Беларусы на моры

0

Аляксандр Губіч: “Спадзяюся, што многія хлапчукі і сёння мараць аб моры”Чаму людзі ў дзяцінстве выбіраюць сваю прафесію, якая становіцца лёсам? На восьмым дзесятку свайго жыцця ў мяне адказу няма. Мой сын зрабіў першыя крокі на зямлі, дзе кавыль марскімі хвалямі пераліваўся па казахскім стэпам. Мо ад гэтых хваляў стаў ён трызніць морам. І калі прыйшоў час выбіраць прафесію, ён пайшоў па даўно выбранай дарозе, што прывяла ў ваеннае вучылішча падводнага флоту.
Яго аднагодак нарадзіўся на заходнім краю адной шостай сушы, на беразе Балтыйскага мора. Пасля школы пайшоў у вучылішча тралавага флоту. І трыццаць гадоў ён перасякае праз моры і акіяны мерыдыяны зямнога шара. Пры сустрэчы здзіўляўся, што за многа гадоў толькі сёлета давялося яму сустракаць Новы год на зямлі, ды яшчэ на зямлі продкаў, у Салігорску. Звычайна для яго Новы год наступаў у акіяне, перасякаючы экватар. Абодва Аляксандары лічаць сябе беларусамі.
— Беларусаў на моры многа, — расказвае Аляксандр Губіч, інжынер-механік карабля «CRYSTAL PIONY». Гэтыя беларусы з часоў Савецкага Саюза. Маладых суайчыннікаў на моры не сустракаў. Нядаўна, вяртаючыся з Паўднёвай Амерыкі, у Карыбскім моры прынялі сігнал «SOS». На адлегласці 500 міль ад берага на яхце было трое амерыканцаў. Сярод іх быў адзін беларус. Аб гэтым даведаліся пасля таго, як мы дапамаглі ім адрамантаваць рухавік і далі паліва, сталі абменьвацца сувенірамі - мы ім гарэлку «Крышталь», а яны нам віскі. Са мною на караблі ёсць матросы і старшы боцман з Беларусі. Спадзяюся, што многія хлапчукі і сёння мараць аб моры. Хоць Беларусь не марская дзяржава, паступіць вучыцца ў мараходнае вучылішча можна. Трэба набыць спецыяльнасць, а работы хопіць. Ужо некалькі гадоў наш карабель перавозіць з Эквадора, з Чылі ці Паўднёвай Афрыкі ў Санкт-Пецярбург бананы. Прыемна бачыць гэтыя бананы і ў Салігорску. Рэйс Пецярбург-Эквадор-Пецярбург доўжыцца 45 сутак. На караблі ёсць лазня, басейн, тэнісны корт, сталоўка, у якой кормяць чатыры разы ў дзень на 7,5 долара. Заробак мой за месяц 3,5 тысячы долараў. Адно дрэнна, што на беразе далёка сям"я і я не маю магчымасці выхоўваць дзяцей. Гэтым поўнасцю займаецца жонка. Таму хочацца папярэдзіць маладых, хто вырашыць лёс свой пусціць на мора: ці хопіць у вас мужнасці на такое жыццё.
Ён доўга яшчэ расказваў, як жывуць людзі за сінім морам. Усюды можна сустрэць беларусаў. Асабліва іх многа ў Аргенціне. Большасць — эмігранты даўно мінулых гадоў.

Уладзімр Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии