Мой першы сардэчны боль

0

Той сонечны чэрвеньскі дзень 43-га пачынаўся для нашай вёскі з цішыні якую парушала хіба што шчабятанне птушак на дрэвах. Нішто не прадвяшчала чалавечых трагедый нават з паяўлення на вуліцы двух партызанаў, якія скіравалі да нашай Мой першы сардэчны больхаты. Адзін быў у чорным касцюме, высокі ростам, па гутарцы інтэлігентны, другі — маладзейшы, у суконным цёмна-зялёным галіфэ і шэранькім пінжаку. Паставіўшы вінтоўкі ў чалеснеку, папрасілі ў нашай маці паесці. Жбан малака і паўбохана хлеба яны з апетытам з’елі і выйшлі з хаты. А гадзіны праз дзве ў вёску на трох павозках прыехала чалавек пятнаццаць паліцаяў, каб рэквізаваць маёмасць пайшоўшага ў гэту ноч да партызанаў чалавека. Пакінулі карову, свінчо, курэй і сякі-такі хатні небагаты набытак. Пэўна, нехта з вяскоўцаў паспеў на світанку дабрацца ў горад і паведаміць паліцыі аб пераходзе ў партызаны. І калі ўжо павозкі іх былі загружаны тым набыткам, нечакана ў канцы вуліцы пачулася гулкая чарга з нямецкага кулямёта. Услед усчалася страляніна з вінтовак, адзін паліцай бег міма нашай хаты і раз-пораз лупіў , мусіць, са страху ўгару, тое рабілі і другія «бобікі», якія, напэўна, думалі, што ў вёску ўварваліся партызаны. Потым пачулася доўгая чарга з кулямёта — і ўсё раптам заціхла. Праз хвілінаў пяць у двор з вуліцы ў слязах зайшла наша маці: «Забілі, гады, тых двух партызанаў, што заходзілі да нас, ляжаць бедныя ў крыві ля канюшні».
Тут ужо стала вядома, што яны раніцай нанялі ў падводчыкі 13-гадовага хлапчука Косціка Сыцьку і загадалі везці іх у суседнюю вёску Таліца. Там для іх напалілі лазню, хлопцы папарыліся як след, гасцінная гаспадыня той лазні пачаставала партызанаў самагонкай. Выпіўшы, ім схацелася зноў вяртацца ў нашу вёску — сярод белага дня, не ведаючы абстаноўкі там. І калі падвода наблізілася да краю вёскі, дзе за кулямётам ляжаў паліцай, той, крыкнуўшы партызанам: «Куды вы лезеце, дурні, назад!», даў чаргу паверх іх галоў. Але гэта стала сігналам для астатніх паліцаяў. Адзін з іх, ужо пажылы, у саломеным капялюшы, выбег наперарэз уцекачам і доўгай чаргой з кулямёта зрэзаў абодвух напавал.
Хлапечая цікавасць прывяла мяне пазней да месца трагедыі. У таго, што быў у чорным касцюме, кулі прабілі грудзі, а нехта з паліцаяў яшчэ праламаў прыкладам чэрап. У маладзейшага партызана знялі штаны і пінжак, і яго амаль аголены труп ляжаў у лужыні крыві. Побач вылялася акрываўленая газета «Правда» за май 1943-га года. Яе я забраў з сабою, каб хоць штосьці даведацца аб падзеях на далёкім фронце. Але пасля ўсяго там убачанага, перажытога (упершыню за два гады акупацыі я ўбачыў забітых людзей), у мяне тры дні балела сэрца — такі быў шок ад убачанага забойства.
Пад вечар наш бацька збіў з дошак шырокую труну, паклаў у яе трупы партызанаў. З дзядулям яны адвезлі іх на могілкі, выкапалі магілу і пахавалі. Хто былі нябожчыкі пры жыцці, з якога партызанскага атрада, так і засталося тайнай, бо ніякіх дакументаў пры іх не знайшлося. Пасля вайны на той магіле землякі паставілі бятонны помнік.
Цяпер, праз гады, думаеш: а як жа балелі сэрцы тых 18-гадовых юнакоў, што ў 1944 годзе па прызыву палявога ваенкамата пайшлі на фронт і бачылі на полі бою, побач, у траншэі, не два, а дзесяткі трупаў таварышаў, з якімі ішлі разам у атаку? А сардэчны боль іх мацярок, што атрымлівалі «пахаронкі» на сыноў? Яго, той боль, нічым не вымераеш.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии