Няхай удача не абыдзе Пацукоў

0

Наступіўшы год, як абяцаюць астролагі, асабліва спрыяльны для людзей, якія нарадзіліся ў год Пацука. Але не толькі для іх. Хочацца верыць, што вельмі паспяховым ён стане і для адной вялікай сям'і любанчан. Падстаў для такіх спадзяванняў, як мінімум, дзве. Па-першае, прозвішча ў гэтых людзей надта сімвалічнае — Пацук. Па-другое, дабрыня і міласэрнасць проста не могуць застацца незаўважанымі.
У Кацярыны Сцяпанаўны і Васіля Уладзіміравіча Пацукоў ажно восем дзяцей, сямёра з іх — прыёмныя.
Гэта сям’я расла вельмі хутка. Амаль дзесяцігоддзе назад у іх роднага сына Андрэя з’явілася сястрычка Таня. Дзяўчынка — дачка мужавых сваякоў - толькі скончыла першы клас, як у яе памерла маці. Кацярына Сцяпанаўна расказвае, што першым яе клопатам было пасябраваць дзяцей, стварыць сямейную атмасферу, каб кожнаму з іх было добра і ўтульна.
Таня з братам жыла ў згодзе, але не хапала ёй чалавека, з якім можна было б падзяліцца дзявочымі сакрэтамі. Бацькі пайшлі яе жаданням насустрач, і хутка ім прапанавалі ўдачарыць Люду. Адно толькі хвалявала: у дзяўчынкі ўжо была сястрычка Алёна. Кацярына Сцяпанаўна і Васіль Уладзіміравіч вырашылі, што разлучаць іх нельга. Так у сям'і Пацукоў стала адразу на два чалавекі больш.
Пакрыху муж і жонка ўзялі на сябе адказнасць яшчэ за двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак.
Спачатку сям’я Пацукоў жыла ў пасёлку Сосны-2 (эксперыментальная база «Любанская»). Па меры таго, як дзяцей станавілася ўсё больш, ім прапанавалі пераехаць у Любань.
Ужо мінула некалькі гадоў, як іх дружная і шматлікая сям’я атабарылася ў кватэры ў райцэнтры. Усіх дзяцей бацькі хрысцілі ў царкве. І цяпер Кацярына Сцяпанаўна стараецца выхоўваць іх у адпаведнасці з хрысціянскімі законамі.
Дарэчы, на ўсходзе пацука надзяляюць такімі якасцямі, як беражлівасць і эканомнасць. Такой вялікай сям'і, як у Пацукоў, без гэтага нельга. Складана было б і без умення працаваць. Добра, што працавітасць у іх уласціва і бацькам, і дзецям. Яны ўвесь год збіраюць і здаюць металазлом, летам займаюцца зборам ягад, грыбоў. За атрыманыя грошы купляюць адзенне, абутак.
Трымаюць Пацукі і ўласную гаспадарку. Дзеці дапамагаюць даглядаць жывёлу, гатаваць ежу. А яшчэ дзяўчатам падабаецца рабіць вырабы з бісеру, саломкі. Рэчы, зробленыя сваімі рукамі, былі і сярод падарункаў, якія дзеці ўручылі ў ноч на першае студзеня. А Новы год сям’я Пацукоў сустрэла, як звычайна, шумна і весела, за вялікім сталом з мноствам смачных страў.
Шчасця і спаўнення жаданняў усім у год Пацука!

Аліна Бялка

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии