Партызан і інтэрнацыяналіст

0

Іван СупрунюкНа яго жыццё лёсам адпушчана многа гора і радасці. Гора пачалося з ваеннага дзяцінства. А што было да вайны? Раскулачванне, згон з хутароў у вёску. У ваенны час — партызаншчына. Пасля — Савецкая Армія і інтэрнацыянальны паход у Венгрыю. А радасць прыйшла, калі гадаваў дзяцей сваіх і чужых. Да пенсіі працаваў настаўнікам. Многія з вучняў сталі знакамітымі. Родны сын працуе інжынерам у авіякасмічнай кампаніі ЗША ў горадзе Фінікс штата Арызона. Унукі растуць і заяўляюць пра сябе. Хто ж мог сказаць, што ў Івана Супрунюка з хутара за вёскай Дзераўная Драгічынскага раёна будзе такі нашчадак. Недарма, мабыць, жыў на белым свеце.
Мы сядзім у кватэры майго сябра Івана Супрунюка, які толькі што прыехаў з Рэспубліканскага шпіталю (кажа, што рамантаваўся перад палётам у Амерыку), і ўспамінаем мінулае.
— Партызанам стаў дзякуючы таму, што не паспелі знесці хутар. У хату прыходзіў чалавек, прасіў паесці. Ад яго ж гучала просьба з’ездзіць у Антопаль. Запрагалі каня і ехалі. На выездзе з лесу прыпынялі партызаны, пры ўездзе ў Антопаль сустракалі два паліцаі і адзін немец. Бацька паказваў мяне на возе і гаварыў, што вязе да доктара. У мяне была залатуха, ад якой увесь твар быў у балячках — прапускалі.
Каня перадавалі людзям, якія нас чакалі. Раніцай з бацькам прабіраліся агародамі за Антопаль. У лесе забіралі свайго каня. На возе былі скрынкі. Вось іх мы і везлі да сябе на хутар, дзе ўжо чакалі нас партызаны. За час нямецкай акупацыі я з бацькам ездзіў не адзін раз. Пасля вайны прыйшло пасведчанне, што я партызан. А той чалавек, што прыходзіў да нас, быў Георгій Матвеевіч Лінькоў, Герой Савецкага Саюза, генерал.
Іван Іванавіч смяецца і дабаўляе:
— Страшней было ў інтэрнацыяналістах. Служыў я ў войсках сувязі недалёка ад Венгерскай граніцы. Аб тым, што за граніцай неспакойна, радысты ведалі, але ніхто канкрэтна нічога не гаварыў.
Аднойчы ў дывізіі заначаваў камандзір — генерал-маёр. Раніцай аб’явілі трывогу. Мяне прызначылі камандзірам узвода. На бронетранспарцёрах і танках выехалі ў бок граніцы. Пад Мукачова нас пераапранулі ў палявую форму. Перад вечарам з боку граніцы нам насустрач везлі растраляных нашых салдат. Граніца была адкрыта. Мы спяшаліся ў Будапешт. Па дарозе нас абстрэльвалі. Мы не ведалі, што рабіць, страляць ці не страляць. Людзі нас сустракалі з лозунгамі: «Савецкі салдат, не тапчы нашу свабоду».
Пачалася сапраўдная вайна. За дзень трацілі па два боекамплекты ў 1200 патронаў да аўтамата Калашнікава. Танкавыя гарматы стралялі па два снарады бранебойных, трэці - трасіруючы, каб падпальваў. Ад убачанага на галаве волас ставіўся дыба і паднімалася каска больш за кіло весам. З майго ўзвода загінула двое салдат. Я зразумеў, што мы ў Еўропе людзі не жаданыя, бо нічога не маглі ім даць лепшага за тое, што яны мелі. Наадварот, сацыялізм адбіраў нажытое і абяцаў лепшае жыццё невядома калі. Такімі байкамі доўга цешыць людзей нельга. Але ваяваць з савецкімі танкамі венгры доўга не маглі. Наступіла зацішша.
Іван Іванавіч зняў кашулю і паказаў на левым плячы шрам — падарунак ад венграў за «цёплае братэрства».
— Калі ўспамінаю той інтэрнацыянальны паход, адчуваю сябе вінаватым.

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии