Дзякуй Богу за скрухі і радасць жыцця

0

Надзея Іванаўна Гучык дэманструе экспанаты музеяТак гавораць жыхары вёскі Паварчыцы, што ад пасёлка Старобін на захад за сінім лесам. Сёння ў гэтую вёску добрая дарога, па ёй прыязджаюць да бацькоў на аўто дзеці, каторыя па гэтай жа дарозе калісьці ўцяклі ў белы свет ад калгаснага жыцця.
Большасць вясковых дамовак стаіць пустымі. Нашчадкі прыязджаюць у іх на адпачынак.

Далей на захад практычна выезду не было. Там на многа вёрст прасціралася балота. І толькі пасля міліарацыі на гэтым балоце пачалі здабываць торфакрошку для Старобінскага торфабрыкетнага завода. У тыя часы калгас у вёсцы Паварчыцы ліквідавалі і вёску далучылі да калгасу ў Старобіне. Але гэта моладзь не затрымала на бацькаўшчыне. Калі пачаўся будавацца Салі-горск, вёска безнадзейна старэла. Яна перажыла калектывізацыю з высылкаю сваіх аднавяскоўцаў, рэпрэсіі трыццатых гадоў, нямецкую акупацыю і толькі ў так званы «росквіт сацыялізму» смярцельна занядбала. А гэтай вёсцы, як сведчаць гістарычныя даведкі, каля паўтысячы гадоў. Тут былі добра развіты рамёствы, людзі ўмелі працаваць і адпачываць. Ад пакаленняў да сваіх нашчадкаў перадаваліся народныя звычаі, песні.
Надзея Іванаўна Гучык у роднай весцы працуе загадчыкам клуба 37 гадоў, спявае і танцуе на сцэнах горада і раёна са сваімі аднавяскоўцамі. Але яна вядома не толькі гэтым. Надзея Іванаўна ў адным пакойчыку вясковага клуба адкрыла музей. Тут каля трахсот экспанатаў. Усе яны адлюстроўваюць былое жыццё аднавяскоўцаў ад нараджэння да скону веку. На сценах, як было прынята ў вёсцы, у рамах партэты людзей, якім сёння было б каля двух вякоў. «Вось такімі былі мы», — быццам гавораць яны нам. Тут поўны набор цяслярскіх прылад, без якіх не жылі лесавікі, ткацкі станок, якога ў раёне больш не засталося, поўныя наборы абутку і адзення мужчын і кабет, каторым не адзін век.
Не абышлося без Надзеі Іванаўны адраджэнне ў вёсцы сваёй малітоўні. Яшчэ да рэвалюцыі на тэрыторыю вясковых могілак перавезлі з-пад Старобіна будынак каплічкі. За савецкім часам яна прышла ў заняпад. На свае сродкі людзі абклалі каплічку цэглай, у памяшканні сцены абшылі і абклеілі. Іконы Боскай Мацеры, Ісуса Хрыста і Мікалая Цудатворца ў каплічку прынеслі мясцовыя жанчыны. «Тайную Вячэру» прывезлі людзі з Германіі, адну ікону падарыў айцец Мікалай Розаў, благачынны цэркваў Салігорскай акругі.
І ажыла каплічка. Па бласгалаўленню бацюшкі Генадзія, на царкоўныя святы і кожную нядзелю ў каплічцы Ніна Іванаўна Далматовіч праводзіць богаслужэнні. «Мы адрозніваемся ад царквы толькі тым, што спяваем усе разам. Мы ўсе любім спяваць», — гаворыць Ніна Іванаўна. — І дзякуем Богу за скрухі і радасць жыцця.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии