Салдат Перамогі з Пагосту

0

Васіль Адамавіч Малочка з ордэнам Айчыннай вайныУ пачатку лютага споўнілася 65 гадоў, як пад Сталінградам была ліквідавана нямецкая групіроўка войскаў. Менавіта пасля перамогі ў Сталінградскай бітве і пачалася вайна вызваленчая. Яна скончылася Перамогай у Германіі. Што каштавала гэта бойня абодвум бакам, цяжка ўявіць.
Тэлевізійны канал «Viasat History» 2 лютага паказаў тэлефільм «Сталінград» з кадрамі хронікі. На полі бітвы было падабрана каля 150 тысяч забітых нямецкіх салдат. Каля 100 тысяч немцаў трапілі ў палон, сярод іх — 2500 афіцэраў, у тым ліку 24 генералы разам з камандуючым Паўлюсам. Колькі загінула савецкіх салдат, не сказалі.

У мястэчку Пагост сярод другіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны жылі двое, хто ваяваў пад Сталінградам. Пра аднаго і будзе мой расказ.
У 1970 годзе я пабудаваўся на краю мястэчка насупраць Васіля Адамавіча Малочка. Нашы сядзібы раздзяляў выган з азярцом, у якім Васіль Адамавіч штолета расціў стада гусей. Яшчэ трымаў карову, бо без малака не мог жыць. Пасля вайны ён пакутаваў хваробай страўніка. Васіль Адамавіч любіў расказваць пра вайну, а я любіў слухаць. Часта расказваў не так, як пісалі ў кніжках. Працаваў настаўнікам. Толькі ніколі не даводзілася мне бачыць, каб ён выступаў перад людзьмі. Быў беспартыйным, не хадзіў на мітынгі, якія штогод у Дзень Перамогі праходзілі каля пастамента з танкам.

Вайна для яго пачалася пад Шаўляем у Літве. Прызвалі ў армію Васіля Адамавіча ў 1940 годзе. Служыў малодшым камандзірам. Сярод ваенных была адна думка: ваяваць будзем з немцамі. І абавязкова будзем наступаць, бо навошта ж выдалі ваенныя карты Захада. Бадзёры настрой сапсаваў мірны Дагавор з Германіяй. Салдаты адказваліся на занятках у полі капаць акопы, чакалі дэмабілізацыі. Аднойчы ў час такіх заняткаў на Захад прайшоў поезд з гарматамі і танкамі. «Гэта для міру ці для вайны?», — запытаў Васіль Адамавіч у салдат. Але тыя ўсяроўна не праяўлялі ніякай ахвоты для авалодання ваеннай навукай.
Аднак мірны дагавор быў парушаны, і пачалася вайна. Вельмі хутка прыйшлося адступаць у напрамку на Пскоў. Карт не было, ішлі ўсляпую. Пад Псковам атрымаў першае раненне. Пасля выздараўлення трапіў пад Вязьму. Перад канцом верасня фронт наблізіўся да Масквы. Тысячы савецкіх салдат трапілі ў акружэнне, аднак працягвалі трымаць абарону.

Реклама

Васіль Адамавіч успамінае: «Не было боепрыпасаў, не было харчавання. Прыйшлося есці коней. Неяк падняў кусок конскай скуры і пачаў жаваць. У выніку хапіў дызентэрыю. Так змучыўся, што не мог хадзіць. Мяне адправілі ў шпіталь. Гэта была хата лясніка. Лекаў ніякіх. У дзень давалі адну лыжку мукі: хочаш вары яе, хочаш — так з’еш. Аднойчы ў банку з пад кансервы насыпалі дзве лыжкі мукі - на мяне і на суседа. З гэтай банкай я папоўз да ручая набраць вады. Хадзіць сам не мог, а мой сусед не мог і поўзаць. Калі вяртаўся, убачыў як „Мессэр“ вынырнуў з-за лесу і трапіў бомбай у ляснічоўку. На месцы хаткі засталася яма. У гэты дзень я быў багаты: з’еў дзве лыжкі мукі…».
Ён выжыў. А калі фронт вярнуўся, доўга валяўся па шпіталям. У жніўні 1942 года адступаў у Сталінград. Калі пад Вязьмай бачыў нешта страшнае, што не паддавалася разуменню, дык у Сталінградзе ўбачыў ужо сапраўдны ад. Інакш гэта назваць немагчыма.
У горадзе жыло больш за 400 тысяч жыхароў. Эвакуіраваць іх было забаронена, каб не распаўсюджваць паніку. 24 жніўня 1942 года 1600 самалётаў сталі бамбіць горад. За першую нядзелю загінула больш за 40 тысяч чалавек. Гэта былі мірныя людзі. Горад гарэў, быў разбураны. 13 верасня немцы занялі яго амаль поўнасцю. Засталася вузкая палоска каля берага. Але вайна ішла па ўсяму гораду. Па падземным каналам савецкія салдаты выходзілі ў тыл немцаў і адбівалі заняты дом. У такія атакі не раз хадзіў Васіль Адамавіч. Пазней, калі пачаліся марозы, ён стаў камандзірам 45-ці міліметровай пушкі. Стралялі з яе прамой наводкай па розным цэлям. Ноччу прыводзілі папаўненне, а ўжо да наступнай ночы ён зноў заставаўся адзін. Загінуўшых складалі вакол пушкі сцяною. Яны аберагалі жывых ад куль і асколкаў.
Аднойчы Васілю Адамавічу даручылі намаляваць план абароны. Гэты план так спадабаўся камандзіру, што яго перавялі ў штаб пісарам. Так вось апошні месяц бітвы, да поўнай капітуляцыі немцаў, правёў у больш зацішным месцы, калі так можна было лічыць тую вузкую паласу берага.
Вайну Васіль Адамавіч скончыў у Германіі.

Не простым чалавекам ён быў пасля вайны. Вярнуўшыся ў разбураную вёску, стаў разводзіць гаспадарку. Калі авечка нарадзіла двух ягнят, дык на чырвонай стужцы павесіў на шыю медаль, а барану — ордэн. Скора з раёна за ім прыехала машына. Са Старобіна вярнуўся пешшу. Не пасадзілі…
Аднойчы ў Дзень Перамогі з чырвонымі сцягамі па вуліцы да пастамента з танкам ішлі ветэраны, школьнікі і жыхары мястэчка. Васіль Адамавіч стаяў каля плоту і сумна паглядаў на гэтае шэсце. Я падыйшоў і спытаў, чаму ён не з тымі ў калоне. У адказ: «З мяне хопіць самай вялікай узнагароды. Гэта — дараванае мне жыццё».
Летам уздоўж дарог касіў траву, каб карове было сена. Грузіў сена на каляску і саматугам вёз дамоў. З заду каляску папіхала жонка. За гэтай справай я зрабіў фотаздымак і паказаў сакратару райкама. Сакратар быў аднавяскоўцам і таксама прымаў удзел у абароне Сталінграда. Назаўтра да Васіля Адамавіча завітаў калгасны брыгадзір: «Бяры каня». Але ні разу паслугай каня не скарыстаўся: калі быў конь — не было калёс, былі калёсы — не было хамута. І Васіль Адамавіч на брыгаду больш не пайшоў. Нікому ні на што не скардзіўся.

Памёр ён ціха, як і жыў. Можа і банальна будзе гучаць, але, лічу, нам патрэбна захоўваць памяць як пра тых, хто загінуў на франтах, так і пра тых, хто вярнуўся з вайны. Выжыўшым дасталася яшчэ адна вайна — вайна з голадам, разбурэннем і, часам, з рэжымам.

Уладзімір Амяльчэня

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии