У пошуках страчанага

0

У пошуках страчанагаЦудоўным падарункам аматарам беларускай старасвеччыны стала кніга «У пошуках страчанага», у якой адлюстравана гісторыя нашай краіны на старых фотапаштоўках. З’явілася кніга напрыканцы 2007 года і ўжо паспела атрымаць станоўчыя водгукі.

Хваліць кнігу ёсць за што. Адразу кідаецца ў вочы выдатнае паліграфічнае выкананне. Да таго ж прыгожа, у стылі пачатку ХХ стагоддзя і адначасова па-сучаснаму пададзены візуальны матэрыял. Вабіць вобразны і лёгкі для ўспрымання літаратурны каментарый да кожнага з раздзелаў, зроблены вядомым пісьменнікам і краязнаўцам Алесем Карлюкевічам. Але самае галоўнае, дзеля чаго ажыццёўлена выданне, — гэта ілюстрацыі - старадаўнія фотапаштоўкі з дарэвалюцыйнымі відамі гарадоў і мястэчак, якія прадаставіў калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў.
Асаблівая ўвага складальнікамі надаецца гарадам, якія цяпер з’яўляюцца абласнымі цэнтрамі. Пасля матэрыялаў пра іх ідуць раздзелы, прысвечаныя адпаведным абласцям. Для раздзела «Мінская вобласць» застаўкай з’яўляецца слуцкі краявід з добра ўзнаваемым будынкам духоўнага вучылішча, у якім цяпер размяшчаецца медыцынскі каледж, і з манастырскай брамай за ім.
Слуцк, акрамя таго, прадстаўлены яшчэ чатырмя паштоўкамі, на якіх можна ўбачыць паўнаводную Случ з забудовай яе берагоў і цэнтр горада з Мікалаеўскім саборам у далечыні; вуліцу Шырокую з будынкамі мужчынскай гімназіі і рэфармацкім храмам; каталіцкі (былы бернардзінскі) касцёл; перспектыву вуліцы Шасейнай. Вядома, што ў сапраўднасці слуцкіх фотапаштовак існуе значна больш, таму хацелася б і ў згаданым выданні іх убачыць большую колькасць. Аднак падобныя пажаданні аўтары кнігі, несумненна, маглі б пачуць не толькі ў Слуцку.
Выданне з’явілася як натуральны працяг праекта, што некалькі гадоў ажыццяўляе газета «СБ. Беларусь сегодня». У яе нумарах кожную пятніцу (раней у суботу) можна знайсці рэтрарубрыку з назвай «В поисках утраченного», якая ілюстрыруецца фотапаштоўкамі з калекцыі Ліхадзедава. Але кніга — не паўтарэнне газетных публікацый, а поўнасцю самастойнае выданне. Таму той, хто набудзе кнігу і да таго ж збірае газетныя выразкі, апынецца не ў накладзе, бо цераз газету прайшло значна больш фотаздымкаў, чым выкарыстана ў кнізе, і суправаджальны тэкст там іншы.
Нашаму гораду газета прысвяціла два выпускі рубрыкі: ад 20 лістапада 2004 года з тэкстам Алега Белавусава і ад 8 кастрычніка 2005 года з тэкстам Алеся Карлюкевіча і Лявона Калядзінскага. Усяго разам там змешчана трынаццаць слуцкіх краявідаў і тыпаў жыхароў Случчыны.
Як адзначае ў пасляслоўі вядомы беларускі навуковец Адам Мальдзіс, кніга «У пошуках страчанага» — гэта павучальнае падарожжа ў часе і прасторы. Аўтары кнігі-альбома, лаўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэнне» Алесь Карлюкевіч і Уладзімір Ліхадзедаў, даюць чытачам магчымасць вярнуцца, нібы на «машыне часу», у пачатак мінулага дваццатага стагоддзя і адначасова «аб'ехаць» усю Беларусь, пабываць у кожнай вобласці і кожным раёне, паглядзець, як жа выглядалі іх гарады і мястэчкі сто год назад.
Новае выданне стане ў адзін рад і дапоўніць з’явіўшуюся дзесяць гадоў таму кнігу Вячаслава Целеша «Гарады Беларусі на старых паштоўках», якая ўжо стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Раскрываемая аўтарамі згаданых выданняў тэма цяпер вельмі папулярная і запатрабаваная. Несумненна, што цікавым быў бы і праект, які можна ажыццявіць у Слуцку — выдаць усе фотапаштоўкі Саміра Юхніна з відамі нашага горада і жыхароў яго наваколляў, што былі зроблены ў 1910-я гады. Менавіта частка з іх якраз і выкарыстана ў абодвух згаданых вышэй выданнях. Тым больш, што пачатак, можна лічыць, ёсць — некалі Слуцкім краязнаўчым музеям быў выдадзены буклет «Слуцк на старых паштоўках», дзе ў якасці ілюстрацый выкарыстана некалькі фотапаштовак з музейнага фонду. Але хацелася б атрымаць, па магчымасці, перавыданне поўнага набору слуцкіх фотапаштовак, якое, несумненна, зацікавіць многіх, знойдзе прымяненне як выдатны краязнаўчы матэрыял у мясцовых навучальных установах. Тым больш, што сучасныя паліграфічныя магчымасці дазваляюць зрабіць перавыданне па якасці амаль не саступаючае арыгіналу. Аднак гэта толькі магчымыя перспектывы, а сёння мы маем цудоўную кнігу-альбом, якая называецца «У пошуках страчанага».

Ігар Ціткоўскі

Реклама

Від на духоўнае вучылішча (цяпер тут медыцынскі каледж)
Від на духоўнае вучылішча (цяпер тут медыцынскі каледж)

Панарама вуліцы Шасейнай
Панарама вуліцы Шасейнай

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии