У апошнія гады адкрытае акцыянернае таварыства «Салігорскпрамбуд» стала адным з лідэраў сваёй галіны ў рэспубліцы. На яго долю прыпадае каля 10% аб’ёма работ, што выконваецца ў сістэме Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва краіны.
Толькі летась ААТ здала ў эксплуатацыю звыш 40 буйных аб’ектаў вытворчага і сацыяльнага прызначэння. Сярод іх — бальніца з паліклінікай у гарадскім пасёлку Старобін, станцыя штучнага асемянення жывёл у Нясвіжскім раёне, першая чарга цяплічнага комплексу ў агра-фірме «Ждановічы» Мінскага раёна, цэх сушкі, гранулявання і захоўвання жамерын Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, першая чарга Цэнтра камерцыйных сувязей у сталіцы і іншыя. Акрамя таго, салігарчане ўзвялі 210 катэджаў у вёсках свайго, Капыльскага, Любанскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў.
Важна і тое, што таварыства не спыняецца на дасягнутым, пастаянна развіваецца, набірае моц. Летась аб’ёмы вытворчасці, паводле слоў Мікалая Ашэйчыка, генеральнага дырэктара ААТ, выраслі на 20%, прадукцыйнасць працы — на 13, а рэнтабельнасць дасягнула 8%. Значна вырас і калектыў «Салігорскпрамбуда» — сёння ва ўсіх падраздзяленнях таварыства працуюць 4,5 тысячы чалавек.
За мінулы час «Салігорскпрамбуд» ператварыўся ў своеасаблівую палачку-выручалачку яму даручаюць самыя складаныя і адказныя аб’екты. Дапусцім, рэканструкцыю Слуцкага кансервавага завода або рэстаўрацыю палаца-паркавага ансамбля ў Няс-віжы. Яно і зразумела: таварыства ўмее працаваць хутка і якасна. Яскравым прыкладам першага можа стаць малочна-таварная ферма на тысячу кароў у вёсцы Заазер’е Лагойскага раёна, тэрмін ўзвядзення якой ААТ скараціла ў два з палавінай раза супраць нарматыўнага. А што тычыцца другога, то варта напомніць: салігарчане аднымі з першых у рэспубліцы атрымалі сертыфікат адпаведнасці сістэмы менэджмэнта якасці міжнародным стандартам серыі ІСО-9001.
Да таго ж «Салігорскпрамбуд» навучыўся на большасці аб’ектаў абыходзіцца ўласнымі сіламі — без прыцягнення субпадрадчыкаў з боку. Тут шчодра ўкладваюцца сродкі ў асваенне новых відаў будаўнічых работ, у стварэнне новых падраздзяленняў. Скажам, сантэхнічнага ўчастка, які займаецца мантажом сетак халоднага і гарачага водазабеспячэння, ацяплення, каналізацыі і вентыляцыі, або электрамантажнага ўчастка, спецыялісты якога здольны ўстанаўліваць і супрацьпажарную сігналізацыю. Падобных прыкладаў шмат. Усё гэта дазваляе дабіцца ўніверсальнасці, рэгуляваць рэнтабельнасць і зарабляць дадатковыя грошы.
Шырокі спектр выконваемых работ дае магчымасць ААТ прапаноўваць свае паслугі самым розным кліентам. Гэта можна прасачыць, дапусцім, па здадзеных у мінулым годзе абектах. У іх ліку сістэма газазабеспячэння 2-га і рэканструяваныя карты шламасховішчаў 4-га рудаўпраўленняў вытворчага аб’яднання «Беларуськалій», капітальна адрамантаваны праспект Міра ў родным Салігорску, цэх анадзіравання алюмінеевага профілю ста-лічнага сумеснага прадпрыемства «Алютэх» і многія іншыя. Таму і інвестыцыі ў асноўны капітал таварыства перавалілі летась за дзевятнаццаць мільярдаў рублёў.
Не шкадуе «Салігорскпрамбуд» грошай і на пакупку новай тэхнікі. У мінулым годзе, напрыклад, толькі ўпраўленне механізацыі і спецыяльных работ таварыства набыло тройку магутных бульдозераў Чалябінскага завода і пару — Арлоўскага, два вежавыя краны беларуска-расійскай вытворчас-ці, аўтагрэйдзер з імпартным навясным абсталяваннем, англійскі экскаватар і мноства іншага.
Асаблівую ўвагу ў таварыстве надаюць шматфункцыянальнай тэхніцы. Яна, як паказвае практыка, не толькі акупліваецца за кароткі перыяд, але і пашырае магчымасці будаўнікоў, садзей-нічае павышэнню рэнтабельнас-ці. Менавіта таму ў тым жа ўпраўленні летась з’явіўся агрэгат фірмы «Manitou», які здольны ператварацца і ў пад’ёмнік, і ў пагрузчык, і ў бульдозер, і ў экскаватар.
Варта адзначыць, што некаторыя аб’екты, якія ўзводзіць «Салігорскпрамбуд», тут і спраектавалі — у праектна-канструктарскай майстэрні таварыства. Дапусцім, тую ж самую Заазерскую малочнатаварную ферму, аграгарадок “Цімкавічы” Капыльскага раёна і іншае. У галіне даўно наспела праблема, звязаная з недахопам праектных сіл. З-за таго будаўнікі даволі часта атрымліваюць належную дакументацыю на ўзводзімыя аб’екты з запозніваннем. А гэта, відавочна, цягне за сабой дадатковыя цяжкасці.
Майстэрня вырашае праблему. Нездарма штат гэтага падраздзялення расце, па выразу генеральнага дырэктара, не па днях, а па гадзінах. Зараз распрацоўкай праектаў займаюцца сорак спецыялістаў. Сёлета іх лік павялічыцца да сотні. Каб размясціць усіх, таварыства шпаркі-мі тэмпамі вядзе рэканструкцыю ўласнага офіса.
Зараз тут рыхтуюць дакументацыю па рэканструкцыі Слуцкага кансервавага завода, на ўзвядзенне жылых дамоў сядзібнага тыпу ў вёсках Сорагі, Кірава, Зяньковічы і Квасынічы Слуцкага раёна, Рачэнь і Забалаць — Любанскага, у гарадскім пасёлку Старобін — Салігорскага. Гэты пералік можна доўжыць і доўжыць.
Дарэчы, адносіны да тэндэраў у кіраўніцтва «Салігорскпрамбуда» неадназначныя — вельмі шмат у правядзенні тых конкурсаў негатыўных момантаў. Аднак гэта не перашкаджае ААТ удзельнічаць у тэндэрах і перамагаць. У шэрагу такіх перамог падрад на будаўніцтва другой ніткі вадавода Бялевічы — Салігорск, спартыўна-відовішчнага комплексу ў сталіцы беларускіх шахцёраў, сістэмы газазабеспячэння 3РУ «Беларуськалія», новага цэментнага завода ў Крычаве. Узвядзенне згаданых і многіх другіх аб’ектаў разгорнецца ўжо сёлета.
Шмат робіцца ў «Салігорскпрамбудзе» і для стварэння добрых умоў для працы будаўнікоў. Скажам, вельмі важным дасягненнем Мікалай Ашэйчык лічыць належную арганізацыю будаў-нічай пляцоўкі, укаранёную ў мінулым годзе. Цяпер на тую пляцоўку можна трапіць толькі праз «вяртушку» на прахадной. Вартаўнік паралельна выконвае ролю і качагара: у адным з вагончыкаў размешчана міні-кацельня, якая падае цяпло ў памяшканні, дзе пераапранаюцца, харчуюцца і адпачываюць рабочыя.
У планах ААТ на гэты год і значнае павышэнне заработнай платы будаўнікам — да трыццаці-сарака долараў за змену. Дзеля таго тут намечаны цэлы комплекс мерапрыемстваў па павышэнню прадукцыйнасці і якасці працы, укараненню самых перадавых тэхналогій. Іншымі словамі, у будучае «Салігорскпрамбуд» гля-дзіць з аптымізмам.
Сяргей Любшын