзіны архітэктурны ансамбль з мужчынскай гімназіяй. Можа мець месца аднаўленне каталіцкага Антоніеўскага касцёла, разбуранага ў 1950-я гады, які складаў ансамбль з захаваўшымся кляштарным корпусам. У комплекс парка культуры і адпачынку можа ўвайсці фрагмент адноўленых абарончых збудаванняў старажытнага Слуцка — земляны вал з бастыёнам і рвом перад імі, якія цудоўна былі б дапоўнены адроджанай Віленскай брамай з пад’ёмным мостам. Натуральна, можа з’явіцца пытанне: хто гэтым будзе займацца і дзе знайсці сродкі? Аднак вядома, што любая ідэя можа быць рэалізавана, калі знаходзяцца тыя, хто ў ёй зацікаўлены.

Ігар Ціткоўскі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии