Першыя вестуны вясны

0

Першыя вестуны вясныВось і прыйшоў радасны, але поўны клопатоў час. У сакавіку навакол цікава, як быццам усё нанава нараджаецца. Пад цёплым сонцам зямля дыхае, дыміцца лёгкай празрыстай парай. Сакавік — пара кантрастаў і вялікіх перамен у прыродзе. Сонца свеціць ярка. Вечарэе ўсё пазней. Часам можа ударыць марозік, часта ідзе дождж. Раўнадзенства «звонам» будзіць прыроду. Пачынаецца рух сокаў. На галінах вярбы, асіны, алешыны, арэшыны, топаляў з’яўляюцца гнуткія вісячыя каташкі.
Сакавік — месяц сустрэч птушак. Днём і ноччу прылятаюць чароды іх — спяшаюцца з поўдня ў родныя мясціны. На дарогах у шматлікіх лужынах з асаблівым задавальненнем купаюцца вераб'і. Прыняўшы ванну, мокрыя і ўскалмачаныя, яны паважна садзяцца ў бязветраным месцы на санцапёку і, распушыўшы пёры, паварачваюцца да сонца то адным, то другім бокам. Абсохнуўшы, пачынаюць гучна цвыркаць, уступаць ў бойку, ладзяць кірмашы. І вось надыходзіць дзень, калі ў чорных з сіняватым металічным адлівам прыгожых касцюмах прылятаюць першыя вестуны вясны — гракі. Яны важна крочаць сярод галак, адшукваючы ў зямлі што-небудзь ядомае. Птушкі лятаюць гучнагалосымі чародамі, рыюцца на смецці, расхаджваюць па агародах. Гракоў не прыцягваюць лясы. На голых галінах дрэў у парках, на прысядах дарог і нават на шумных вуліцах можна ўбачыць вялікія гнёзды. Іх можа быць многа на адным дрэве, бо гракі - каланіяльныя птушкі. Калі іх не трывожыць, яны з году ў год займаюць адны і тыя ж месцы і з шумам і гамам рамантуюць свае гнёзды. Гракі прыляцелі, а з населенных пунктаў пацягнуліся ў лес сарокі. Надакучыла ім стракаць па вясковых задворках. Гледзячы на сарок, і вароны з галкамі ў лес падаліся. Тут корму будзе ўволю. У лясах гасцей сустракаюць сінякрылыя сойкі. У гэтых птушак сваей песні, акрамя рэзкага крыку і каркання, няма. Затое яны выдатныя перасмешнікі. Што чуюць, то і падрабляюць. Могуць па-майстэрску імітаваць нават іржанне каня, брэх сабак, мяўканне кошкі. Да таго ж сойкі на рэдкасць памятлівыя: імітуючы голас зязюлі, пачынаюць кукаваць, як бы сустракаць раннюю вясну гэтымі «спевамі», хоць да вяртання зязюлі ў нашы лясы яшчэ многа часу. Сёлета ў прыгожы, ясны сонечны дзень у густым бярэзняку мне прыйшлося гэта пачуць і ўбачыць.
У сакавіку можна заўважыць чарадкі нашых зімовых гасцей: чубатыя амялушкі, чырвонагрудыя снегіры, пуначкі і іншыя адлятаюць ад нашых мясцін.
Вось з’явіліся шпакі. Якія яны прыгожыя ў вясновым убору! Раздаюцца галасы гэтых клапатлівых птушак. З раніцы яны збіраюць траву, сухія галінкі, пёркі і ўсё цягнуць у свае шпакоўні-домікі.
У нашых садах, парках, у дварах з задавальненнем могуць пасяліцца не толькі шпакі, але і іншыя птушкі: сітаўкі, валасянкі, ластаўкі… Яны не заўсёды варты адшукаць прыдатнае месца для пабудовы гнязда. Паклапаціцеся і аб гэтых птушках. Зрабіце шпакоўні, дублянкі, размясціце іх на дрэвах, прымацуйце да сцен будынкаў. Я прыпамінаю, што былі дні сакавіка, калі мароз і снег крыху шкодзілі і нават гінулі першыя вестуны вясны.

Міхаіл Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии