Дэсант пісьменнікаў у Слуцку і Салігорску

0

Алесь Пашкевіч (злева) і Уладзімер Арлоў падпісваюць свае кнігі чытачамПісьменнік Уладзімер Арлоў падчас свайго прыезду ў Слуцк 12 сакавіка даведаўся, што ён са сваімі суседзямі перамог у спрэчцы са сталічнымі чыноўнікамі.
У лютым яго, як і іншых жыхароў чатырох дамоў па вуліцы Маркса ў Мінску, збіраліся перасяляць, а на гэтым месцы — будаваць казіно, гасцініцу і гандлёвы цэнтр. Жыхары дамоў у знак пратэсту выйшлі на вуліцу. Арлоў разам з жонкай і двума сынамі далучыўся да мітынгу. На грудзях пісьменніка вісеў плакат: «Толькі ў роднай кватэры напішу бестсэлер». «Цяпер, калі Мінгарвыканкам прыняў рашэнне не адсяляць жыльцоў з вуліцы Маркса, мне прыйдзецца стрымаць дадзенае слова», — усміхаючыся, дадаў Арлоў у размове з карэспандэнтам «Кур'ера».
У Слуцк Уладзімер Арлоў прыехаў разам з нашым земляком Алесем Пашкевічам, старшынём Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пісьменнікі правялі для мясцовай інтэлігенцыі літаратурны вечар памяці драматурга і паэта Францішка Аляхновіча. Арганізатар сустрэчы — грамадзянскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы» — атрымала адмову ў яе правядзенні ва ўстановах культуры і адукацыі ад раённай адміністрацыі, спасылаючыся на гадавыя планы. Але імпрэза ўсё ж адбылася на прыватнай кватэры.
Уладзімер Арлоў прэзентаваў чытачам сваю новую кнігу «Імёны свабоды» і кнігу «Дарога» Івонкі Сурвілы, старшыні Рады Беларускай Народнай рэспублікі.
— Гэта кніга пра людзей не толькі вядомых, але часам знаёмых вузкаму колу сяброў, якія лічылі галоўнай сваёй каштоўнасцю свабоду ў самых розных яе вымярэннях і ўвасабленнях. Пра тых, чый жыццёвы шлях ужо набыў сваю завершанасць, — распавёў Уладзімер Арлоў. — Выбіраючы герояў для кнігі, я вырашыў пісаць толькі пра тых, хто асабіста мяне ўразіў сваім жыццём, сваёй вернасцю ідэалам, сваімі пакутамі. Храналагічныя рамкі гэтай кнігі - з канца 18-га стагоддзя да сённяшніх дзён.
Аўтар лічыць сваю кнігу аптымістычнай, таму што аптымістамі па натуры былі яе героі, і тыя, з кім пісьменніку лёсіла асабіста быць знаёмым. «Яны з добрай іроніяй паслухалі б тэксты пра сябе, каб маглі, — дадае Уладзімер Арлоў. — Я думаю, што паэт Алесь Емельянаў, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў БНФ, толькі па-добраму разрагатаўся б, даведаўшыся, як ён, памершы у 2005 годзе, у 2006-ым здолеў узяць удзел у датэрміновым галасаванні на прэзідэнтскіх выбарах, і распісаўся ў спісе выбаршчыкаў, што высвеціла яго дачка Міхаліна. Мая кніга сведчыць, што тых, хто цэніць свабоду, хто прагне яе, вельмі шмат, значна больш, чым часам кожнаму з нас можа здавацца, асабліва ў хвіліны роспачы».
Пасля імпрэзы пісьменнікі паехалі ў Салігорск, дзе іх чакалі сябры мясцовай суполкі аб’яднання «Таварыства беларускай мовы».
— Ці п’яце вы гарэлку з пісьменнікамі, якія перайшлі ў Саюз пісьменнікаў пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца, і як змяніліся іх твары? — запытаўся адзін з салігорцаў у Алеся Пашкевіча.
— Прынамсі, я ўзіраюся ў твары дзяўчат-паэтэс, а як там мужчынскія твары мужчын-празаікаў, якія выйшлі з нашага Саюза, я не магу вам сказаць, — адказаў Алесь. — Да гонару нашай арганізацыі шэрагі Саюза пісьменнікаў пакінулі нямногія. З 600 сяброў у той Саюз перайшлі 67 чалавек. Сярод іх я магу назваць толькі некалькі значных сучасных літаратараў.
У расколе Саюза пісьменнікаў няма ніякай бяды. Арганізацыю, у якую ўваходзілі Купала, Колас, Быкаў, Мележ і дзесяткі, сотні людзей, якія прэзентуюць сучасную беларускую літаратуру, разваліць немагчыма. Нават калі забараніць легальны статус Саюза пісьменнікаў, ён будзе існаваць. Мяне хвалюе і палохае іншае. Напрыклад, тое, што ў сваей роднай дзяржаве беларускія літаратары апынуліся ў такіх парадаксальна жахлівых умовах, калі народных паэтаў выключылі са школьнай праграмы. Мая дачка, якая вучыцца ў беларускамоўным класе, нядаўна падыйшла да мяне з падручнікам беларускай літаратуры: «Тата, вось чатыры старонкі (а там Гілевіч, Бураўкін і інш.). Настаўніца сказала, што нам гэтыя старонкі чытаць нельга». Гэта страшна.

Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии