Перад маці ў вечным даўгу

0

З хваляваннем сустракаем 8 Сакавіка — першае веснавое свята. Нездарма яно прыходзіць у пару, калі зіхашліва пераліваюцца сонечныя прамяні, такія яркія, шчырыя. Гэта пара хараства і пачатак абуджэння зямлі, якая разам з сонцам набіраецца сілы. Кожнаму з нас у гэты дзень прыходзіць на памяць штосьці дарагое і памятнае, знаёмае для сябе.

Самае дарагое слова на зямлі - «мама», «маці»!
Самым першым словам вымаўляе яго чалавек і на ўсіх мовах яно гучыць аднолькава ласкава і пяшчотна. У маці самыя добрыя, ласкавыя і ўмелыя рукі. Самае вернае і чуткае сэрца — у ім ніколі не згасаюць павага і каханне. Якімі бы мы дарослымі ні станавіліся, нам заўсёды патрэбна маці, патрэбны яе словы і парады. І чым мацней наша павага да яе, тым святлей і весялей становіцца жыццё. І не толькі наша …
Маці … Колькі цеплыні і пяшчотнасці ў гэтым слове! З імем маці мы звязваем усё лепшае, святое ў жыцці чалавека. Яна даравала нам жыццё, трымала нас за рукі, калі мы рабілі першы нясмелы крок, недасыпала начэй, калі непрыкметна падкрадалася хвароба. Яна, маці, і цяпер, выправіўшы сваіх дзяцей за парог хаты, у дарогу, у жыццё, з трывогай і надзеяй ловіць пра іх кожную вестку. Мацярынскае сэрца заўсёды чутна адклікаецца на кожны покліч, на кожную вестку і трывогу.
Маці … Я бачыў, што ты часта недаядала сама, аддаўшы няхітры харч пасляваеннага ліхалецця нам, сваім дзецям. Мы елі і не заўсёды дзякавалі. І пазней, калі ўжо сталі дарослымі, ты ж па-ранейшаму аддавала нам багатую шчодрасць свайго сэрца і сваю ласку і заботу.
Першае, што запомнілася, — гэта твае пяшчотныя рукі … Вузлаватыя, мазольныя, але такія мяккія-мяккія, калі ты гладзіла імі па галаве, нібы распараны бярозавы венік. Я ў той час дзіўляўся, як можа спрацаваная на нялёгкай сялянскай працы рука быць такой ласкавай, лагоднай …
Памятаю цябе маладзейшай, калі ў тваіх вачах гарэлі іскрыстыя агенчыкі. Ты была рухавай, ажыўленнай і рупнай на працу добрай швяёй. Ты карміла нас, гатавала смачныя пірагі, даглядала хатнюю гаспадарку, штодня выходзіла на працу ў калгас, карысталася заслужанай павагай за рукі, што не ведалі стомы. Была ў 1954 годзе ўзельніцай Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве.
Маці заўсёды была жартаўлівай, хораша спявала, падбадзёрвала, вучыла, як ісці па нялёгкіх сцежках жыцця. Бачыў у тваіх вачах глыбока захаваны смутак, стому ў целе, але ў той час басаногага дзяцінства не надаваў гэтаму вялікага значэння.
Усімі сваімі поспехамі мы абавязаны маці. І мы ў вечным даўгу перад ею: сціплай і строгай, цярплівай і акуратнай. Колькі гора і пакут прынеслі мы ёй, але яна ўсё даравала. А якая бязмежная мацярынская любоў! Што можа з ёй параўнацца?
І вось цябе няма. На могілках вырас жвірысты ўзгорачак зямлі і помнік, растуць кветкі, зялёным лісцем трывожна шумяць клёны, сосны. Больш я не адчую пяшчотны рух мацярынскіх рук, не ўбачу спаласаваны дробнымі маршчынкамі твар, лагодныя вочы, светлага заклапочанага позірку. І ты ўжо не спытаеш мяне пры сустрэчы: «Як справы, сынок, як твае дзеці ???»
На магілцы толькі журботна гамоняць аб нечым лісце клёна, хвоя сасны і каляровыя кветкі. Мусіць, таксама шкадуюць аб тым, што перастала ты любавацца сонечным блакітам яснага неба.
Ты ляжала хворая, але і ў той жа час падбадзёрвала, вучыла мяне не хіліць галаву перад жыццёвымі перашкодамі. Я захаваў у сваім сэрцы тваю дабрату, веру ў людзей і шчырасць, захапляўся тваёй мужнасцю.
Шчырым словам дзякуем Вам, Маці, за ўсё вялікае і добрае. Хвала Вам, жанчыны — працаўніцы, жонкі, сёстры, дочкі і ўнучкі! Хвала Вашым цёплым сэрцам! Шчасця і добрага, моцнага здароўя! Няхай заўсёды ў Вашых сем’ях, у Вашых вокнах будзе святло!

Міхась Масюк

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии