Перспектывы малога горада

0

Перспектывы малога горадаЛетась у рэалізацыю мерапрыемстваў комплекснай праграмы развіцця малых і сярэдніх гарадоў, якія тычацца Любані, укладзена звыш пяці мільярдаў рублёў з розных крыніц фінансавання.
Паводле слоў Ірыны Медушэўскай, намесніка старшыні райвыканкоама па эканоміцы, гэтыя сродкі зрасходаваны на выкананне дзесятка важных інвестыцыйных праектаў.

Прамысловасць
Дарэчы, два з тых праектаў уключаны ў прэзідэнцкую праграму. Першы — будаўніцтва цэха па перапрацоўцы рыбы ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Рыбакамбінат «Любань». Праектная магутнасць гэтага цэха — пяцьсот тон прадукцыі ў год, а кошт — тры мільярды рублёў. Грошы рыбаводам павінны выдаткаваць з рэспубліканскага бюджэту. Летась на згаданы аб’ект была патрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя. Само ж узвядзенне разгорнецца сёлета. Угэтым годзе цэх і здадуць.
Другі - рэканструкцыя ААТ «Любанскі сыраробны завод». Тут будзе зманціравана новая аўтаматызаваная лінія па вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў. Такая лінія дазволіць значна пашырыць асартымент прадукцыі, павялічыць аб’ёмы яе выпуску ў паўтара-два разы. Чакаецца, што ў верасні гэтага года абсталяванне пачне дзейнічаць. І вельмі дарэчы: значная частка вырабаў прадпрыемства ідзе на экспарт — у Галандныю, Германію, Сінгапур, Японію, Філіпіны, Грузію, Казахстан. Надзейным гандлёвым партнёрам з’яўляецца і Расія. Для больш актыўнага асваення рынка суседняй краіны ААТ летась адкрыла ў Маскве свой Гандлёвы дом.
Яшчэ пазалетась распачалася буйнамаштабная рэканструкцыя мясцовага хлебазавода, агульны кошт якой ацэньваецца ў амаль два мільярды рублёў. За даволі кароткі тэрмін на прадпрыемстве завершаны ўнутраны рамонт усіх памяшканняў, зманціравана новае нямецкае і шведскае аўтаматызаванае абсталяванне па вытворчасці хлеба і хлеба-булачных вырабаў з розных гатункаў мукі. Акрамя таго, на заводзе ўстаноўлена машына для нарэзкі і ўпакоўкі прадукцыі і іншая сучасная апаратура. У бягучым годзе належыць правесці фасадныя работы, добраўпарадкаваць тэрыторыю, заасфальтаваць пад’езды. На тое спатрэбіцца яшчэ пяцьсот мільёнаў рублёў.

Інфраструктура
Летась мясцовая ПМК-101 пабудавала і здала новы напорны калектар гарадской каналізацыі, які абышоўся без малога ў мільярд рублёў. Распачата таксама ўзвядзенне і такога вельмі важнага для горада аб’екта, як станцыя абезжалезвання вады. На згаданую справу адпушчана амаль чатыры з паловай мільярда рублёў. Увод аб’екта намечаны на гэты год.
Шмат выконвалася і іншай работы, накіраванай на развіццё інфраструктуры горада, на яго добраўпарадкаванне. У раённым вузле электрычнай сувязі праведзена замена аўтаматычнай тэлефоннай станцыі на электронную, што каштавала каля васьмісот мільёнаў рублёў. Горад дадаткова атрымаў сто дваццаць тэлефонных нумароў. У першым квартале 2008 года будзе завершана газіфікацыя двух любанскіх прадпрыемстваў - сыраробнага і крухмальнага заводаў.

Реклама

Гандаль
Актыўна папрацавала ў Любані летась раённае спажывецкае таварыства. Яно пабудавала і адкрыла тут два новыя міні-магазіны — «Любава» і «Стыль». А нядаўна гандляры адкрылі ў горадзе яшчэ і новую цырульню. Вялікую дапамогу таварыству аказаў аддзел занятасці насельніцтва. І не толькі фінансавую, а і ў абучэнні спецыялістаў-цырульнікаў.
Зараз гандляры рыхтуюць праектна-каштарысную дакументацыю на ўзвядзенне ў Любані яшчэ аднаго вялікага магазіна. Ён будзе абслугоўваць жыхароў новага мікрараёна горада.
Дынамічна развіваюць сваю гандлёвую сетку ў Любані і прадпрымальнікі. Летась, напрыклад, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «ГалДар» адкрыла тут свой вялікі магазін «Міленіум».
Скора расчыняць дзверы яшчэ дзве гандлёвыя кропкі камерсантаў. Варта заўважыць, што ў сферы гандлю ў мінулым годзе створана ледзь не самая большая колькасць дадатковых рабочых месц.

Мара кіраўніцтва
Яшчэ больш значна знізіўся б узровень беспрацоўя, каб удалося рэалізаваць даўнюю задуму раённага кіраўніцтва — наладзіць вытворчасць цэменту ў ААТ «Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў».
Такая вытворчасць магла б штогод забяспечваць амаль палову патрэбнасці сталічнай вобласці ў цэменце. Сыравінная база дазваляе.
Аднак вынік перапіскі мясцовага начальства з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва не надта аптымістычны: міністэрскія чыноўнікі лічаць выпуск такой прадукцыі на камбінаце немэтазгодным. Магчыма, у гэтым годзе праблему ўдасцца нейкім чынам вырашыць.

Сацыяльная сфера
Значныя фінансавыя сродкі ўкладваліся ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў аховы здароўя. Напрыклад, у цэнтральнай раённай бальніцы ўстанавілі сучаснае рэнтгеналагічнае абсталяванне.
Працягвалася камп’ютэрызацыя ўстаноў культуры: за апошнія два гады ў гэту справу ўклалі сорак з паловай мільёнаў рублёў. Дарэчы, у мінулым годзе пачалі нарэшце ўзводзіць прыбудову да раённага Дома культуры, дзе размесціцца санвузел.
У Любані разгарнулася ўзвядзенне і Школы мастацтваў, закончыць якое плануецца сёлета. Згодна каштарысу, будаўніцтва той дзіцячай установы абыйдзецца дзяржаўнай казне ў шэсць мільярдаў рублёў.
А вось увод гарадскога фізкультурна-аздараўленчага комплексу, узводзіць які ўзяліся гадоў пятнаццаць назад, запланаваны на 2010-ты год. Каб завяршыць гэты доўгабуд, спатрэбіцца тры з паловай мільярда рублёў.
Ёсць і рэалізаваныя інвестыцыйныя праекты. Летась у гарадскім пасёлку Урэчча пачало сваю дзейнасць аддзяленне кругласутачнага прабывання пенсія-нераў і інвалідаў, адкрытае пры дзяржаўнай установе «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Любанскага раёна». На рэканструкцыю будыніны, дзе размясціўся Дом міласэрнасці, было выдаткавана амаль васемсот трыццаць мільёнаў рублёў.

Сяргей Любшын

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии