«Кацюшы» накрылі вёску

0

Чэрвень 1944 года. “Кацюшы” на агнявой пазіцыі каля СлуцкаБязверхавічы — вёска прыгарадная, да Слуцка паўгадзіны хады. Адным канцом даўжэзнай — тры кіламетры — вуліцы яна падступае да шашы «варшаўка», другім — да чыгуначнага пуці, што вядзе на Баранавічы. Перад Вялікай Айчыннай вайной тут налічвалася 200 двароў, і гэта была, бадай, самая вялікая ў раёне вёска. У часы ваенных канфліктаў яна заўсёды была на вастрыі ўдараў ваюючых бакоў, таму як побач праходзіла шаша з захаду на ўсход.

У чэрвені 1941-га ад нямецкіх бомбаў тут згарэла 15 хатаў. Праз тры гады, у канцы чэрвеня 1944-га году, пажар высмаліў астатнія 185 дамоў. А ўзнік ён пасля залпаў савецкіх ракетных установак «кацюша». Раней з вёскі Кляпчаны яны накрылі агнём чыгуначны вакзал у Слуцку, дзе немцы трымалі моцную абарону. Тыя гэта білі па Бязверхавічах «кацюшы» ці іншыя, магчыма з боку вёскі Лучнікі, бадай, ніхто сёння не ведае.
Напярэдадні ўсе жыхары Бязверхавічаў, чакаючы горшага ад магчымага бою, выбраліся ў суседнюю, за чатыры кіламетры, вёску Падліпцы, далей ад горада і шашы. Таму пры абстрэле ахвярамі сярод мірнага насельніцтва сталі толькі пяць ці шэсць нямоглых бабулек, якія не пажадалі пакінуць свае падворкі - будзь што будзе.
З вечару ў вёску завітала нямецкая вайсковая часць, і салдаты разыйшліся па хатах на начлег. А на досвітку фашысты пакінулі яе. Камандзір савецкай вайсковай часці, якая мела намер наступаць на вёску, напэўна, палічыў, што немцы яшчэ там ранішнюю каву п’юць, і даў каманду адкрыць агонь з БМ-13.
Аб гэтай трагедыі я выпадкова даведаўся ад пенсіянеркі Марыі Іванаўны Ілюкевіч з вёскі Масткі Вясейскага сельскага савета, у маладосці - жыхаркі Бязверхавічаў, відавочцы таго вогненнага смерчу. Вось што яна расказала: «Мне тады сем гадоў было, але ўсё, што тварылася на маіх вачах, урэзалася ў памяць на ўсё жыццё. З вечара ў нашу хату зайшло шэсць ці сем немцаў. Іх шмат тады прыехала ў вёску, з кухняй, павозкамі, машынамі. Нас з мамай выгналі ў сенцы, і мы хутка паснулі. На світанні, з першымі пеўнямі, немцы пакінулі хату, дзверы са двара зашчапілі на кручок, каб мы не выйшлі. Мама ўсё ж вылезла праз вакно, адчыніла дзверы. Убачыўшы на вуліцы падводу, на якой дзядуля вёз пяцёра ці шасцёра малых дзяцей, маці спытала, куды ён едзе. Ён сказаў, што ў Падліпцы, далей ад бяды. То і мяне маці пасадзіла на тую падводу, а сама на вяроўчыне павяла за вёску да рэчкі Лакнеі карову. Толькі мы выехалі за аселіцу, як з боку Слуцка нешта зараўло, заскрыгатала і ўслед па вёсцы залапацелі выбухі снарадаў. Адразу загарэлася мо дваццаць хатаў. Адзін снарад разарваўся перад нашай падводай, метраў за дзесяць, не болей. Конь заваліўся мёртвы ў аглоблях, дзеці ўсчалі крык і плач.

Я саскочыла з возу і чамусьці павярнула назад, у вёску. Але там лапацелі снарады, усё гарэла мо да самай шашы. Жах было глядзець на сцяну агню і дыму. Я забаялася ісці далей і прысела ля дарогі, бачыўшы, як каровы вясковыя на выгане пры выбуху снарада непадалёку грэблі пярэднімі нагамі зямлю і станавіліся на калені - мусіць ад страху.
Што тычыцца нашай падводы, то Бог мілаваў, падводчык застаўся жывы, а адна гадавалая дзяўчынка, яе маці загарнула ў ватнюю коўдру перад тым, як пакласці на воз, цудам ацалела, бо потым маці налічыла ў той коўдры аж дзесяць асколкаў - і ніводзін нават не драпануў яе.
Старыя людзі так гаварылі, што Бог яе збярог. І мяне таксама.
Калі пажар заціх, я пайшла да сваёй сядзібы, там дымелі галавешкі і чарнеў асмалены агнём комін. На тым месцы ў агародзе, дзе напярэдадні маці схавала кубель з салам, яшчэ дымелася варонка ад снарада.
На вуліцы, у агародах валяліся трупы забітых коней, авечак, свіней. У суседскім садзе знайшла бохан хлеба і бляханку мёду, кінутыя нямецкімі салдатамі пры адступленні. То мы з маці з тыдзень сілкаваліся тымі трафеямі, бо нічога з прадуктаў не засталося - хоць зубы на паліцу кладзі. Пазней мы разам з каровай пайшлі не за блізкі свет у вёску Папоўцы да родных сясцёр маці, там пажылі некалькі месяцаў. Потым маці прадала карову, а на выручаныя грошы купіла ў суседняй вёсачцы Масткі стопку. З яе, з дапамогай сусудзяў, агоралі хацінку».
Там Марыя і вырасла, выйшла замуж, адпрацавала дваццаць пяць гадоў сельскім паштальёнам.
Каб лішні раз пераканацца, што ўсё расказанае Марыяй Іванаўнай праўда, наведаўся ў Бязверхавічы. Вёска пасля вайны адбудавалася поўнасцю, была нават і школа. Пазней, у 80-ыя гады, яе закрылі, бо не набіралася патрэбнага камплекту дзяцей, якіх потым вазілі ў Селішчанскую школу.
Меў сустрэчу з Пятром Мацьвеевічам Макаравым, сведкам тых падзей, якому ў 1944-ым было ўжо за трыццаць гадоў. Ён паведаў, што пасля таго, як немцы пры адступленні са Слуцка спалілі мост праз чугунку, зразумеў, што пара і яму «зматваць вуды». Пасадзіў на падводу жонку, дзвух дзяцей — і ў Падліпцы, як і ўсе вяскоўцы. Дома толькі яго маці засталася. Выжыла ад абстрэлу таму, што схавалася ў пограбе. Усё на падворку згарэла датла.
Пасля вайны, з дапамогай сваякоў, выразалі і вывезлі лес, хату пабудавалі ў Бязверхавічах на тым месце, дзе яна раней стаяла. Там Пётр Мацьвеевіч разам з жонкай і дажывае свой век.
На маё пытанне, ці бачыў ён у сваёй спаленай вёсцы хаця б аднаго забітага немца, Пётр Мацьвеевіч адказаў, што ніводнага. А ў тым, што «кацюшы» накрылі агнём апусцелую вёску, павінны савецкія разведчыкі. Ён гаварыў аб іх промаху нашым салдатам, а яны ў адказ казалі, што на вайне і не такія памылкі дапускаліся, калі накрывалі агнём нават свае стралковыя батальёны.
… Пазваніўшы нядаўна ў вёску, я даведаўся, што Пётр Мацьвеевіч на 94 годзе жыцця адыйшоў у іншы свет. Няхай Гасподзь упакоіць яго душу, як і тых 42 бязверхавіцкіх мужчынаў, што загінулі на франтах той страшнай вайны.

Реклама

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии