Сон у красавіцкую ноч… на могілках

0

Сон у красавіцкую ноч... на могілкахНават сёння, праз столькі гадоў, не магу да драбніцаў прыпомніць, чаму ў той даволі ціхі красавіцкі надвячорак мне, падлетку, і даросламу суседскаму хлапцу Алесю Сінькевічу ўздумалася заначаваць на вясковых могілках. Да іх ад крайняй хаты было не болей двухсот метраў. Хутчэй за ўсё нас звёў з ім страх перад магчымым налётам карнага атраду са Слуцка. На тое былі прычыны: 23 лютага таго 1943 года фашысты і іх памагатыя паліцаі спалілі на тэрыторыі Першамайскага і Амговіцкага сельсаветаў Слуцкага раёна 11 вёсак, перад тым растраляўшы ў хатах амаль усіх жыхароў. Сярод нашых вяскоўцаў хадзілі трывожныя чуткі, што акупанты вось-вось наедуць і сюды, таму як з вясны таго году партызаны амаль штоноч наведвалі вёскі па дарозе ад шашы-варшаўкі да нашай вёскі, скрываючыся днём у навакольных лясах. Ноччу ўзрывалі масткі праз шашу, спільвалі тэлеграфныя слупы.
У той надвячорак, калі сцямнела, з боку вёсак Мялешкі і Буслаўка данеслася некалькі моцных выбухаў, а потым усчалася страляніна з вінтовак, кулямётаў. Неба прарэзвалі святлячкі трасіруючых куль. Пад такі «канцэрт» Алесь, сустрэўшы мяне ля хаты, сказаў: «Пайшлі на могілкі, там спакайней, і ніякі фрыц ці паліцай туды не загляне. Пасядзім да ночы». Я быў у ватоўцы, на галаве шапка-аблавушка, на нагах шытыя валенкі з гумавымі галёшамі. Алесь таксама быў апрануты не па-летняму. І мы пайшлі.
Я прысеў паміж двума замшэлымі каменнымі помнікамі, ён — паблізу. Ніякага страху перад мёртвымі, гэта добра памятаю, у мяне не было. Страх варушыўся ў грудзях ад той страляніны, якая, здавалася, набліжалася, бо гукі чэргаў і адзіночных стрэлаў мацнелі. У лажбіне паміж надмагільнымі ўзгорачкамі шапацела пад бокам апалая з восені лістота бярозаў і дубоў. Неўзабаве сон узяў сваё, я прылёг, Алесь таксама. Разбудзіў ён мяне рана. Над няблізкім лесам з усходу ўжо заружавела неба, а потым выплыў і ярка-чырвоны дыск сонца. Шчабятала на дрэве паблізу нейкая птушачка, а над палеткам разліваліся званочкі жаўрукоў. Было ціха, спакойна.
Прыйшоўшы дадому, сказаў маці, дзе начаваў. Яна здзівілася і, усміхнуўшыся, сказала: «А я, сынок, толькі пад раніцу заснула, перажывала за цябе, за Тоню (мой старэйшы брат). Усякае лезла ў галаву. Але ў дзверы за ноч ніхто не пастукаў. Ні партызаны, ні немцы». Пазней бацька даведаўся, што тры мінамётныя міны немцаў даляцелі да вёскі Мялешкі і ўзарваліся ў полі.
Алесь восенню таго году пайшоў у партызаны са сваёй вінтоўкай, якую адшукаў у кустах яшчэ летам 1941-га году, калі праз вёску адступалі нашы салдаты з разбітых вайсковых часцей і кідалі зброю дзе прыйдзецца. Яго старэйшага жанатага брата Юрку, па нейкаму даносу, схапілі ў Слуцку на базары і адправілі на працу ў Германію. Вярнуўся ён дадому толькі летам 1945-га. Алесь таксама прайшоў фронт і ацалеў. Малодшы іх брат Іван атрымаў на фронце калецтва ў 1941-м годзе і стаў інвалідам. А вярнуўшыся пасля вайны ў сваю вёску, звыш дваццаці гадоў адпрацаваў калгасным пастухом.

Міхась Залескі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии