Беларускі настаўнік

0

Алена Казіміраўна Балоцька на ўрокуПра гэту настаўніцу ўпершыню пачуў у аўтобусе. З калійнага камбіната вярталася змена. У перапоўненым аўтобусе жанчына скардзілася сваёй сяброўцы: «Сынок заявіў, што, скончыўшы Салігорскі горна-хімічны тэхнікум, будзе паступаць вучыцца на настаўніка беларускай мовы”.

Па словах жанчыны, яму так спадабалася Алена Казіміраўна, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры ў тэхнікума, што ён гатоў шахцёрскую прафесію памяняць на “бедную настаўніцкую».
Скора ў кабінеце беларускай мовы вучзбнай установы адбылася наша сустрэча з Аленай Казіміраўнай Балоцька. Прыветлівая ўсмешка і лагодная родная мова зрабіла нас быццам даўно знаёмымі.
“Студэнта таго ведаю. Кім быць, ён вырашыць сам. Як калісьці вырашыла я. Працаваць педагогам і абавязкова выкладаць родную мову марыла з дзяцінства, бо родная мова — у крыві, яна як паветра. У побыце карыстаюся толькі ею, хоць даводзілася мне выступаць у розных аўдыторыях. Аднойчы чытала лекцыю для студэнтаў з Екацярынбурга, што на Урале. Гаварыла пра мастацтва, пра культуру і прыгажосць роднай Беларусі і не заўважыла, як перайшла на родную мову. Калі скончыла гаварыць, аўдыторыя ўзарвалася апладысментамі. Слухачы мяне зразумелі, а пасля гаварылі, якая наша мова мілагучная. Адзін кампазітар папрасіў падарыць яму верш, каб напісаць музыку. Я заўсёды веру, што наша мова не горшая за другія”.
Яна гаварыла, і я зразумеў, чаму студэнт пажадаў стаць выкладчыкам.
“Працую са студэнтамі тэхнікума і БНТУ. Людзі дарослыя. Да вучобы адносяцца сур’ёзна. На развітанне шкадуюць, што мала адведзена гадзін на заняткі. Часта арганізоўваю сустрэчы студэнтаў з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі. У гасцях былі апошнім часам паэт Хвёдар Гурыновіч, галоўны рэдактар газеты «Калійшчык Салігорска» — ён калісьці вучыўся і ў нашым тэхнікуме. Выступала перад студэнтамі паэтка Людміла Кліменя, настаўніца 11-й школы, а таксама Вольга Іпатава, Уладзімір Ліпскі”.
На развітанне я папрасіў паказаць Дыплом грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы”, якім узнагародзілі яе па выніках 2007года.
“Лічу сябе шчаслівай, бо мары мае здзейсніліся. Трыццаць тры гады адпрацавала беларускім настаўнікам”.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии