Вясковыя дынастыі: пяць «каленаў» роду Малевічаў

0

Не шмат сёння знойдзецца ахвочых, асабліва сярод гаражанаў з былых сяльчанаў па нараджэнню, якія шукалі бы заснавальнікаў сваіх вёсак, вялікіх і малых. Нават рэдка хто назаве імёны сваіх прабабуль і прадзядуляў.

А вось 85-гадовая случчанка бабуля Саша захавала ясны розум, добрую памяць не толькі на падзеі дзяцінства, апаленых мінулай вайной, а і на радаслоўную заснавальнікаў яе вёскі Боркі - Малевічаў. Ад іх за 160 гадоў і парадзілася аж пяць «каленаў». Аляксандра Аляксандраўна Дзмітрыенка паходзіць з трэцяга «калена». Жыве яна ў блакітным драўляным доме з шасцю вялікімі вокнамі на рагу двух ціхіх вуліц. Трымае на падворку сабаку, курэй, ужо некалькі гадоў вырошчвае вінаград і здымае нядрэнныя ўраджаі.
Перад вайной паспела скончыць дзевяць класаў ва Урэцкай школе, удзельніца Вялікай Айчынный вайны. Слухаць яе сповед аб перажытым, убачаны нібы чытаць прыгодніцкую кнігу. З ёю і сустрэўся наш пазаштатны карэспандэнт, які ў дзяцінстве жыў па суседству з Малевічамі.

— Аляксандра Аляксандраўна, як памятаю, з дзя-цінства, усе звалі Вас Сашай?
— Праўда, і мяне, і майго старэйшага за мяне на дзесяць гадоў брата бацькі назвалі Сашамі. Вяскоўцы яго па вулічнаму звалі Сашыкам, а мяне — проста Саша.

Реклама

— Адкуль пайшоў род Малевічаў, хто кінуў першае зерне на высечаны ў бяровым лесе пагорак, які і стаў падмуркам вёскі з лясной назвай Боркі?
— Ад майго дзядулі Сцяпана Ёсіпавіча Малевіча. Як распавядала мая маці, ён прыехаў з Заходняй Беларусі, раёна не памятаю, з вёскі Малевічы. Купіў тут зямлю, ажаніўся, пабудаваў хату. З жонкай Кацярынай займелі пяцёра сыноў і дзве дачкі. Па тым часе бралі ў разлік, што калі сыны стануць дарослымі, трэба кожнаму даць па надзелу зямлі з бацькавага «кавалка». Так яно і выйшла.
— Няўжо ніводзін з сыноў не схацеў, як кажуць, навастрыць лыжы на горад, да якога было нейкіх пятнаццаць кіламетраў?
— Не схацелі. А трымалі па невялікаму надзелу зямлі, пажаніліся: Сымон, Іван, Павел, Міхаіл. Дзве дачкі выйшлі замуж за межы раёна. Мой бацька, Аляксандр, быў прызваны на службу ў Балтыйскі флот у 1902 годзе. Вярнуўся праз пяць гадоў. Мама ўспамінала, што прыгажэйшага мужчыны ў вёсцы не было. Сама я слаба памятаю бацьку: ён памёр яшчэ не старым — у 1929 годзе, калі мне ішоў сёмы гадок. Памятаю толькі, як людзі ішлі за труною і плакалі.
Маму нашу бацька пасля вяртання са службы прывёз з вёскі Клешаў Слуцкага раёна. Яна таксама была прыгажуня, нарадзіла пяцёра сыноў і дзве дзяўчыны, я была самай маладзейшай. А самы старэйшы быў Мікалай, з 1909 году нараджэння. Ад бацькі ў мамы захавалася яго флотская чайная лыжачка, дык яна яе на цясёмцы насіла ўсё жыццё на шыі як амулет.

— Па прыкладу Вашага дзядулі Сцяпана, бацькавы сыны пасля рэвалюцыі 1917 году ўжо не мелі жадання заставацца ў вёсцы, уступаць у калгас? Ці не праўда?
— Так яно і выйшла. Хлапцоў клікалі навука, гарады, тады гэта было модна. Чацвёра братоў звязалі свой лёс са службай у арміі. Мікалай закончыў службу на Далёкім Усходзе ў званні палкоўніка, удзельнічаў у вайне з Японіяй у жніўні 1945 года. Пасля выхада на пенсію жыў у Магілёве.
Даслужыўся да палкоўніка і брат Федзя, яны з жонкай перажылі ў Ленінградзе 900-дзённую блакаду, ледзь выжылі. Цяпер яму ўжо 98 гадоў, жыве ў Мінску, звоніць мне, я — яму.

— А ў марскі флот па прыкладу бацькі так ніхто не пажадаў падацца?
— Мусіць, не ад жадання гэта залежыла. Але брат Павел, скончыўшы перад вайной лётнае вучылішча, праслужыў усю вайну пілотам бамбардыроўшчыка ў марской авіяцыі, пад Мурманскам. Не раз вяртаўся з палёту на апошніх кроплях паліва. Апош-нія гады, на пенсіі, пражываў у Мінску. Брата Ваню вайна застала ў Вільнюсе, дзе ён служыў у войску. Адступаў з усімі, хто не трапіў у акружэнне, ля вёскі Каменка ў Калінінскай вобласці ён загінуў пры бамбёжцы. Мы з мамай пасля вайны ездзілі туды і адшукалі магілку.

— А цяпер вернемся да Вашага пятага брата — Сашкі. Памятаю, летам 1942 года вёску ашаламіла вестка, што яго забрала амговіцкая паліцыя і ён болей не вярнуўся.
— Сашку было тады трыццаць гадоў, ён удзельнічаў у фінскай вайне 1939−1940 гадоў, нежанатым быў. Нікуды да вайны з вёскі не паехаў, бо трэба было дапамагаць маці, весці ўласную гаспадарку. Арыштавалі яго па даносу нейкага злаўмысніка за сувязь з партызанамі. Сашык трымаў яе з вясны таго году. Пасля арышта я ездзіла ў Слуцк у камендатуру, і даведалася, што яго і яшчэ 12 арыштаваных за сувязь з партызанамі павезлі за горад на грузавіку. Хутчэй за ўсё ў Гараваху: там немцы і паліцаі расстрэльвалі людзей.

— А як склаўся лёс другога пакалення — бацькавых братоў, якія засталіся ў вёсцы?
— Двое, Міхаіл і Сымон, уступілі ў калгас, а Іван і Павел засталіся аднаасобнікамі, мелі па вялікаму надзелу зямлі. Іх улады не чапалі, можа таму, што сын Сымона працаваў да вайны старшынёй сельсавета.

— З чаго пачаўся Ваш шлях у партызаны?
— З імі я трымала сувязь з вясны 1943 году, усе ў вёсцы ведалі пра гэта, таму мы з мамай сабраліся і пайшлі на Любаншчыну. Мяне залічылі ў партызанскую брыгаду імя Чкалава, там чакаў нас мой добры сябра Георгій Дзмітрыенка. У пачатку вайны па раненню ён трапіў у Любань, там у бальніцы паспелі да прыходу немцаў выняць у яго з нагі асколак бомбы. Адтуль і падаўся ў партызаны, не раз прыходзіў у нашу вёску. Ён нас з мамай і сустрэў. Мяне і яшчэ двух дзяўчат залічылі ў групу аховы. З вінтоўкамі мы неслі варту днём і ноччу вакол партызанскай базы. Давялося нямала перажыць усяго — і холада, і страху.
Пасля вяртання летам 1944 году нашых воінаў, мы вярнуліся ў Слуцк. Георгій уладкаваўся інжынерам на аўтарамонтным заводзе, я там у бухгалтэрыі працавала. Нам там і кватэрку далі.
Гэты дом, дзе жыву, ён фактычна сваімі рукамі збудаваў, толькі зруб узвялі наёмныя цесляры. Майстравы быў чалавек, сам у атрадзе вырабіў аўтамат ППШ, ён у гарадскім музеі на стэндзе выстаўлены побач з яго баявымі ўзнагародамі. А я пасля яго смерці дажываю свой век адна, бо дзяцей у нас не было. Засталіся пляменнікі, жывуць у другіх гарадах. Суседзі ў мяне добрыя, праведваюць, калі што трэба, то дапамагаюць.
Я падзячыў ёй за цікавы ўспамін аб сваіх продках Малевічах, і мы развіталіся.

Міхась Тычына

Вясковыя дынастыі: пяць

Групавое фота трэццяга «калена» Малевічаў пасляваеннай пары: у ніжнім радку злева направа — брат Сашы Федзя і яго дзве дачкі, паміж імі маці, Марыя Ёсіпаўна, матчын родны брат Іван і яе сын Мікалай. Зверху злева направа — Саша, брата Федзі жонка, Георгій, муж Сашы, яе сястра Надзя, брат Павел і жонка брата Мікалая
Здымак 1946 году.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии