Паслухалі свайго чытача

0

У суботу 16 лютага ў Слуцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы чытачы «Кур'ера» падзяліліся з рэдакцыйным калектывам, што яны і надалей жадаюць бачыць гэта перыядычнае выданне такім жа інфармацыйна насычаным і адпавядаючым актуаліям сённяшніх дзён.
Як зазначылі ўдзельнікі сустрэчы, яна хоць і не адрознівалася вялікім колам прысутных, але прайшла ў даволі дабразычлівых абставінах. На іх думку, гэтаму спрыялі і спектр узнятых пытанняў, і само ўтульнае памяшканне залы мастацтваў бібліятэкі.

Прыемныя здзіўленні
«Хачу прызнацца: у „Кур'ер“ я проста ўлюблёны», — так сказаў на самым пачатку мерапрыемства Уладзімір Канстанцінавіч, слуцкі чытач газеты. Ён пазначыў: «Самае галоўнае ў выданні - яго матэрыялы нікога не пакідаюць абыякавымі. З імі можна пагаджацца, можна і не пагаджацца, але рэдакцыя ўмее данесці надрукаванае так, што яно кранае чалавека, прымушае задумацца».
«Я па-добраму здзіўлены, бо бачу перад сабой калектыў не такога ўжо і маладога ўзросту, але які робіць прыстойную газету, што знаходзіць свайго чытача і сярод пажылых, і сярод другой, больш пераборлівай, моладзевай аўдыторыі», — падзяліўся сваёй думкай з прысутнымі Юрый Грынюк, які аднёс сябе да даўніх прыхільнікаў «Кур'ера».
«Колькі ў газеце чалавек працуе? Мне чамусьці здавалася, у вас самы вялікі цяжар нясе гэты малады хлопец — Алесь Дастанка, калі не памыляюся?», — так яшчэ больш прыпадняла дабразычлівы настрой у аўдыторыі Фаіна Хаўстовіч, падпісчыца газеты.

Парады ад жыцця
Сустрэча была скіравана ў тое русла, каб чытач мог выказаць і свае падказкі. Іх доўга чакаць не прыйшлося, а іншым разам яны выклікалі нават дыскусію.
Такім падалося, напрыклад, пытанне, ці варта друкаваць матэрыялы аб спадарожнікавым тэлебачанні, аб камп’ютарных гульнях, калі існуюць спецыялізаваныя выданні, якімі могуць скарыстацца зацікаўленыя.
Чытач Міхаіл Дайлідаў перасцярагаў рэдакцыю, каб яна, калі будуць жаданне і магчымасці, не схілілася да намеру рабіць каляровую газету: «Заўсёды пісалі чорным па беламу, і ўжо нават на гэтай падставе каляровы варыянт выдання не можа выглядаць натуральным і ўдалым».
«А наколькі патрэбна газеце рэгіянальнасць? Слуцкага чытача, упэўнены, больш цікавіць інфармацыя са свайго раёна», — разважаў другі ўдзельнік сустрэчы.
Са слоў выступаючых нельга абысці ўвагай і наступнае:
— «матэрыялам газеты іншым разам не хапае сенсацыйнасці»;
— «давайце больш навінаў аб тым, што будзе, а не аб тым, што адбылося, і больш па-беларуску»;
— «кола каментарыяў спецыялістаў ці кіраўнікоў прадпрыемстваў павінна быць шырэйшым»;
— «патрэбна пастаянна вяртацца да праблем, якія ўздымаліся на старонках газеты, знаёміць з тым, якое рашэнне яны знайшлі»;
— «часцей друкуйце кансультацыі Таварыства абароны правоў спажыўцоў - яны дапамагаюць на практыцы»;
— «лічу, што непажадана пераносіць факты з гісторыі Расіі на гісторыю нашай айчыны — час ужо зразумець, што гэта ўсё ж такі розныя краіны, розная гісторыя».
Напрыканцы сустрэчы прапанова чытача Пятра Трасцянкі ўдзяляць больш увагі моладзевым праблемам і выхаванню моладзі выклікала новую дыскусію: «Сёння адсодкаў трыццаць моладзі, як ні прыкра, можна аднесці да „варвараў“. Рабіце круглыя сталы ў ПТВ, школах. Рабіце гэта разам з мясцовай уладай, з грамадскасцю — эфект будзе».

Реклама

Не трэба прапаганды
Сяброўская сустрэча завяршылася падтрымкай чытачамі абранага курса «Кур'ера»: прапаноўваць і надалей толькі інфармацыю, інфармацыю рознабаковую, і пажадана прыводзіць больш палярных кропак гледжання, не ператвараць выданне ў веснік прапаганды. Юрый Грынюк выказаў пажаданне рабіць такія мерапрыемствы больш частымі.

Прэзенты чытачу
Першыя экзэмпляры толькі што надрукаванай брашуры «Все расписания. Слуцк-2008» і білеты на выставу «Прысела муза на акенца» у Галерэю мастацтваў - такія прэзенты атрымалі ўдзельнікі сустрэчы.
Менавіта на выставе давялося пачуць ад удзячнага чытача «Кур'ера» як працяг узнятай праблемы: «Вось тут мы бачым вынік працы і захапленняў той другой часткі моладзі, якую адносяць да талентаў слуцкай зямлі. Проста выдатная выстава, нават не чакалі ўбачыць такое! Дзякуй яе арганізатарам і экскурсаводу Ірыне Леанідаўне!»

Аддзел пісем

Паслухалі свайго чытача
Чытач падтрымлівае «Кур'ер» у прадастаўленні рознабаковай інфармацыі і падказвае, як гэта лепш зрабіць

P. S. Падказкі, якім быць «Кур'еру», працягвалі паступаць і ў першы рабочы дзень пасля мерапрыемства.
Валерый Драбеня, слуцкі чытач, завітаў у рэдакцыю і сказаў: «У мяне, на жаль, не атрымалася наведаць суботнюю сустрэчу, але прапанову хачу выказаць: мяркую, што «плёткі» на першай старонцы ТВ-праграмы было б за лепшае замяніць, напрыклад, больш карыснай рубрыкай «Необъяснимо, но факт»…

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии